Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Эпіграфам да гэтага тэксту маглі б паслугаваць знакамітыя радкі Міхаіла Лермантава пра чужынца, які прыехаў у невядомы яму край “на ловы шчасця і чыноў”: “Смеясь, он дерзко презирал / Земли чужой язык и нравы; / Не мог щадить он нашей славы; / Не мог понять в сей миг кровавый, / На что он руку поднимал!..” Так у Беларусі ў 1938 годзе з’явіўся новы кіраўнік НКУС Лаўрэнцій Цанава.
11:06 14 лістапада 2017
379
Памер шрыфта
Фота: novayagazeta.ru

Прыхадні на кіроўных пасадах у БССР з’яўляліся тады даволі часта, але лермантаўская характарыстыка найбольш падыходзіць менавіта яму – грузіну па нацыянальнасці, які за дзесяць гадоў працы ў Мінску так і не вывучыў беларускай мовы, які ў сваім “крывавым” часе сапраўды не разумеў, каго кідаў у турмы і адпраўляў на той свет з кляймом ворага народа.

Той, хто ўздымае карніцкі меч, пад мячом і загіне. Цанава сканаў у Бутырскай турме ў 1955-м – нібыта ад сардэчнай недастатковасці (дзяжурны дыягназ, які запісвалі шмат каму для пазнейшых фальшывых даведак). Хутчэй за ўсё, Лаўрэнцію ІІ (першым быў Берыя) дапамаглі развітацца з гэтым светам яго былыя саслужбоўцы – занадта многа ён ведаў пра злачынствы тагачаснай улады.

Нямала ведаем пра тыя злачынствы і мы, хоць трапіць у архіў КДБ у Мінску іншы раз нашмат цяжэй, чым у архівы ФСБ ці СБУ ў Маскве ці Кіеве. Але асабліва настойлівыя даследчыкі праўды дашукваюцца дзе заўгодна – як, напрыклад, светлай памяці Леанід Маракоў, які за кароткі час адзін паспеў зрабіць столькі, колькі ў другіх краінах робяць цэлыя інстытуты нацыянальнай памяці.

Сустракаліся мне ў друку публікацыі пра той “крывавы” час і гісторыка Эмануіла Іофе. Дзесьці я згаджаўся з аўтарам, дзесьці не, але падаць свой матэрыял ён умеў. І таму днямі я з цікавасцю ўзяў у рукі яго нядаўнюю кнігу «Лаврентий Цанава. Его называли “белорусский Берия”».

Прызнацца, яна мяне ашаламіла. Не колькасцю апублікаваных у ёй унікальных дакументаў, не тым, што на забойцу гаўляйтара Кубэ, аказваецца,  рыхтавалася… паэтка Наталля Арсеннева, а аўтарскімі характарыстыкамі героя кнігі.

Цанава ў вачах Іофе – “талантливый аналитик, храбрый и очень коммуникабельный человек… он хорошо разбирался в экономических, политических, хозяйственных и идеологических вопросах… громя врагов революции, он действовал решительно и отважно… ему было присуще чувство справедливости, он был неравнодушен и смел в борьбе с несправедливыми решениями… Лаврентий Фомич особенно боролся со сквернословием и нецензурщиной среди работников НКВД республики… ненавидел клеветников, мошенников и обманщиков… был хорошим семьянином и заботливым дедушкой…”

Падобных выразаў з названай кнігі можна было б навыграбаць і больш. Але спынюся. Калі б апостал Пятро атрымаў на Цанаву такі суправаджальны ліст, то без роздумаў прапусціў бы яго ў рай.

Аўтар кнігі даводзіць, што пік рэпрэсій у Беларусі прыпаў на дацанаваўскі час, калі тут карныя органы ўзначальвалі Берман і Наседкін. Іх “разоблачили” і расстралялі, а рэпрэсіі, маўляў, пайшлі на спад. Вядома ж, усё спазнаецца ў параўнанні, але нялішне будзе нагадаць і пра грахі Цанавы, якіх дастаткова, каб расставіць усе кропкі над “ï”.

Гэта пры Цанаве і з яго санкцыі былі знішчаны акадэмік АН БССР Іван Замоцін, адзін з аўтараў Акта 25 Сакавіка і прэм’ер-міністр БНР Антон Луцкевіч, ксёндз Адам Станкевіч, выдавец “Нашай Нівы” Аляксандр Уласаў, паэт і аўтар песні-гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Макар Краўцоў.

Гэта пры Цанаве і з яго ведама ў мінскай вязніцы катавалі да страты свядомасці аднаго з найлепшых беларускіх празаікаў Кузьму Чорнага (яго заўчасная смерць у 1944-м – вынік тых катаванняў).

