Колькі кандыдатаў у дэпутаты зможа вылучыць ваша партыя на выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў?

10

Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

– Калі б былі сапраўдныя выбары, то мы вылучылі б 1000 чалавек. А так – чалавек 60 ад нас будзе. І гэта тыя людзі, у якіх мы больш-менш верым, якія прайшлі праз навучанне і якія не зробяць потым для нас праблем, калі іх прызначаць дэпутатамі. Так, мы прагназуем, што падчас гэтай кампаніі ўлада зноў будзе “прызначаць” кагосьці з апазіцыі, і таму мы вылучаем тых кандыдатаў, за якіх ні пры якіх абставінах сорамна не будзе.

Георгій АТАМАНАЎ, другі сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі:

– Па горадзе Мінску магу сказаць дакладна: мы вылучаем кандытатаў па ўсіх 57 акругах. Што тычыцца лічбаў па рэспубліцы, то пакуль не гатовы назваць дакладныя звесткі, бо гэтым займаюцца абласныя і раённыя камітэты партыі. ЦК проста каардынуе іх дзейнасць, а на месцах ужо самі вырашаюць, каго хочуць бачыць дэпутатам.

Алег ГАЙДУКЕВІЧ, першы намеснік старшыні Ліберальнай партыі Беларусі:

– Мы вылучым амаль у два разы болей, чым на мінулых мясцовых выбарах, калі было зарэгістравана крыху больш за 120 кандыдатаў. Таму цяпер будзе каля 300 кандыдатаў. Прычым усе яны будуць вылучаны ў абласныя і гарадскія Саветы – мы на гэта робім асноўны ўпор. Што тычыцца сельскіх і раённых, – то яны будуць ахоплены вельмі выбарачна.

Па Мінску і Мінскай вобласці нашы кандыдаты будуць ва ўсіх акругах. І па кожнай вобласці нашы людзі таксама будуць выстаўлены ў кожнай акрузе.

Трэба, каб людзі ведалі, што ЛДП – гэта не толькі Гайдукевіч, у нас шмат цікавых людзей.

Ірына ВЕШТАРД, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

– На сённяшні дзень па спісе, можа, і маем 80 чалавек, нават і больш. А колькі застанецца – будзе бачна.

Не думаю, што гэтыя выбары прынясуць нам поспех, што нашы кандыдаты стануць дэпутатамі. Мне не верыцца, што выбары будуць празрыстымі і справядлівымі, што я як назіральніца змагу ўвачавідкі назіраць за тым, як будуць лічыць галасы. Я больш веру ў тое, што ўлада, можа, там-сям і “прызначыць” дэпутатаў, як гэта здарылася падчас парламенцкіх выбараў.

Васіль ЗАДНЯПРАНЫ, старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці:

– Пакуль не гатовы назваць канкрэтныя лічбы: якраз напрыканцы тыдня будзем праводзіць пасяджэнне партыі на гэты конт. Але на выбары мы ідзём, а колькасць нашых вылучэнцаў абмяркоўваецца. Некалькі дзясяткаў чалавек як мінімум будзе.

Юрась БЕЛЕНЬКІ, выканаўца абавязкаў старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ:

– Калі будуць выбары, тады і вылучым кандыдатаў. А тое, што ў чарговы раз ладзіць рэжым, мы не лічым выбарамі. І мяне, шчыра кажучы, здзіўляюць людзі, якія раз за разам наступаюць на адны і тыя ж граблі. Цікава, як яны самі пры гэтым сябе адчуваюць? Так і хочацца ім парэкамендаваць: вы альбо крыжык здыміце, альбо трусы апраніце…

Уладзімір БЕЛАЗОР, старшыня Рэспубліканскай партыі:

– Мы пакуль думаем, ісці на выбары альбо не. І думаць ёсць над чым, прычым вельмі сур’ёзна. Напрыклад, што сёння прадстаўляюць сабой мясцовыя Саветы, які ўплыў яны маюць і на што?

Ці яшчэ – вось вы бачылі рэйтынг партый, які апублікаваў Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук? Там замест рэйтынгу партый – нейкія сацыялагічныя выбрыкі! Ну што такое 2,6% альбо 0,7% для партыі? Вось вам і ўвесь беларускі палітычны працэс! І не партыі ў гэтым вінаваты, паверце мне…

Алег НОВІКАЎ, намеснік старшыні Беларускай партыі “Зялёныя”:

– Мы пакуль не вызначыліся з канчатковым фарматам нашага ўдзелу ў выбарах. Час яшчэ ёсць. Але дакладна, што нашых кандыдатаў будзе няшмат.

Зміцер САЛОШКІН, намеснік старшыні Партыі БНФ:

У нас на сённяшні дзень пакуль няма канчатковай максімальнай лічбы, але да вылучэння падрыхтаваны 40 асоб. Аднак кандыдатаў можа быць і больш – мы зараз якраз у працэсе вылучэння, таму лічба можа павялічыцца. Прынамсі, мы працуем на гэта.

Мікалай УЛАХОВІЧ, старшыня “Беларускай патрыятычнай партыі”:

– У нас будзе з’езд на пачатку снежня, вызначымся, усё скажам.

Да выбараў мы рыхтуемся, але я не хацеў бы падрабязна распавядаць пра гэта.

Сяргей КАЛЯКІН, старшыня партыі левых “Справядлівы свет”:

– Ад нас на выбары пойдзе прыкладна 120 чалавек.

Я ведаю, што апазіцыю і кіраўнікоў партый, у прыватнасці, папракаюць тым, што, маўляў, усяго павінна быць абрана больш за 18 тысяч дэпутатаў мясцовых Саветаў, а апазіцыя вылучае мізэр! Але на тое ёсць пэўныя прычыны. Усе разумеюць, што выбараў у нас няма. Многія канкурэнтаздольныя людзі кажуць: навошта потым тлумачыць выбаршчыкам, чаму не прайшоў у дэпутаты? Ну і не сакрэт, што для многіх працуючых выбары – гэта дадатковы клопат. І калі чалавек на працы аб’яўляе, што хоча пайсці на выбары, у яго часцей за ўсё пытаюцца: “Табе патрэбны праблемы?”

Вось і ўсё тлумачэнне, чаму такое стаўленне да гэтых выбараў…


Няма запісаў для адлюстравання