Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Мінску заўсёды на належным узроўні забяспечваецца грамадскі парадак і яго жыхары адчуваюць сябе ў бяспецы. Так павінна быць і ў далейшым, падкрэсліў ён. «Гэта сталіца, мы не можам страціць свой твар. Мы заўсёды ганарымся тым, што ў нас Мінск — прыгажун-горад, але самае галоўнае, што жанчына ў любы час дзіця ў калыску пасадзіла і пайшла гуляць па вуліцы — да яе ніхто не мае права дакрануцца», — сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў, што практыка міліцэйскіх патрулёў даўно станоўча сябе зарэкамендавала. «Добрая практыка, калі выходзяць нашы хлопцы з вайсковай часці, амапаўцы, ідуць, дзяжураць тры хлопцы — прыгажуны. Гэта дэманстрацыя насельніцтву, што ў нас парадак. І вайскоўцам трэба гэтаму вучыцца, калі яны патрулююць горад. Яны будуць разумець, што патрэбныя людзям, а людзі, гледзячы на іх, будуць разумець, што ў горадзе спакойна», — адзначыў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што дзеянні міліцыі па спыненні спроб дэстабілізаваць сітуацыю павінны быць рашучымі. «У вас павінна быць самая жорсткая палітыка, да двух лічыць вы не павінны. Вы бачыце, што вакол адбываецца. Калі мы тут аслабім патрабаванні да бяспекі нашых людзей, захлісне нас імгненна, прытым з усіх бакоў, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Вы павінны разумець, што вы пад кантролем не толькі ў свайго начальніка. Вы заўсёды павінны адчуваць нават у спіну мой погляд, таму што я звяртаю ўвагу на ўсе пытанні: ад паставога міліцыянера, які забяспечвае праезд картэжу, да дзяжурства вашых хлопцаў у горадзе. Таму я і хачу, каб ніхто потым камень у ваш бок не кінуў».

На пытанне Лукашэнкі, як ацэньвае прызначэнне Сяргея Дарошкі начальнікам сталічнага ГУУС Аляксандр Барсукоў, які раней займаў гэтую пасаду, а цяпер з`яўляецца намеснікам міністра ўнутраных спраў, чыноўнікі адказалі, што ён падтрымлівае гэту кандыдатуру. «Вы ведаеце, што такое Мінск: там не схаваешся за спіны, там трэба ісці наперадзе. Трэба сказаць, што Барсукоў, дзе б ён ні працаваў, калі ён быў звязаны з горадам, ніколі не падводзіў. Ён заўсёды наводзіў парадак», — заявіў у сувязі з гэтым Лукашэнка.