Долар перайшоў псіхалагічны бар’ер у 2 рублі. Што адбываецца і чаго чакаць далей

18

“На сённяшні дзень кошык валют вырас на незаўважныя 0,04%, — тлумачыць эксперт. — Пры гэтым, заўважныя рухі асобных валют звязаныя з тым, што адбываецца на знешніх рынках. А тут назіраюцца дзве тэндэнцыі. З аднаго боку, вельмі моцна расце еўра ў дачыненні да долара — за суткі еўра ў свеце падаражэў на 2 амерыканскія цэнты, а гэта для такіх валют даволі шмат. Адначасова з гэтым на расійскім рынку моцна валіцца расійскі рубель. І долар, і еўра ў Расіі выраслі да ўзроўню сёлетняга жніўня. Таму тэарэтычна атрымліваецца, што беларускі рубель стаіць на месцы, а долар і еўра з аднаго боку ды расійскі рубель з іншага рухаюцца ў супрацьлеглыя бакі”.

На думку Вадзіма Іосуба, падзенне расійскага рубля абумоўлена неэканамічнымі прычынамі, бо ніяк не звязана з коштамі на нафту. Сапраўды, апошнія дні нафта маркі Brent прадаецца на рынку па даволі высокіх коштах — больш чым 61 долар за барэль.

“Існуе версія, што напрыканцы года ў буйных расійскіх кампаній чакаюцца вялікія выплаты па валютнай пазыцы, таму яны і скупляюць валюту, — працягвае эканаміст. — На паверхні ляжыць яшчэ адна версія падзення расійскага рубля — гэта вынік чакання новых амерыканскіх санкцый. То бок, фактары не зусім эканамічныя, а таму прадказаць, як доўга будзе падаць расійскі рубель, даволі складана”.

Эканаміст Леанід Заіка перакананы, што дэвальвацыя расійскага рубля, якая цяпер адбываецца, вельмі негатыўна адаб’ецца і на беларусах.

“З-за таго, што Расія больш гнутка рэагуе на сітуацыю, нам будзе складаней утрымліваць жорсткі абменны курс, − тлумачыць Леанід Заіка. – Але галоўнае, што з падзеннем расійскага рубля аўтаматычна даражэе беларуская экспартная прадукцыя. Пакуль што ў нас на знешніх рынках продаж ішоў някепска, ён павялічыўся на 19%. А далей сітуацыя будзе развівацца традыцыйна: мы будзем вымушаныя зніжаць выдаткі і рабіць нашу прадукцыю канкурэнтаздольнай. А гэта ўжо задача прадпрыемстваў”.

На думку Вадзіма Іосуба, у Беларусі долар перастане расці пасля таго, як перастане падаць расійскі рубель. Таму сур’ёзных прычын для хваляванняў няма.

“Сярэдняму беларусу бегчы ў абменнік няма з чым, бо лішніх рублёў у кішэнях няма. І дзякуй Богу. Бо гэта той фактар, які не дазволіць абваліцца валютнаму рынку”, — рэзюмуе Вадзім Іосуб.

Калі ж рашэнне абмяняць беларускія рублі на чужыя грошы прынята, то Леанід Заіка раіць набываць долары і еўра ў роўных долях. Тады, перакананы эканаміст, можна будзе не звяртаць увагі на сталую барацьбу за першынства гэтых валют.

Поделиться ссылкой: