Від на возера Рыбніца

Яшчэ са старажытных часоў на берагах азёр Рыбніца і Белае з’явіліся першыя людзі, аб чым сведчаць археалагічныя знаходкі. А паводле адной з мясцовых легендаў, пасярод возера Рыбніца была насыпана вялізная “выспа”, да якой вёў драўляны мост. На гэтым востраве жыў кароль. Стваральнік археалагічнай карты Гродзенскай губерні (1895) Фёдар Пакроўскі знаходзіў пацверджанне гэтай легендзе ў тым, што сапраўды ў спякотнае лета з вады праступалі абрысы штучнага насыпу, які месціўся на сваях з моранага дубу. Тыя ж былі паміж сабою змацаваныя металічнымі крукамі. На гэтай падставе навуковец лічыў, што на сярэдзіне возера знаходзіўся летні паляўнічы палац князёў Вялікага княства Літоўскага, якія валодалі Азёрамі.

Азёры: Зямля, адораная Божай ласкай

Першая вядомая згадка пра гарадзенскія Азёры датуецца 1398 годам, пад якім яны названыя “дваром князя Вітаўта”. Менавіта пры Вітаўце замест былога драўлянага маста, паміж двума берагамі возера была насыпана грэбля, каля якой з’явіўся адзін з першых у нашым краі вадзяных млыноў.

У 1508 годзе, калі ў ВКЛ успыхнуў мяцеж Міхала Глінскага, першае, што той зрабіў, – забіў у Гродне свайго суперніка на вялікакняскую ласку Яна Забярэзінскага, а яго адсечаную галаву, насаджаную на дзіду, забойцы пранеслі з горада ажно да Азёр (а гэта каля 25 кіламетраў), каля якіх ўтапілі яе ў возеры.

Азёры: Зямля, адораная Божай ласкай
Хаты пры Азёрскім Рынку (пачатак ХХ ст.)

У 1568 годзе Жыгімонт Аўгуст дазволіў правядзенне ў Азёрах штотыднёвых таргоў ці базараў, на якія па нядзелях з’язджаліся сяляне з усёй ваколіцы. Гандаль вёўся на Рынкавай плошчы, дзе тавары прадаваліся непасрэдна з вазоў.

Азёры: Зямля, адораная Божай ласкай
Азёрская ўніяцкая царква

У ХVIII стагоддзі ў мястэчку Азёры адначасова дзейнічалі ўніяцкая Петра-Паўлаўская царква, двухвежавы касцёл Маці Божай Ружанцовай, адноўлены на сродкі ўладальніка паселішча – апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, і сінагога. Усе рэлігійныя будынкі былі драўляныя. Толькі ў 1866 года ў Азёрах пабудавана каменная царква Святога Духа, якая дзейнічае да сёння.

Азёры: Зямля, адораная Божай ласкай
Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Азёрах (з фондаў ГДГАМ)

У 1798 годзе маёнтак Азёры набыў Міхал Валіцкі, вядомы авантурыст і шулер, які зарабіў шмат грошай гульнёю ў карты і перапродажам твораў мастацтва. Пры ім мястэчка дасягнула свайго росквіту. З’явілася некалькі мануфактур, а на беразе возера Рыбніца паўстаў прыгожы аднапавярховы палац Вільянава, які да сённяшняга часу не захаваўся. Пра яго колішняе размяшчэнне нагадвае толькі адзінокі магутны дуб.

Азёры: Зямля, адораная Божай ласкай
Азёрны краявід

Сёння адну з частак Азёраў, у бок вёскі Стрыеўка, называюць “Камчатка”. Аднак з далёкім паўночным кутком Зямлі гэтая назва мае толькі сугучнае падабенства. Справа ў тым, што на 1845 год побач з Азёрамі, на тым месцы, якое сёння называюць “Камчаткай”, месцілася вёска Навасёлкі, якую ад затокі Кань возера Белага называлі “Канчатка”. Аднак з цягам часу Навасёлкі аб’ядналіся з Азёрамі, а “н” змянілася на “м”.

Азёры: Зямля, адораная Божай ласкай
Азёры і ваколіцы на нямецкай карце 1942 года

Яшчэ адно вельмі папулярнае месца, якое сустракаецца на гістарычнай карце Азёраў – гэта Святое балота, побач з якім напачатку траўня 1863 года адбылася бітва рускіх войскаў з паўстанцкім атрада на чале з Аляксандрам Лянкевічам. Паўстанцы да таго паспелі захапіць Азёры, дзе ў іх шэрагі ўліліся больш за сотню жыхароў ваколічных вёсак. Напамінам пра забітых у той бітве з’яўляюцца пяць вялізных драўляных крыжоў на мясцовых могілках.

