А 21.00 мінскага часу ўзброены мужчына ўвайшоў на другі паверх будынку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі радыё RMF FM, беларус быў узброены пісталетам Glock і даўгаствольнай зброяй. Страляніна адбылася ў адной з залаў будынку. Мужчына спрабаваў пацэліць у свайго калегу. Людзі пачалі ўцякаць, адзін з прысутных накінуўся на ўзброенага мужчыну і затрымаў яго.

Пацярпелых не было. Як паведаміў з месца падзеяў рэпарцёр Радыё Гданьск, калі б не хуткая і адважная рэакцыя аднаго з прысутных, то маглі б быць ахвяры.

Калі паліцыя прыбыла на месца, то арыштавала 30-гадовага беларуса, які працаваў у гэтай фірме. На месцы здарэння цяпер працуюць следчыя.

Затрыманы Сьцяпан Сьвідзерскі працаваў у агенцтве аналітыкам, займаўся ўвядзеннем у базу дадзеных рапартаў фірмаў. Ён займаўся спартовай стральбой і браў удзел у конкурсах стралкоў. Паводле ягоных калегаў, як перадаюць мясцовыя СМІ, ён быў закрытым чалавекам, на працы не вітаўся з іншымі, у яго не было сяброў і ён часта званіў да сваёй сям’і. Маці Сцяпана кажа Свабодзе, што хоць яе сын не меў блізкіх сяброў на працы, ён шмат з кім сябраваў па-за межамі працы.

Паводле крыніцаў, блізкіх да кампаніі Reuters, здарэнне было выпадковасцю. Як паведаміла крыніца Радыё Свабода, беларус вяртаўся з трэніроўкі і хацеў паказаць свой пісталет аднаму з калегаў. Калі зброю ўбачылі іншыя, то пачалася паніка. Падчас спробы вырваць у мужчыны пісталет, выпадкова адбыліся два стрэлы.