
Пасля года падрыхтоўкі Свіслач, раённы цэнтр Гарадзеншчыны, можа спакойна ўздыхнуць: галоўнае свята адбылося. 18 лістапада ў Свіслачы адзначылі абласны кірмаш-фестываль працаўнікоў вёскі Дажынкі.
Цягам года ўсе раённыя сельсаветы і гаспадаркі напружана прыводзілі да ладу населеныя пункты, аднаўлялі дарогі, па якім ехалі госці на свята. Не забыліся і пра дэкарацыі. Саламяныя скульптуры ў выглядзе трактароў, караблёў, замкаў сустракаліся паўсюды па дарозе на Свіслач.

Да абласных Дажынак у Свіслачы аднавілі аптэку, рэстаран, Цэнтр культуры, парамантавалі платы. Не забыліся і на спорт, якому столькі ўвагі надзяляецца ў Беларусі. У парку імя Вінцэнта Тышкевіча для жыхароў гораду адкрылі спартыўную пляцоўку для гульні ў футбол, баскетбол, тэніс і заняткаў на трэнажорах. У спартовай дзіцячай-юнацкай школе алімпійскага рэзерву таксама з ‘явілася зала дужання.