Выказванне кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзіміра Макея пасля сустрэчы з ягоным расійскім калегам Сяргеем Лаўровым наконт магчымасці накіраваць наш міратворчы кантынгент у “канфліктныя рэгіёны” Украіны, каб “спрыяць усталяванню там міру і стабільнасці”, выклікала шматлікія водгукі як у нашай краіне, так і за мяжой.

Пры гэтым прагнозы каментатараў радыкальна разыходзяцца. Большасць з іх, у тым ліку практычна ўсе ўкраінскія, лічыць, што Кіеў на прысутнасць беларускіх міратворцаў не пагодзіцца, таму што Беларусь з’яўляецца ці не бліжэйшым хаўруснікам Расіі. Больш за тое, на думку старшыні Саюза афіцэраў Украіны Аляксандра Скіпальскага, Беларусь у якасці сябра “саюзнае дзяржавы” нясе пэўную палітычную адказнасць за паводзіны Масквы.

Важкасці такога кшталту меркаванням, безумоўна, дадала падзея, якая мела месца ў той жа дзень, што і згаданая заява: падчас прыняцця Трэцім камітэтам Генэральнай асамблеі ААН абноўленай рэзалюцыі па правах чалавека ў Крыме, Беларусь у чарговы раз прагаласавала супраць.

Першая віцэ-спікер Вярхоўнай рады Украіны Ірына Герашчанка адзначыла, што пазіцыя афіцыйнага Мінску па крымскім пытанні зусім «не нейтральная», бо нейтральныя краіны звычайна ўстрымліваюцца, і назвала такія дзеянні “другім нажом у спіну Украіны”. (Нагадаем, што літаральна тое ж самае адбылося летась у снежні, калі прадстаўнікі Беларусі прагаласавалі супраць рэзалюцыі па правах чалавека ў Крыме на Генасамблеі ААН, а месяцам раней спрабавалі заблакаваць прыняцце праекту рэзалюцыі ў тым жа Трэцім камітэце.)

Падобныя эмацыйныя выказванні, канешне, цалкам зразумелыя, і станоўчы імідж нашае дзяржавы такія ўчынкі не ўмацоўваюць. У той жа час варта звярнуць увагу на тую акалічнасць, што, нягледзячы на ўсю крыўду, у папярэднія разы ўкраінскія ўлады ўсё ж не выйшлі з прапановай замяніць Мінск як месца перамоўнага працэсу.

Можна чакаць, што тое ж самае адбудзецца і на гэты раз: як у Кіеве, так і ў Мінску выдатна разумеюць, што якія б рэзалюцыі кім бы то ні было не прымаліся, стан справаў яны насамрэч не зменяць. Між тым Беларусь аказвае Украіне рэальную дапамогу, напрыклад, у выглядзе паставак паліва для баявой тэхнікі, так што псаваць з ёй адносіны – значыць, рабіць сабе горш.

У такім выпадку, мае сэнс прыслухацца да пункту гледжання супрацьлеглага боку. Вось, скажам, вядомы вайсковы эксперт Аляксандар Алесін сцвярджае, што пры неабходнасці ў склад місіі на ўсходзе Украіны Беларусь магла б накіраваць не толькі спецыяльна падрыхтаваную згодна з патрабаваннямі ААН міратворчую роту, але ажно дзве брыгады – сіл адмысловых аперацый і ўнутраных войскаў, якія праходзяць міратворчую падрыхтоўку ў межах АДКБ.

Праўда гэта, падаецца, ужо перабор. А вось супраць той жа роты ўкраінскія ўлады могуць і не пярэчыць, бо цудоўна разумеюць, што сотня ці нават паўтары вайскоўцаў надвор’я не зробяць, асабліва на тле прапанаванай амерыканцамі агульнай іх колькасці ў прыкладна 20 тысяч.

Але тут паўстане іншая праблема. Складаецца ўражанне, што высоўваючы сваю ініцыятыву пра міратворцаў, Крэмль трапіў у пастку. Разлік быў на тое, што яны размесцяцца уздоўж сённяшняй лініі размежавання з сепаратыстамі. А цяпер гаворка ідзе пра знаходжанне “блакітных касак” на ўсёй захопленай тэрыторыі, прычым тады пад іх кантролем фактычна апынецца расійска-украінская дзяржаўная мяжа. Для Масквы гэта абсалютна непрымальна, бо ў выніку яна больш не зможа аказваць “Лугандоніі” вайсковую дапамогу.

Так што беларускім міратворцам ізноў наўрад ці давядзецца прадэманстраваць свой узровень. Мабыць, гэта да лепшага…