Ці давядзецца Аксане Мяньковай вяртаць алімпійскі залаты медаль?

14

У лістападзе 2016 года прэс-служба Міжнароднага алімпійскага камітэта паведаміла, што “пасля паўторнага аналізу допінгпроб, праведзенага з дапамогай новых тэхналогій, Аксана Мянькова абвінавачана ва ўжыванні забароненых рэчываў турынабола і аксандралона і пазбаўлена залатога медаля”.

– Найперш хачу сказаць, што ў гэтай справе кропкі над “і” яшчэ не расстаўлены, – распавядае гераіня скандальнай гісторыі “Народнай Волі”. – Пакуль мяне адхілілі ад удзелу ў спаборніцтвах, але канчатковае рашэнне павінна прымаць Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі. А яго няма да гэтага часу.

– Ведаю, што вы досыць балюча ўспрынялі навіну пра пазбаўленне залатога медаля…

– А які нармальны чалавек адрэагаваў бы на гэта спакойна? Я доўгі час ішла да свайго найвышэйшага выніку, працавала, а затым р-раз – і ўсё перакрэслена. Тым больш што і зараз упэўнена: я не вінавата! Я наогул не магу зразумець, як такое можа здарыцца! У 2008 годзе пасля мноства праверак была абсалютна “чыстая”, а затым мяне абвінавачваюць ва ўжыванні допінгу. Праз восем гадоў! І як тут што даказаць?

– Але ж, як паведамлялася, паўторны аналіз допінг-проб праводзіўся з дапамогай новых тэхналогій.

– Для мяне гэтая сітуацыя настолькі непрыемная, што, паверце, становіцца проста мярзотна ад таго, якія правілы зараз дзейнічаюць у сусветным спорце. А правіл тут практычна ніякіх. Лідараў могуць адной левай прыбраць з дыстанцыі, каб даць дарогу да медалёў іншым, “патрэбным”, спартсменам. Сёння, калі нехта заваёўвае медаль, ён асабліва і не радуецца, бо не ведае, ці не адбяруць у яго ўзнагароду праз некалькі гадоў са з’яўленнем “больш сучасных тэхналогій”.

– Вы ўпэўнены, што забароненыя прэпараты не маглі быць у вашым арганізме ў 2008 годзе?

– Толькі самагубца мог бы адважыцца перад Гульнямі нешта “есці”. Напярэдадні Алімпіяды мяне цэлы год пастаянна правяралі і свае спецыялісты, і міжнародныя. Усё было ў норме! Лагічнае пытанне: навошта тады наогул правяралі? І навошта ўзнагароджвалі падчас Алімпійскіх гульняў? У такім выпадку я прапаную праводзіць Алімпіяду без вызначэння прызёраў, а медалі раздаваць толькі праз восем гадоў. Разумею, што прапанова некалькі абсурдная, але і мая сітуацыя выглядае гэтак жа.

– Беларускія кідальнікі молата Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі таксама абвінавачваліся ва ўжыванні допінгу, але падалі ў суд апеляцыю і выйгралі працэс.

– Адразу кажу: я судзіцца не збіраюся, а прыму рашэнне такім, якое яно будзе. Цудоўна разумею, што змагацца за сваё добрае імя вельмі і вельмі патрэбна, але за год я ўжо змірылася з сітуацыяй. Да таго ж, наколькі мне вядома, судовыя выдаткі Вадзіма і Івана склалі каля паўмільёна долараў, а ў мяне такіх грошай і блізка не назіраецца. І не думаю, што хтосьці захоча дапамагчы фінансава ў гэтых судовых разбіральніцтвах. Таму няма ў мяне зараз ні сіл, ні сродкаў, ні жадання нешта даказваць амаль праз дзесяць гадоў.

– За гэты год змянілася стаўленне да вас блізкіх і знаёмых?

– Для сапраўдных сяброў я застаюся алімпійскай чэмпіёнкай. Але, безумоўна, былі і такія, хто, як рыба-прыліпала, круціцца ля цябе, калі ты ў промнях славы, і хутка знікае, калі трапляеш у складанае становішча. Хапае таксама зайздроснікаў, якія радуюцца, што цябе “апусцілі”. Дык няхай бы мне ўсё ў вочы выказалі, а то ж кідаюць камянямі ў спіну. А пры сустрэчы ўсміхаюцца.

– Зараз вы працуеце дырэктарам Магілёўскай дзіцяча-спартыўнай школы 5, але, можа, і трэнерскай працай займаецеся?

Не займаюся, каб не атрымаць чарговыя стрэлы ад крытыканаў. А працы мне і так хапае.

– Той жа Іван Ціхан нават пасля дыскваліфікацыі працягвае спартыўную кар’еру і нават заваяваў на апошняй Алімпіядзе сярэбраны медаль. Можа быць, і вас калі-небудзь яшчэ ўбачым на спаборніцтвах?

– З аднаго боку, і праўда хацелася б даказаць і сабе, і іншым, чаго ты вартая, але з іншага… Думаю, калі ўжо выбралі ахвяру, то канкурэнта знішчаць канчаткова. Але трымаю сябе ў тонусе, трэніруюся.

– Калі Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі вынесе рашэнне не на вашу карысць, будзеце вяртаць залаты медаль?

Няхай забіраюць…


Няма запісаў для адлюстравання