Суд у Гомелі агучыў рашэнне ў справе француза, якога на мяжы затрымалі з патронам.

Жаляна Віё прызналі невінаватым і вызвалілі з залы суда. Прысуд агучыла суддзя Тамара Застаўнецкая, перадае Белсат.

“Суд падрабязна і скрупулёзна разабраў справу, часткова дзякуючы рэзанансу,» — пракаментаваў абаронца француза адвакат Дзмітры Пяткевіч. Адвакат спадзяваўся на такі прысуд, бо лічыць – і гэта аргументацыя прыводзілася ў слуханнях, – што абвінавачанне не прадаставіла доказаў віны Жаляна Віё.

Паводле адваката, закон прадугледжвае кампенсацыю маральнага ўрону за дасудовае ўтрыманне пад вартай пры апраўдальным прысудзе, але канкрэтных рамак закон не прадугледжвае – усе справы разбіраюцца індывідуальна. Пакуль што Жалян Віё не вырашыў, ці будзе звяртацца па кампенсацыю, перадае Радыё Свабода.

24-гадовы грамадзянін Францыі Жалян Віё, які быў затрыманы на мяжы 21 верасня з адным патронам, выступіў 20 лістапада ў гомельскім судзе з апошнім словам.

Жалян Віё абвінавачваўся па ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 333-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў і перамяшчэнне іх праз мяжу). У ходзе першага дня судовага працэсу, 15 лістапада, француз сваю віну не прызнаў.

Жалян Віё заявіў, што ў яго не было намеру ўчыняць злачынства. «Я стараўся быць добрым грамадзянінам і з павагай ставіўся да законаў сваёй краіны Францыі, а таксама Вялікабрытаніі, дзе я жыў. У мяне не было намеру прыехаць сюды і ўчыніць злачынства. Я проста хацеў прыехаць наведаць Таццяну, з якой пазнаёміўся ў Барселоне, — цудоўнага чалавека з вялікім сэрцам, і гэта стала падставай прыехаць у Беларусь«, — расказаў замежнік, цытуе БелаПАН.

«Нягледзячы на гэты адмоўны вопыт, я не расчараваўся ў Беларусі. Людзі мяне падтрымлівалі, дасылалі пасылкі. Менавіта таму я люблю падарожнічаць, каб адкрываць такую дабрыню людзей. Я люблю падарожнічаць, таму што гэта дае адчуванне свабоды, і ніколі б у жыцці я не прамяняў бы свабоду на гэты сувенір, які аказаўся куляй«, — заявіў Жалян Віё.

«У мяне не было намеру ўчыняць злачынства. І тэрмін, які я адбыў тут, ужо паслужыў мне добрым урокам, таму што я шмат перажыў тут, столькі страху і ўсяго. Я спадзяюся, што, калі вы паглядзелі відэа, вы пераканаліся ў маёй сумленнасці . Вядома, трэба быць уважлівым да тых людзей, якім аказваеш давер«, — сказаў ён.