У мінулым нумары “Народная Воля” расказала пра тое, што Нацыянальная акадэмія навук папоўнілася пяццю новымі акадэмікамі і 22 членамі-карэспандэнтамі. Але 16 лістапада на Агульным сходзе акадэміі адкрытым галасаваннем былі абраны шэсць замежных членаў НАН Беларусі, сярод якіх нобелеўскі лаўрэат па фізіцы 1997 года Стывен Чу, прэзідэнт Расійскай акадэміі навук Аляксандр Сяргееў і Кітайскай акадэміі навук Бай Чунлі, а таксама два ганаровыя члены НАН Беларусі – лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук і індыйскі бізнесмен, старшыня праўлення фармацэўтычнай кампаніі «Cipla Limited» Юсуф Хваджа Хамід.

Такая ўвага Беларусі да асобы Юсуфа Хаміда, безумоўна, невыпадковая. Беларуска-індыйскі фармацэўтычныя праекты, якія ўзялі старт у нашай краіне, адбываюцца не без удзелу Хаміда.

– Кампанія Cipla супрацоўнічае з прадпрыемствам «Акадэмфарм», якое ўваходзіць у сістэму Акадэміі навук, – расказвае выконваючая абавязкі дырэктара Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі, кандыдат навук Святлана Бабіцкая. – Індыйскі бок гатовы перадаць нам рэгістрацыйнае дасье на 12 сучасных, дарагіх прэпаратаў для лячэння СНІДу і гепатыту В і С. Да цяперашняга моманту яны перадалі ўжо восем дасье. Калі прэпараты будуць зарэгістраваны, у далейшым паступова пачнецца лакалізацыя вытворчасці ў Беларусі. Мы не проста будзем атрымліваць гатовыя лекі з Індыі. Гаворка ідзе пра пастаўкі фармацэўтычных субстанцый, лекавыя формы будуць рыхтавацца непасрэдна на «Акадэмфарме». Выпуск гэтых прэпаратаў на тэрыторыі нашай краіны дазволіць значна паменшыць кошт лячэння для такіх хворых. Гэта вялікі прарыў.

Акрамя таго, кажа Святлана Бабіцкая, асоба Юсуфа Хаміда цікавая тым, што ён вельмі цесна звязаны з нашай краінай.

Індыйскі бізнесмен нарадзіўся ў 1936 годзе ў Вільнюсе. Горад у тыя гады быў неафіцыйнай сталіцай Заходняй Беларусі. Справа ў тым, што маці Юсуфа Хаміда – ураджэнка Вільнюса Любоў Дзярчанская. У 1930-х яна вучылася ў Нямеччыне, дзе і пазнаёмілася з індусам Абдулам Хамідам. Пасля прыходу да ўлады Гітлера маладая пара была вымушана збегчы з Германіі, таму што асцерагалася пераследу з-за яўрэйскага паходжання Любові. Хаміды вярнуліся ў Індыю, аднак Любоў нярэдка наведвала Еўропу, таму іх сын Юсуф нарадзіўся ў Вільнюсе.

На радзіме Абдул Хамід арганізаваў фармацэўтычную кампанію Cipla. Яго справу пазней паспяхова працягнуў Юсуф Хамід. Сёння ён адзін з найбагацейшых людзей не толькі Індыі – свету. Маёмасць Юсуфа Хаміда ацэньваецца ў 2 млрд долараў. Такія вялікія грошы ён зарабіў на выпуску джынерыкаў – танных аналагаў перадавых лекаў. Аднак кампанія Хаміда стварае і прэпараты ад ВІЧ і раку.

У Юсуфа Хаміда няма дзяцей, ён шмат займаецца дабрачыннасцю. У 2001 годзе, напрыклад, Cipla знізіла цэны на сваю лінейку прэпаратаў ад  ВІЧ да 1 долара за камплект, у выніку чаго кошт гадавога курсу лячэння ўпаў у 30 разоў! Сусветная прэса тады пісала, што дзякуючы такому кроку колькасць жыхароў краін трэцяга свету, якая змагла дазволіць сабе гэтыя лекі,  вырасла з 2 тысяч да 6 мільёнаў чалавек!

“Юсуф Хамід захаваў добрыя пачуцці да Беларусі і  хацеў бы нешта зрабіць для нашай краіны”, – упэўнена Святлана Бабіцкая.

Варта адзначыць, што Юсуф Хамід – выпускнік Кембрыджскага ўніверсітэта, доктар хіміі.