Анатоль Ярмоленка: “Мне няма калі глядзець у пашпарт”

34

– Мы ў сям’і заўсёды адзначалі мой дзень нараджэння 2 лістапада, – патлумачыў “Народнай Волі” Анатоль Іванавіч. – Мама працавала на чыгунцы, і праз тры дні пасля майго нараджэння яна паехала на працу, цягнік ішоў па ўсёй краіне, а таму прыйшла ў загс толькі 15 лістапада – гэтым днём мяне і запісалі. Так і атрымалася, што ў мяне два дні народзінаў – афіцыйны і сапраўдны. Мама распавядала, што нарадзіла мяне ў 11 гадзін раніцы. Ну вось з 2 па 15 лістапада я і гуляю на ўсю катушку!

– У свой афіцыйны дзень народзінаў вы выклалі сваё фота, якое, я так разумею, зроблена за святочным сталом?

– У гэтым годзе мой дзень народзінаў мы святкавалі ў Ізраілі. Алесін муж паехаў туды лячыцца і прапанаваў нам прыляцець у гэтую краіну ўсёй сям’ёй. Візы цяпер не патрэбны, вельмі зручна, таму мы купілі квіткі і паляцелі. І адзначылі юбілей на Зямлі запаветнай. Прайшлі па ўсіх святых месцах. Я нават беларускую песню спеў у адным з мясцовых храмаў. Там такая акустыка неверагодная! Настаяцель пачуў, прыйшоў, пазнаёміўся з намі і падзякаваў.

– Анатоль Іванавіч, мне падаецца, вам самому не верыцца ў вашы 70! Вы засталіся сучасным, крэатыўным…

– Я такі, які ёсць…

Што тычыцца ўзросту, то ўвогуле са здзіўленнем прымаю свае гады…

У філармоніі днямі арганізавалі даволі цёплую сустрэчу са мной, і так мяне зала прымала!..

– Вы гэтага заслугоўваеце…

– Звычайна такія цеплыня і павага бываюць, калі чалавека праводзяць у апошні шлях.

– Цьфу-цьфу!

– Мне неяк няёмка гаварыць пра тое, што я гэтага заслугоўваю. Я, калі чую шмат кампліментаў на свой адрас, проста пачынаю атрасаць з сябе бронзу, бо калі забранзавееш – гэта ўжо ўсё, канец.

Я заўсёды гаварыў: тое, што робіш сёння, – гэта ўжо ўчора. Я з гэтым правілам жыву ўвесь час.

Канешне, я не святы, як і ў кожнага чалавека, у мяне здараюцца нейкія памылкі, але ўсё, што раблю, – раблю вельмі шчыра. Самы вялікі суддзя сабе – гэта я сам, я ўнутрана вельмі часта з сабой размаўляю…

– Мне здаецца, што з нейкага пэўнага ўзросту вы перасталі старэць. Нібы закансерваваліся і засталіся такім жа, якім я вас ведала і 20 гадоў таму.

– Самы галоўны рэцэпт – ні на што не звяртаць увагі і рабіць усё так, як робіцца і як жадаецца. Мне сябры тэлефануюць, запрашаюць на рыбалку, яшчэ некуды, а ў мяне вельмі напружаны лад жыцця, я ўвесь час нечым заняты. Яны пытаюцца: “Ты ў пашпарт глядзіш?!!” Я шчыра адказваю: не, проста няма калі!

АД ДУШЫ

Алеся ЯРМОЛЕНКА:

“Мне хочацца, каб ён навучыўся адпачываць…”

Вельмі кранальныя словы прысвяціла свайму бацьку Алеся Ярмоленка.

Я бязмежна паважаю справу ўсяго жыцця майго Таты, – гаворыць Алеся. – Дакладней, гэта і ёсць усё яго жыццё, сэнс, стымул, неабходнасць заставацца ў добрай форме, быць сучасным і не спыняцца… Мы часта спрачаемся з ім на гэты конт, бо мне хочацца, каб ён навучыўся адпачываць, але, натуральна, я разумею, гэта малаверагодна…

А яшчэ я вельмі хачу, каб яго шанавалі зараз, менавіта цяпер, сёння – гэта значна важней і патрэбней, чым потым… Потым, канешне, казаць і рабіць прасцей, але я хачу, каб Тата чуў і бачыў гэта…”

Я калі прачытаў, у мяне слёзы на вочы навярнуліся… – сказаў Анатоль Іванавіч. – Мяне словы дачкі вельмі кранулі… Падумаў, што дзеля такога варта жыць…”

РАКУРС

Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК:

“Пра гэта варта памятаць…”

Знакаміты паэт лічыць, што Анатоль Ярмоленка даў беларускай мове “абсяг існавання”.

– У 1984 годзе ў ліку іншых пісьменнікаў я выступаў у Іркуцкім універсітэце, а сярод гэтых “іншых” былі і самыя знакамітыя – Распуцін і Астаф’еў, – узгадвае Леанід Дранько-Майсюк. – Калі надышла чарга маёй дэкламацыі, то свае тэксты я падаў без перакладу, па-беларуску, і пасля сустрэчы мяне абступілі тыя ж студэнты, мусіць жа, будучыя паэты, прывабленыя якраз беларускай мовай. І вось нехта з іх паведаміў, што быў на канцэрце ансамбля “Сябры” і чуў беларускую мову з вуснаў Анатоля Ярмоленкі.

Праз год я выступаў на “Дальрыбе” (ёсць такое прадпрыемства ва Уладзівастоку), і адзін з рабочых ізноў жа загаварыў пра Анатоля Ярмоленку, пачаў чытаць, як верш, пачутую ад яго песню “А я лягу-прылягу”…

Анатоль Ярмоленка даў беларускай мове (прычым далёка за межамі Беларусі!) абсяг існавання – пра гэта варта памятаць…

Поделиться ссылкой: