Як паведамілі ў лісце БелаПАН мясцовыя жыхары, у цэнтры горада зараз мыюць дахі, мяняюць платы, сцелюць новы асфальт. Пры гэтым на ўскраінах горада людзі пакутуюць ад бездарожжа. Звароты да мясцовай улады не прынеслі выніку. У адказе з райвыканкама на калектыўны зварот жыхароў вуліц Свабоды і Багдановіча гаворыцца, што «пры выдзяленні дадатковага фінансавання» дарога будзе зроблена, і «пытанне знаходзіцца на кантролі».

«Дваццаць гадоў мы жывем на вуліцах Багдановіча і Свабоды, а добраўпарадкавання не бачыла ні разу. Усё, што адбывалася з нашай дарогай, — гэта слабое грэйдзіраванне. На ўчастку дарогі ёсць багністая мясцовасць, па якой не прайсці пасля дажджоў. Дзеці ідуць са школы і стаяць каля непраходнай лужыны — чакаюць дапамогі ад дарослых. Цяпер цэнтр рыхтуюць да «Дажынак», а мы і нашы дзеці вымушаныя хадзіць па гразі, скакаць праз лужыны толькі таму, што нашы вуліцы не ўбачаць высокапастаўленыя чыноўнікі і не пакажуць па рэспубліканскім тэлебачанні», — напісалі ў рэдакцыю жыхары райцэнтра.

Да ліста яны прыклалі фатаграфіі, якія ілюструюць гнятлівы стан дарогі — у выбоінах, лужынах, без асфальтавага пакрыцця.

Цэнтр Жыткавічаў рыхтуюць да абласных "Дажынак", а жыхары ўскраін скардзяцца на бездарожжа

Першапачаткова абласныя «Дажынкі» планаваліся ў Жыткавічах у мінулыя выхадныя, аднак былі перанесеныя на больш позні тэрмін. Прычыны не называліся. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, 24 лістапада Буда-Кашалёўскі раён плануе наведаць Аляксандр Лукашэнка і сілы абласной вертыкалі былі накіраваныя на падрыхтоўку візіту кіраўніка дзяржавы.