Гэта Цанава за забойства народнага артыста СССР Саламона Міхоэлса атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга, прапанаваўшы да паслуг выканаўцаў спецаперацыі ўласны дом пад Мінскам.

Гэта Цанава асабіста кантраляваў масавыя расстрэлы зняволеных на Чэрвеньскай шашы, дзе сёння існуюць некалькі народных мемарыялаў; з расстрэльнай ямы тады ўдалося выпаўзці і выжыць аднаму шчасліўцу – пісьменніку Рыгору Бярозкіну.

Гэта Цанава адказваў за напаўненне лагера для ваеннапалонных у Катыні.

Гэта ў галаве Цанавы ўзнікла “нацдэмаўская арганізацыя”, у якую “талантливый аналитик” уключыў Янку Купалу, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Міхася Лынькова, Петруся Броўку, Пятра Глебку. І свайму непасрэднаму начальніку і апекуну Берыі ў канцы 1938-га паведамляў: “Центральными фигурами националистической фашистской организации в Белорусии в настоящее время являются Колас и Купала”.

Гэта Цанава ў 1939 годзе ў спецвагоне ездзіў па далучанай Заходняй Беларусі, вышукваў нелаяльных да савецкай улады і вырашаў без усякіх судоў, каго да вышэйшай меры, каго на высылку; беларусы тады перажылі ажно чатыры хвалі дэпартацый.

Гэта Цанава толькі за першы год працы ў Беларусі выявіў і арыштаваў (з дапамогай сваіх падначаленых) ажно 27.000 “палітычна ненадзейных”; колькі з іх вярнулася дамоў – невядома.

Гэта пры Цанаве тыя, хто вярнуўся з турмаў і высылак, пайшлі туды ж па другім крузе – Сяргей Грахоўскі, Барыс Мікуліч, Станіслаў Шушкевіч, той жа Рыгор Бярозкін.

Гэта па прамым распараджэнні Цанавы быў у 1951-м арыштаваны і асуджаны міністр асветы БССР Платон Саевіч – толькі за тое, што адмовіўся рэдагаваць кнігу “Всенародная партизанская война в Белоруссиии против фашистских захватчиков”, аўтарам якой значыўся галоўны беларускі чэкіст.

Гэта Цанава ў 1949-м асабіста дапытваў Ларысу Геніюш і, пырскаючы слінай, патрабаваў аддаць архівы БНР…

І на сямі валовых скурах не спішаш усіх цанаваўскіх “заслугаў”. Дзіўна, але, ведаючы пра іх, гісторык Э.Іофе піша: “Когда мне на глаза попадается фраза, что “Цанава – организатор массовых репрессий в Белоруссии”, то задумываюсь и задаю себе вопрос: “А так ли это было? Ведь очень часто Лаврентий Фомич выполнял установки Москвы…”

Атрымліваецца, выканаўца – не вінаваты? Кат не нясе адказнасці за адсечаныя галовы? І кату можна прысвяціць хваласпеўную кнігу, у канцы якой нават выказаць сваё бачанне помніка гэтаму самаму кату.

Свой помнік Цанаву гісторык Іофе ўжо паставіў. Разам з выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне”, адным з заснавальнікаў якога з’яўляецца Міністэрства адукацыі. Вось так цяпер нас спрабуюць адукаваць і выхаваць.

Кажуць, што калі ў паваенным разбураным Мінску адным з першых узводзіўся будынак, дзе цяпер знаходзіцца КДБ, Цанава ў выкапаную для падмурка траншэю кінуў сваю генеральскую папаху – для трываласці. Падмурак атрымаўся сапраўды трывалы, за ўвесь час не даў ніводнай трэшчыны…

Але ці варта даставаць тую папаху і насоўваць яе на вочы, пішучы пра той час? Прызнацца, у мяне як чытача склалася акурат такое ўражанне: гісторык Э.Іофе пісаў сваю кнігу, глыбока насунуўшы на вочы папаху Цанавы.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Умер фотохудожник Юрий Васильев

18 января в Минске умер белорусский фотограф Юрий Васильев, сообщает TUT.by.

Праваабаронцы: У месцах пазбаўлення волі зафіксаваныя выпадкі катаванняў і бесчалавечнага абыходжання

Неабходна вывесці папраўчыя ўстановы з сістэмы МУС, а таксама ўзмацніць грамадскі кантроль за імі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы "Рэспубліка Беларусь: месцы несвабоды. 2017", прэзентацыя якой адбыл