У Гомелі ідзе суд над французам з патронам

23

Сёння суд Гомельскага раёна пачынае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да падарожніка з Францыі Жаляна Віё, перадае “Радыё Свабода”. Француза вінавацяць у незаконнай перавозцы агнястрэльнай зброі (ч.2 арт. 295 КК РБ) і незаконным абароце атрутных рэчываў (ч.1 333-1 КК РБ). Пакаранне паводле гэтых артыкулаў прадугледжвае ад 2 да 7 гадоў зняволення.

Французскі грамадзянін сам пайшоў на чырвоны калідор на памежным пераходзе Новая Гута і паказаў на мытні патрон – падарунак ад сябра, – з пытаннем, ці можна перавозіць гэта праз мяжу. Такое пытанне каштавала замежніку некалькі месяцаў у гомельскім ізалятары.

На судзе прысутнічаюць прадстаўнікі французскай амбасады і брат затрыманага Гіём. Сям’я затрыманага лічыць усю гэтую справу вялікай недарэчнасцю. Сродкі на адваката сям’я сабрала праз асабісты краўдфандынг. Затрыманы скардзіўся на ўмовы ўтрымання, у прыватнасці, што была нізкая тэмпература і не хапала цёплага адзення.

24-гадовы Жалян Віё стала пражывае ў Лондане, захапляецца падарожжамі і, насамрэч, нядрэнны чалавек, кажуць яго сваякі.

Поделиться ссылкой: