Актывісту Леаніду Кулакову за ўдзел у “Маршы абураных беларусаў 2.0” прызначылі буйны штраф

24

Справу Кулакова ў судзе Першамайскага раёна сталіцы разглядала суддзя Святлана Чараповіч. Актывіст заявіў два хадайніцтвы — аб недаверы суддзі за яе “слабую юрыдычную падрыхтоўку” і аб меры пакарання. Кулакоў прасіў пакараць яго арыштам, паколькі ён з`яўляецца беспрацоўным і не мае сродкаў на аплату штрафаў. Але суддзя пасля кароткага перапынку вынесла пастанову — штраф 40 базавых велічынь (920 рублёў).

У каментарыі БелаПАН Кулакоў заявіў, што штраф — “гэта не пакаранне, а рэпрэсіі за іншадумства”, бо на марш выйшлі людзі з пратэстам супраць дзейнага палітычнага рэжыму, які супярэчыць Канстытуцыі”. На пытанне, ці будзе ён плаціць гэты штраф альбо падаваць заяву на перагляд справы, актывіст адказаў: “Пакуль не ведаю. Можа, і буду падаваць, але гэта не мае сэнсу”.

Таксама за ўдзел у акцыі сёння ў судзе Маскоўскага раёна Мінска разгледжана справа сустаршыні руху салідарнасці “Разам” Алены Талстой. Яна не змагла патрапіць на суд па паважлівай прычыне. Пакуль вынік пасяджэння невядомы. Талстая патлумачыла БелаПАН, што ў акцыі не удзельнічала і на плошчы з`явілася ўжо пасля яе завяршэння. Яна лічыць, што справа супраць яе “цалкам фальсіфікацыя”.

Ініцыятарам “Маршу абураных беларусаў 2.0” выступіў Беларускі нацыянальны кангрэс. Мэтай акцыі было выказаць пратэст у сувязі з сацыяльна-эканамічнай палітыкай уладаў. У акцыі ўзялі ўдзел прыблізна 150 чалавек.

Поделиться ссылкой: