Нягледзячы на ўзрост, мужчына ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і замежных марафонах. За плячыма ў спартсмена тысячы кіламетраў і дзясяткі розных гарадоў.

На нашу сустрэчу Сцяпан Сцяпанавіч прыйшоў пешшу з аднаго канца горада ў другі. Прызнаецца, што грамадскім транспартам не карыстаецца.

Пра першыя старты, пра тое, што думае падчас бегу і як аднаўляецца пасля фінішу, Сцяпан Шалаеў распавёў «Народнай Волі».

У спорце з дзяцінства

– Летам былі марафоны ў Мінску, Кіеве, Валгаградзе, кажа Сцяпан Сцяпанавіч. – Але гады сваё бяруць: чым больш узрост, тым больш часу на аднаўленне сыходзіць.

– Калі не падманваюць падлікі, дык на вашым рахунку 33 тысячы кіламетраў

– На сённяшні дзень ужо 34 тысячы. За спінай 178 марафонаў (з іх 79 сутачных). Афіцыйны спартыўны стаж – 60 гадоў.

На раённых спаборніцтвах выступаў з 8-га класа: займаўся ваенным біятлонам, спартыўным арыентаваннем. Праўда, арыентаваннем займаўся, пакуль не сталі «крыўдзіць»: чым чалавек старэй, тым меншая дыстанцыя прадугледжваецца. А я заўсёды імкнуўся прабіцца ў эліту, дзе самыя доўгія маршруты.

– Зараз у вас вялікі досвед у марафонах, а як усё пачыналася?

– Пачаў я займацца бегам у Маскве, калі рыхтаваўся паступаць у аспірантуру. Трэба было здаваць экзамен па замежнай мове. Але калі некалькі гадзін сядзіш за падручнікамі, то мозг ужо перастае нармальна засвойваць інфармацыю, таму, каб крыху адпачыць, ішоў на стадыён. Словы, якія трэба было вывучыць, запісваў на кардонку – і наперад: дзве гадзіны пабегаў – 30 слоў ніколі не забудзеш. Многія спартсмены ў мой час так рыхтаваліся да экзаменаў.

Пяць кіламетраў прабег, сеў за кнігі, потым яшчэ пяцёрачку – і так у дзень некалькі разоў. У рэшце рэшт давёў адлегласць да 30 кіламетраў, якія прабягаў за адзін раз. Па часе атрымлівалася 1 гадзіна 40–50 секунд. Вядома, цяпер, у 76 гадоў, такія вынікі не пакажу.

А хто вы па прафесіі?

– Скончыў танкатэхнічнае ваеннае вучылішча ў Кіеве. Потым быў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, дзе абараніў дысертацыю. Служыў у Прыбалтыцы, але той клімат паўплываў на здароўе, таму з Узброеных сіл прыйшлося звольніцца ў 1964 годзе. Пасля гэтага ўжо ў Куйбышаве працягнуў адукацыю: паступіў на факультэт канструявання лятальных (касмічных) апаратаў.

Працаваў канструктарам, выкладчыкам у Наваполацку.

Ведаю, што ваш бацька трапіў пад рэпрэсіі…

– Ён атрымаў пяць гадоў высылкі ў Сібір. Некалькі гадоў разам з маці там пражыў і я. Можна сказаць, што тады і пачаў бегаць: бацькі былі на рабоце, а дома – малодшая сястра, якую я няньчыў. Настаўніца адпускала мяне за 5 хвілін да заканчэння ўрока, каб хуценька збегаў дадому: прыбег, перапавіў і назад. Жанчынам у той час толькі 56 дзён пасля родаў адводзілася.

На спаборніцтвы з шакаладам

Якая самая доўгая дыстанцыя з вашым удзелам?

– У Кішынёве 2004 кіламетры. Прабег іх за 27 дзён (бегаў кругамі): з 19 красавіка па 16 мая 2004 года. Гэта быў першы ў свеце прабег на Вялікдзень. Усе дакументальныя пацвярджэнні ўдзелу ў розных стартах у мяне на руках.

Дарэчы, нядаўна я зрабіў запыт, каб даведацца пра сваё становішча ў сустветным рэйтынгу. У групе ад 75 да 79 гадоў займаю 13-е месца.

Чуў, што спартсмены перад стартамі змазваюць ногі адмысловай маззю…

– Некаторыя паміж пальцаў змазваюць вазелінам. Але я не прыхільнік такога метаду, бо вазелін сушыць, таму я ім не карыстаюся.

Як вы рыхтуецеся перад стартам?

– Калі, напрыклад, сёння даведаўся, што спаборніцтвы праз 10 дзён, то адразу ж складаю графік харчавання і трэніровак. Шмат ем курагі, разынак, якія ўмацоўваюць сардэчную цягліцу. У паўсядзённым жыцці я адмовіўся ад мяса. Ужываю розныя кашы – каля 1,5 тысячы кілакалорый у суткі.

Падчас сутачнага марафону на сталах абавязкова павінен прысутнічаць шакалад. Асабіста я на спаборніцтвы на ўсялякі выпадак две-тры шакаладкі з сабой бяру заўсёды.

Наколькі важная экіпіроўка?

– Самае галоўнае – гэта абутак. Нядаўна купіў красоўкі ў Санкт-Пецярбургу, але, калі шчыра, мне падабаецца бегаць у кедах, якія ўжо страцілі амартызацыю (смяецца). За год налічваецца некалькі тысяч кіламетраў, таму не ўвесь абутак, вядома, вытрымлівае.

Як аднаўляецеся пасля спаборніцтваў?

– Прабегчы маршрут – паўсправы, бяда пачынаецца пасля фінішу, калі ног проста не адчуваеш.

Пасля заканчэння дыстанцыі пажадана прыняць ванну ці схадзіць у саўну, каб патрымаць ногі ў цёплай вадзе. Але нельга ісці ў парную, бо на сэрца будзе вельмі вялікая нагрузка.

Пра што думаеце на доўгіх дыстанцыях?

– Толькі не пра бег (смяецца). Складаю вершы, перамнажаю двухзначныя лічбы. Мозг практыкуецца падчас фізічных нагрузак.

Ведаю, што ваша жонка таксама ўдзельнічае ў стартах…

– Апошнім часам не, але раней бегала. Калі я трэніраваўся ў зале, то ёй шмат часу даводзілася быць адной. Прапанаваў хадзіць са мной, каб не было сумна. Праз некаторы час жонка таксама пачала бегаць. Пазней прапанаваў паўдзельнічаць у марафоне на сто кіламетраў у Адэсе, а яна пагадзілася. За 16 гадзін жонка пераадолела дыстанцыю.

Займала прызавыя месцы, удзельнічала ў сутачных марафонах.

Якая геаграфія вашых стартаў?

– Самая заходняя кропка – гэта Францыя: на чэмпіянаце Еўропы выступаў за зборную Беларусі ў 1996 годзе. Усходнім пунктам стаў пасёлак у Расіі ў 180 кіламетрах ад горада Брацка. Потым быў Архангельск (поўнач) і Адэса. Гарадоў, вядома, за ўсе гэтыя гады налічыцца шмат.

Ад некаторых стартаў зараз даводзіцца адмаўляцца па эканамічных прычынах. Квіткі, начлег, харчаванне, стартавыя ўзносы – гэта нятанна. Раней арганізатары марафонаў дасылалі запрашальныя. Зараз рабіць заяўку трэба самастойна праз інтэрнэт. Напрыклад, ва Украіне ў гэтым годзе мне пайшлі насустрач – зрабілі зніжку, а так усё за свой кошт.

Але, нягледзячы на гэта, рухацца трэба, таму буду бегаць.