– Адразу папярэджу тых, каго цікавіць, за чый кошт банкет, – усміхаецца Станіслаў Станіслававіч. – Усе выдаткі бярэ на сябе прымаючы бок.

У мінулым годзе мы з жонкай на Каляды і Новы год там ужо пабывалі.

– А хто запрашае? Звычайна вашы перамяшчэнні па свеце звязаны з камандзіроўкамі. Усе ведаюць, што Шушкевіча розныя ўніверсітэты і грамадскія структуры запрашаюць у якасці спікера альбо ганаровага госця. Але ж на Новы год наўрад ці паедзеце працаваць…

– Вось гэта самая вялікая цікавостка! Калі я пачаў высвятляць, з чаго гэта мяне запрашаюць у Мексіку пабаляваць і хто аплачвае паездку мне і жонцы, то, аказалася, справа вось у чым. У свой час я падпісаў ліст у абарону палітычных зняволеных, цяпер гэтых людзей выпусцілі з-за кратаў, і яны вось так дзякуюць мяне за маю неабыякавасць да іх лёсу.

– Заступіліся за палітзняволеных Мексікі?

– Кубы. Некалькі гадоў таму была на Кубе такая сітуацыя, не адзін я пісаў лісты… Мексіканцы і “правыя” кубінцы – вялікія сябры, яны іспанамоўныя, шчыльна кантактуюць паміж сабой. А мяне часта запрашалі ў Мексіку з лекцыямі. Грамадскі актывіст Фрэд Аляскінг, які кіраваў выбарчым штабам прэзідэнта Вісэнтэ Фокса, лічыць мяне сваім настаўнікам. Адным словам, ёсць у Мексіцы такая кампанія, якая з павагай да мяне ставіцца, якой я падабаюся…

– І што вырашылі? Пералёт да Мексікі будзе нялёгкі…

– Сэрца, канешне, не тое, можа, і трэба было б устрымацца, тым больш што графік ў снежні насычаны. 13-га ў мяне даклад у Маскве на Ельцын-форуме, 14-га ўжо мушу быць у Кіеве – там выступаю на Балтыйска-Чарнаморскім форуме былых кіраўнікоў. 15 снежня – дзень народзінаў. А 24-га ўжо трэба ляцець у Мексіку. Квіткі ёсць і, галоўнае, жаданне. І жонка – хоць і робіць нейтральны выгляд, але ж я бачу, як ёй усё гэта падабаецца. Дзе яшчэ так цудоўна сустрэнем Новы год?! Летась за сталом нас было 12 дарослых асоб, і “насвяткаваліся” так, што выпілі цэлую бутэльку шампанскага і няпоўную бутэльку чырвонага віна. Вось у такую кампанію еду…