У Мінску гэтымі днямі ў межах праграмы “Густы Еўропы – якасць і традыцыі” праходзіць міжнародная выстава-кірмаш прадуктаў харчавання, у якой бяруць удзел кампаніі з 58 краін. У тым ліку і з Польшчы – краіны, гандлёвыя стасункі з якой у Беларусі апошнім часам значна палепшыліся.

Яцэк Багуцкі: “У польскіх тавараў – якасць і даступныя цэны”

«Беларусь – самы важны для Польшчы рынак збыту сельскагаспадарчай прадукцыі за межамі Еўрасаюза, – распавёў журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі Польшчы Яцэк Багуцкі. – Тавараабарот сельгаспрадукцыі апошнім часам павялічваецца, а ў 2016 годзе аб’ём польскага экспарту дасягнуў 334 мільёнаў еўра. Польскія вытворцы зацікаўлены ў пашырэнні прысутнасці ў Беларусі і на рынках Еўразійскага эканамічнага саюза. Дарэчы, агульны аб’ём экспарту польскай сельгаспрадукцыі ў розныя краіны свету ў гэтым годзе можа перавысіць 25 мільярдаў еўра.”

Яцэк Багуцкі: “У польскіх тавараў – якасць і даступныя цэны”

Паводле слоў Яцэка Багуцкага, сакрэт паспяховасці польскіх тавараў просты – якасць, даступныя цэны і сучасныя тэхналогіі ў спалучэнні з традыцыйнымі метадамі вытворчасці.

Дарэчы, наведвальнікі выставы могуць пакаштаваць польскія прадукты і ўпэўніцца, што намеснік міністра кажа праўду: на самай справе якасна, танна і смачна.

Фота:  Радзівон Антановіч