На чэмпіянат свету – за свае грошы

34

Паколькі міжнародныя выступленні айчыных гіравікоў не фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэта на сталай аснове, беларуская зборная паедзе ў Італію ў малаколькасным складзе.

На міланскі памост плануюць выйсці ўсяго трое нашых спартсменаў – гродзенец Яўген Назарэвіч, Аляксандр Рэвін з Асіповіч і мінчанін Сяргей Мацкевіч.

На чэмпіянат свету – за свае грошы
Фота з архіва

— Канкурэнцыя на чэмпіянаце свеце па гіравым марафоне будзе дастойная, — распавядае ў размове з “Народнай Воляй” адзін з удзельнікаў першынства Сяргей Мацкевіч. – На памост плануюць выйсці каля 150 атлетаў з 21 краіны. Я буду выступаць у наступнай дысцыпліне: штуршок гіры вагой у 32 кілаграмы цягам 30 хвілін. Яўген Назарэвіч выступіць у рыўку гіры вагой у 32 кіло за 30 хвілін, а Аляксандр Рэвін прыме ўдзел у спаборніцтвах ветэранаў ва ўзроставай катэгорыі ад 50 да 59 гадоў.

— Ці можаце з упэўненасцю сказаць, што абавязкова прывязеце ў Беларусь медаль сусветнага першынства?

— Самаўпэўненасць – дрэнная якасць, асабліва ў спорце. У нас так кажуць: “Выйдзі на памост – ён пакажа”. Канечне, я рыхтаваўся, настройваўся. Кваліфікацыйны нарматыў, які дазволіў мне прайсці адбор на сусветнае першынство, я выканаў на чэмпіянаце Беларусі, які нядаўна прайшоў у Мар’інай Горцы. Настрой, канечне, баявы. На сённяшні дзень сусветны рэкорд у той дысцыпліне, дзе я буду выступаць, складае 510 уздымаў. Буду спрабаваць яго палепшыць, а як атрымаецца, пабачым…

Не сакрэт, што на чэмпіянат свету ў Італію беларускія атлеты ляцяць цалкам за свой кошт. Выдаткі, дарэчы, немалыя – дарога, пражыванне і аплата ўнёску для ўдзелу ў сусветным першынстве абыйшлася Сяргею Мацкевічу прыкладна ў 700 еўра.

Не выключана, што надыйдуць такія часы, калі выступленні беларускіх гіравікоў на буйных міжнародных спаборніцтвах будуць часткова аплочвацца дзяржавай.

Справа ў тым, што ў перспектыве гіравы спорт можа быць уключаны ў спіс алімпійскіх відаў. Гэта стала вядома пасля пасяджэння Генеральнай асацыяцыі міжнародных спартыўных федэрацый, што прайшло ў швейцарскай Лазане. Сямі відам спорту быў прызначаны статус “пад назіраннем”. Гэта азначае, што спорт прызнаецца афіцыйным на міжнародным узроўні і ў далёкай перспектыве можа ўвайсці ў лік тых, якія трапяць у праграму Алімпійскіх гульняў.

У гэты раз сярод сямі “экзатычных” відаў спорту апынуліся танцы на шасце, доджбол (больш вядомы нам, як “вышыбалы”, настольны футбол, футгольф, гіравы спорт і нават матч-покер).

Поделиться ссылкой: