Тады любілі прымяркоўваць да знамянальных дат вялікія і малыя дасягненні – ад здачы ў эксплуатацыю новага дома да юбілейнага трактара, які сышоў з канвеера. Але факт застаецца фактам: 40 гадоў таму з’явіўся першы том слоўніка, роўнага якому ў беларусаў дагэтуль не мелася.

Салідны, энцыклапедычнага фармату, ён налічваў амаль 100 тысяч (!) лексічных і фразеалагічных адзінак і не змясціўся ў першапачаткова задуманых пяць тамоў так што прыйшлося выпускаць дадатковую, шостую кнігу. Распаўсюджваўся слоўнік па падпісцы – навукоўцы-лінгвісты, паэты, журналісты і іншыя шчаслівыя ўладальнікі падпісных квітанцый ездзілі па запаветныя кнігі ў спецыялізаваны магазін Мінска, які так і называўся – “Падпісныя выданні”.

У ліку тых, каму дасталася квітанцыя на выдадзены тыражом у 18 тысяч экземпляраў слоўнік, была і мінчанка Ніна Міхайлаўна Лявончык. О, яна свяцілася ад шчасця не толькі таму, што атрымала кніжны дэфіцыт. Галоўная прычына была іншая – яна сама брала непасрэдны ўдзел у працы над знакавым ва ўсіх сэнсах слоўнікам. Яе ўспаміны – нібы вяртанне на машыне часу ў маладосць.

“Нам, маладым, даверылі зверку цытат”

– Я прыйшла ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР у 1969 годзе, праз год пасля заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута – прыйшлося падгадаваць да аднаго годзіка сына Алеся. Парэкамендаваў мяне і маю аднакурсніцу Антаніну Цімашкову прафесар Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, мы ўдзвюх прайшлі па конкурсе. Добра памятаю 27 кастрычніка 1969 года, першы працоўны дзень у Інстытуце мовазнаўства. У сектары лексікалогіі і лексікаграфіі, куды я трапіла, ва ўсю моц ішла падрыхтоўка першага тома “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы”. Кіраваў сектарам Мікалай Паўлавіч Лобан, вядомы беларускі пісьменнік. Ён жа і рэдактар гэтага тома. Для нас было такім вялікім гонарам – увогуле трапіць у Інстытут мовазнаўства пасля педінстытута, ды яшчэ ў сектар, які ўзначальваў, я лічу, вялікі чалавек! Ніколі не забуду яго аповеды пра вайну: як ён пакідаў Мінск, ішоў пехатой са сталіцы. А калі завітваў сюды пісьменнік Аляксандр Міхайлавіч Адамовіч, мы ўсе забываліся, што трэба ісці дадому. Слухалі і слухалі…

Якія ж таленавітыя супрацоўнікі працавалі над гэтым томам! Дачка Цішкі Гартнага Галіна Дзмітрыеўна Жылуновіч, Ганна Канстанцінаўна Усціновіч, Ніна Дзмітрыеўна Корань, Людміла Барысаўна Рубцова, Іван Якаўлевіч Яшкін. Рэдактары розных тамоў – Пётр Мікалаевіч Гапановіч, Арцём Яфімавіч Баханькоў, Галіна Феліксаўна Вештарт, Ганна Міхайлаўна Прышчэпчык, Міхаіл Раманавіч Суднік – усе яны цвет беларускай лексікалогіі і лексікаграфіі. Кіраваў тады інстытутам Міхаіл Раманавіч Суднік, аўтарытэтны вучоны-лінгвіст.

Нам з Антанінай як маладым даверылі правяраць цытаты. Мы хадзілі ў бібліятэку, заказвалі тыя кніжкі, якіх у нас не было ў інстытуце, для зверкі крыніц. І, канешне ж, паралельна паглыбляліся ў творы пісьменнікаў і паэтаў, радкамі якіх ілюстравалі слоўнікавыя артыкулы. Гэта было настолькі цікава, што ў інстытут мы ішлі, як на свята. Кажуць, гэта і ёсць шчасце: з радасцю ісці на працу, а потым гэтак жа радасна спяшацца дадому.

А цяпер уявіце нашы пачуцці, калі ў першым томе мы ўбачылі такія радкі: “Зверку цытат тома з крыніцамі зрабілі малодшыя навуковыя супрацоўнікі Н.М.Лявончык і А.В.Цімашкова”. Нас, маладых, адразу пасля педінстытута прынялі ў такую навуковую ўстанову! Мы абагаўлялі такіх людзей, як Міхаіл Раманавіч Суднік і Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, мы верылі друкаванаму слову. І тут – нашы і іх прозвішчы стаяць побач!

Я ківаю галавой: такая была эпоха. Сапраўды – верылі, нават у лозунгі. Сапраўды – паважалі старэйшых. А старэйшыя не шкадавалі добрых слоў для малодшых навуковых супрацоўнікаў, якім была на той час Ніна Міхайлаўна Лявончык.

Картатэку складалі ад рукі

– Займалі лексікографы чатыры невялікія пакоі ў старым будынку Акадэміі навук. Падымаліся па шырокай мармуровай лесвіцы, дзе між перадапошнім і апошнім паверхамі стаяла велічная статуя Скарыны. Беленькая такая, узнёслая. І як падымаешся на 4-ы паверх, дойдзеш да Скарыны – можна перавесці дух: наш інстытут. На гэтым жа паверсе знаходзіўся таксама Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы. З літаратарамі мы сябравалі, і гэта добра ўплывала на працу. Мы ўвогуле ў інстытуце жылі адной сям’ёй. І гора, і радасць – усё дзялілі папалам. Ладзілі святы, прыходзілі на іх з дзецьмі, – Ніна Міхайлаўна дастае са стала чорна-белыя фотаздымкі: на іх вясёлыя твары, гарэзлівыя ўсмешкі – шчаслівая пара маладосці.

– Дні народзінаў мы заўсёды адзначалі: гарбатка, падаруначак імянінніку. І 8 Сакавіка абавязкова, хоць калектыў у асноўным жаночы, але ж былі і мужчынкі, яны нас віншавалі – падпісвалі жартаўлівыя паштовачкі, якія мы выцягвалі. Мне дасталася адзін раз такая, чытаю: “Святло вачэй маіх, надзея…” І подпіс: “Найлепшай Жанчыне – найлепшы Мужчына”. А я такая непасрэдная была, прачытала ўслых і кажу: “Ведаю-ведаю, хто тут найлепшы мужчына”. І да Арцёма Яфімавіча Баханькова прастую. Ягоны почырк пазнала. А як жа: па картках і слоўнікавых артыкулах навучыліся почырк кожнага супрацоўніка разбіраць і пазнаваць.

Дарэчы, у сектары лексікалогіі і лексікаграфіі працаваў Міхаіл Шушкевіч (яшчэ да мяне ён шчыраваў над першым томам), малодшы навуковы супрацоўнік, аўтар тэксту знакамітай песні “Ты мне вясною прыснілася” на музыку Юрыя Семянякі.

Цяпер, канешне, на вялікі жаль, ужо многіх няма, адышлі ў свет іншы. Але тыя, хто застаўся, па-ранейшаму сябруюць, стэлефаноўваюцца. Аўра такая добрая захавалася ў нас і па сёння.

– Мне падабаецца, што вы размаўляеце на беларускай мове. Прычым лёгка, нязмушана, прыгожа, – заўважаю я.

– Дык мовай дасканала валодалі ўсе супрацоўнікі. А як жа інакш? У нас усё вялося толькі на роднай мове. І таму спрыяў сам працэс падрыхтоўкі слоўніка. Для яго рэестра многія супрацоўнікі нашага сектара (і не толькі нашага) распісвалі на карткі мастацкую, навуковую і іншую літаратуру. Была створана картатэка з каля 2,5 мільёна слоў. Як гэта рабілася? На картку выносілася слова і прыклад з той крыніцы, дзе яно ўжыта. Многа чаго было распісана, нават перыёдыка: газеты “Звязда”, “ЛіМ”, “Мінская праўда”… Цытаты браліся не вельмі доўгія. Падпісвалі прозвішча аўтара – Купала, Колас… А далей глядзелі, колькі картак атрымліваецца на гэта слова. Калі набіралася іх ладна, 15–20, то гэта слова магло трапіць у слоўнік. Яно памячалася: размоўнае, абласное… Канешне, абласных слоў малавата трапляла, бо слоўнік абмежаваны быў па аб’ёме – 5 тамоў толькі. І так прыйшлося шостую кнігу выдаць.

– А пісалі яшчэ пёравымі ручкамі ці ўжо шарыкавымі? – цікаўлюся я.

– Шарыкавымі чорнага колеру. Міхаіл Раманавіч Суднік неяк стрыжнямі розных колераў, у тым ліку і чорным, напісаў сказ на пяці картках. І паклаў іх на падаконнік на сонца. Дык вось: больш павольна выгараў менавіта чорны колер. Значыць, такія карткі павінны доўга захоўвацца.

“Ты накінь, дарагая, на плечы…”

– Ведаеце, у інстытуце выпадковыя людзі не затрымліваліся. Бо зарплаты ж былі невялікія. Аклад малодшага навуковага супрацоўніка – роўненька 83 рублі. Потым 110, 115, 120 рублёў. Ну а калі ў 1984-м выйшаў 5-ы том, а потым дадаткова яшчэ шостая кніга, я атрымала прэмію. За 5-ы том – 135 рублёў. А за шостую кнігу – 160. Нельга, думаю, каб гэтыя грошы проста скрозь пальцы прайшлі. Я сваім інстытуцкім так і сказала: пайду і пашукаю штосьці памятнае. І за 135 рублёў купіла хустку. Пуховую. Памерам 120 на 120 сантыметраў. Потым за 160 рублёў набыла таксама хустку – на гэты раз знакамітую арэнбургскую, чыста пуховую.

Ого! – кажу я. – Такую, пра якую душэўна спявала Людміла Зыкіна? Але ж яны ці не дэфіцытам на той час былі. Асабліва пасля з’яўлення песні на іх пайшла мода.

– Яны некаторы час былі ў продажы. І арэнбургскія, і паўлава-пасадскія. Вось я на іх і выдаткавала сваю прэмію. Арэнбургскую нават прынесла ў інстытут і паказвала Міхаілу Раманавічу Судніку, як яна пралазіць праз заручальны пярсцёнак. Яшчэ пасмяялася: за кожны сантыметр – па рублю.

– Захаваліся хусткі? – цікаўлюся ў субяседніцы.

– Арэнбургская хустка да гэтае пары ёсць. Захавалася і этыкетка з прозвішчам вязальшчыцы – Тамара Ахмадуліна.

– Во якое паэтычнае прозвішча ў майстрыцы! І тут вам пашанцавала! – не ўтрымліваюся ад воклічу я. І задаю зусім празаічнае пытанне: а моль не паела?

– Не, вельмі пільна за хусткай сачу. Яна ў мяне ў пашане. Як толькі вясна, сонейка прыгрэе – дык на балкон, на сушылачку, каб праветрылася.

– А слоўнік гэтак жа беражліва захоўваеце?

– Ніколі ў галаву не прыходзіла і не прыйдзе здаць яго ў букіністычны. Як першую старонку адгорнеш, прачытаеш прадмову – адразу ўспомніш, з якімі людзьмі працавала… На самым пачэсным месцы стаіць. Унукі заглядаюць, каб слоўца беларускае укінуць сабе ў памяць.

Замест эпілогу

Ніна Міхайлаўна Лявончык – такая была дамова – не стала даваць ацэнку слоўніку. Ні ганарлівую: вось, маўляў, якую тытанічную працу мы, сямідзясятнікі, здзейснілі. Ні крытычную, са спасылкай на ідэалагемы застойнага часу. Шчыра кажучы, мне такі падыход таксама прыйшоўся па душы: хацелася проста ўзнавіць атмасферу той эпохі, калі ў многіх юных душах гарэў агонь запалу – прафесійнага, творчага, нацыянальнага. Тыя ж, хто прагне строга навуковага аналізу ўсіх агрэхаў слоўніка, могуць самі знайсці і прачытаць пазітыўныя і не вельмі рэцэнзіі масцітых вучоных.

Я ж скажу напрыканцы вось што: больш поўнага і ўдасканаленага слоўніка пакуль што няма. І “племя младое”, сучаснае шукае ў інтэрнэце старонкі 40-гадовай даўніны.

А яшчэ мне вельмі шкада, што не далучыліся да юбілейных ўспамінаў тыя каляжанкі Ніны Міхайлаўны, якіх яна вельмі чакала ў рэдакцыі.

 

Рэдка ахінаю плечы хусткай, не нашу. Як пісаў Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі” у адным з абразкоў: “Шкадую. Можа, хіба калі-небудзь, як стане холадна ці цяжка на душы, хіба тады. Каб стала цяплей і лягчэй”. Каб ажылі шчаслівыя ўспаміны тых далёкіх часоў.

Фота з сямейнага архіва і Алеся СІВАГА.