Азёры: Зямля, адораная Божай ласкай

За дапамогу паўстанцам расійскія ўлады сканфіскавалі ва ўладальніка Азёраў Леапольда Валіцкага яго маёмасць, а яго самога саслалі ў Сібір. Вялізныя багацці, унікальныя калекцыі карцін і бібліятэка з 2820 кніг, старажытных рукапісаў і прывілеяў дасталіся ўладам. Доўгі час тысячы кніг праляжалі зваленыя ў адрыне, пакуль не былі нарэшце накіраваныя ў Віленскую публічную бібліятэку.

Азёры: Зямля, адораная Божай ласкай
Яўрэйская сінагога ў Азёрах

У міжваенны час, калі Гродзеншчына па ўмовах Рыжскага міру апынулася ў складзе Польшчы, у Азёры пачалі перасяляцца асаднікі – удзельнікі польска-савецкай вайны, адна з бітваў якой адбылася каля суседняй вёскі Новая Руда. 10 лютага 1940 года ўсе сем’і асаднікаў былі дэпартаваныя ў глыб СССР.

Азёры на той час мелі ўласны чыгуначны вакзал, праз які вывозілася дрэва з Гродзенскай пушчы. Тут жа ў 1956 гозе здымаўся фільм “Міколка-паравоз”. На возеры мелася лесапільня з драўляным портам.

Напачатку 1930-х гадоў Азёры наведаў вядомы польскі пісьменнік Юзаф Мацкевіч (1902-1985). Ён пакінуў цікавае апісанне мястэчка, ахарактарызаваўшы цяжкія ўмовы, у якіх жылі яго жыхары:

“Прыехалі мы, мы прыехалі, прыехалі да Азёр над цудоўным возерам, сярод цудоўных лясоў, Гродзенскага павету.

Папярэдні гродзенскі стараста сядзіць цяпер за крымінал з якойсці там… але, брыдкая гісторыя ў камунальнай касе. Гэта не важна. Не ідзе размова пра асобныя выпадкі, пра выключэнні, толькі пра рэгулярныя, пра тое, як жыццё плыве ў дзень папярэдні, з тыдня ў тыдзень, на месяц, год па годзе ў малым мястэчку.

Азёры: Зямля, адораная Божай ласкай
Азёрны краявід

Цэнтрам бяжыць шаша імя Маршалка Пілсудскага. Мінае дзяржаўную лесапільню, у якой кіраўнік з Дырэкцыі Лясоў заступаецца /…/ і адхіляе працаўнікоў, якія таму супрацьстаяць. Крыклівая грамадская несправядлівасць адбываецца на дзяржаўнай лесапільні. – Аўтобус выязджае на рынак.

Велькі, небрукаваны пляц. Па самым амаль цэнтры ходзіць вялізная свіння і рые. Дзеці ў харцэрскіх кашулях крычаць як на вайне, і часам нясецца адтуль расійскае брыдкаслоўе. Падобна кляне беларускі селянін свайго каня, абапіраючыся плячом на доўгую сасну, якую вязе да лесапільні, так сама кляне працаўнік, прывезены з Польшчы да гэтай лесапільні …маць, …маць! – толькі жыды гавораць на мове для мяне незразумелай.

Хаты белыя, як гарлачыкі з вапнаю. Малявалі іх пазаўчора, а жыдам дазволена з гэтай мэтай працаваць нават у нядзелю.

Спрадвеку праламаныя сцены, бруд, гной,  уся праўда клюючага ў вочы нядбайства, залітыя вапнай. З фронту, відавочна, ад дарогі, ад шашы імя Маршалка Пілсудскага. Нават каменнем, супраць якога нічога казаць не магу, заткнутутую пашчу вапнаю. Нават жоўтым пясочкам пасыпаны сцежкі над бетоннымі сцёкамі, якімі ніколі вада не сцякала, і якія каштавалі гміне трохі шарваркавых грошай”.

Азёры: Зямля, адораная Божай ласкай
Праваслаўная царква і каталіцкі касцёл у цэнтры Азёраў

У часы Вялікай Айчыннай вайны ў Азёрах было ўтворана гета, куды фашысты сагналі 1370 мясцовых яўрэяў, што пазней у сакавіку 1943 года былі забіты. Да яго ад гміны, у будынку якой катавалі людзей, меўся падземны тунэль – рэшткі яго былі выяўленыя на адным з надворкаў падчас будаўнічых прац.

Драўляныя храмы і сінагога былі знішчаны ў часы сусветных войнаў. Сёння ў цэнтры Азёраў побач адзін з адным месцяцца праваслаўная царква і каталіцкі храм. Ад былой велічы мястэчка захаваліся толькі гісторыі.

Азёры: Зямля, адораная Божай ласкай
Вечар над Азёрамі