Чарговае “злачынства” Вячаслава Сіўчыка заключалася ў тым, што 29 кастрычніка ён разам з іншымі неабыякавымі людзьмі стаяў у ланцугу памяці, прысвечанаму ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Стаяў з запаленай у руках знічкай.

Акцыя, зразумела, была несанкцыянаванай, але ці не занадта жорсткі прысуд для вынясення такога рашэння?

Сам Вячаслаў Сіўчык, які атрымаў позву для ўдзелу ў судовым пасяджэнні, учора ў судзе прысутнічаць не змог, але ў судзе прысутнічала сябра незарэгістраванага ў Беларусі руху салідарнасці “Разам”, якая падзялілася з “Народнай Воляй” уражаннямі ад судовага працэса.

— У краіне, дзе 7 лістапада дагэтуль лічыцца дзяржаўным святам, не маглі апраўдаць чалавека, які выйшаў на вуліцу, каб нагадаць усім нам пра жах сталінскіх рэпрэсій, які перажыла Беларусь, – гаворыць Алена Талстая.

У судзе над Сіўчыкам было двое сведак, якія распавялі пра тое, што бачылі Вячаслава ў тым ланцугу памяці. Адзін з іх – супрацоўнік сталічнага АМАПу па сутнасці казаў праўду: бачыў, як каля будынка КДБ Беларусі стаяў Сіўчык і трымаў знічку ў руках. Вось і ўсё злачынства. Суддзя задаў некалькі ўдакладняючых пытанняў, кшталту – ува што Сіўчык быў апрануты… Нібы ўстанаўлівалі асобу нейкага рэцыдывіста, а потым быў вынесены прысуд – штраф у 40 базавых.

Адзначым, што за тры апошнія дні Вячаслаў Сіўчык быў аштрафаваны двойчы: у пятніцу 17 лістапада Сіўчыка аштрафавалі на 40 базавых за ўдзел у “Маршы абураных беларусаў”, а вось сёння за ўдзел у акцыі ля будынка КДБ. Сумма гэтых штрафаў – 1840 рублёў.

— Рашэнні гэтыя, канечне абуральныя, — працягвае Алена. Не выключана, што суды пакідаюць сабе “поле для манеўраў”. Справа ў тым, што апошнім часам у судовай практыцы, якая прымяняецца ў тым ліку і да Сіўчыка, ёсць такая тэндэнцыя: спачатку актывістам выпісваюць буйныя штрафы, а потым пракуратура звяртаецца ў суд з пратэстам, патрабуючы перагледзець рашэнне і замяніць штраф на адміністрацыйны арышт.

У сітуацыі з Сіўчыкам такое ўжо было, калі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, прысвечанай Дню беларускай вайсковай славы, Вячаслаў Сіўчык быў пакараны штрафам у памеры 45 базавых велічынь, але пазней яму прысудзілі пяць сутак арышту, якія ён не адбыў дагэтуль. На маю думку, робіцца гэта для таго, каб трымаць чалавека на ланцугу…