Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Чытач “Народнай волі” з Брэста звярнуўся ў рэдакцыю з лістом, распавёўшы пра петыцыю з заклікам да беларускіх адукацыйных уладаў “замяніць у айчынных школах” курс рускай літаратуры на курс сусветнай літаратуры, наракаючы на тое, што наша грамадскасць надае гэтаму пытанню “замала ўвагі”.
10:00 13 лістапада 2017
93
Памер шрыфта

На маю думку, пастаноўка такога пытання мае ўсе падставы. Напрыклад, ад пачатку 1990-х гадоў усе ўкраінскія школьнікі вывучаюць два паралельныя літаратурныя курсы – “Украінская літаратура” і “Сусветная літаратура”. Найноўшыя міністэрскія праграмы гэтых курсаў чытачы лёгка могуць знайсці ў інтэрнэце.

А што ж у Беларусі? З сярэдзіны 90-х гадоў тут назіралася выразнае памкненне вярнуць стан выкладання гуманітарных прадметаў у савецкія рамкі. Прадмет “руская літаратура” заставаўся нечапаным, хоць нашы інтэлектуалы, настаўнікі, выкладчыкі не раз ставілі пытанне: а чаму побач з роднай, беларускай літаратурай у якасці асобнай дысцыпліны ў беларускіх сярэдніх школах вывучаецца менавіта і толькі руская? Калі ўзяць пад увагу аргумент, што стваральнікі рускай літаратурнай класікі моцна паўплывалі на нашых класікаў (а гэта сапраўды так), то ніхто хоць колькі-небудзь абазнаны ў гэтай праблеме не будзе адмаўляць, напрыклад, таго велізарнага ўплыву, які на творчасць нашых класікаў – Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка або Янкі Брыля – мела класічная польская літаратура. Або наўрад ці знойдзецца той, хто б мог аргументавана абвергнуць факт вельмі значнага ўплыву класічнай украінскай літаратуры на творчасць Максіма Багдановіча ці Уладзіміра Караткевіча… З гэтага пункту погляду было б лагічным, калі б у нейкіх класах базавай ці сярэдняй школы выкладалася руская літаратура, а ў іншых класах – польская і ўкраінская (практычна ўсе найважнейшыя творы іх знакавых постацяў перакладзеныя і на беларускую, і на рускую мовы).

Не будзем, аднак, будаваць тут паветраных замкаў. На працягу многіх гадоў кадры ў беларускі ўрад, у міністэрства адукацыі, дый нават у Нацыянальны інстытут адукацыі, падбіраліся з улікам усёабдымных інтарэсаў “русского мира”. Калі сёння пакінуць у складзе вучэбных планаў нашых школ дысцыпліну “беларуская літаратура” і прыбраць з гэтых планаў “рускую літаратуру”, пачнуцца, што называецца, “выццё” і “скрыгат зубоўны”. Не прамаўчыць і ўсходні сусед, які ўбачыць у такім кроку замах на свае вялікадзяржаўныя амбіцыі і інтарэсы. Гэта нічога, што ў адной частцы “Саюзнай дзяржавы” школьнікі абавязаны вучыць не толькі Пушкіна, Талстога, Дастаеўскага ці Булгакава, але і Ламаносава з Дзяржавіным, Фетам або Караленкам, а ў другой яе частцы не знаходзіцца хоць бы некалькіх гадзін для знаёмства дзяцей і падлеткаў ну хоць бы з творчасцю Гусоўскага, Скарыны, Купалы, Барадуліна або Разанава…

Кампрамісным падыходам (да якога нават адкрытым імперцам-шавіністам было б цяжка выставіць у лоб свае прэтэнзіі) было б увядзенне ў беларускіх установах агульнай сярэдняй адукацыі аднаго курса з назвай “Літаратура”, а яшчэ лепш – курса “Літаратура і мастацтва” – бо сёння чыноўнікі адумаліся і паступова вяртаюць у вучэбныя планы прадмет, рэвалюцыйна выдалены адтуль у 2008 г. з ініцыятывы акадэміка-фізіка Анатоля Рубінава. У гэтым выпадку ў школах з адпаведнымі мовамі навучання вучні б засвойвалі неабходны навуковы апарат і тэрміналогію на гэтых мовах, а самі літаратурныя творы (у тым ліку перакладныя) чыталі б па-беларуску і/або па-руску. І тады б у школьнай праграме стаялі побач “Слова пра паход Ігаравы” і “Боская камедыя”, “Песня пра зубра” і “Прадмова да кнігі “Юдзіф”, “Гамлет” і “Дон Кіхот”… Па чарзе б вывучаліся Гётэ і Байран, Міцкевіч і Пушкін, Шаўчэнка і Вераніцын, Бальзак і Талстой, Дастаеўскі і Гамсун, Ажэшка і Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч і Чэхаў, Купала і Блок, Леся Украінка і Багдановіч, Колас і Рыльскі, Пастарнак і Ахматава, Аляхновіч і Салжаніцын, Арсеннева і Цвятаева, Твардоўскі і Барадулін, Хемінгуэй і Быкаў, Мілаш і Разанаў…

Менавіта так была пабудавана праграма па вывучэнні літаратуры ў Беларускім гуманітарным ліцэі, у складанні і наступнай дапрацоўцы якой бралі ўдзел, акрамя аўтара гэтых радкоў, доктар філалагічных навук Міхась Тычына, кандыдаты філалагічных навук Пятро Васючэнка і Ігар Шаладонаў.

На заказ Нацыянальнага інстытута адукацыі ў канцы 90-х гадоў адпаведныя распрацоўкі (канцэпцыя і праекты праграм) былі прадстаўленыя туды як аснова да пераходу да 12-гадовай сярэдняй школы. Як мы ведаем, такі пераход так і не адбыўся…

Пасля афіцыйнага закрыцця ўладамі ліцэя ў 2003 годзе праца па гэтай праблеме была прадоўжана на базе творчага калектыва, што працуе ў межах лабараторыі “Еўрапейская школа – ХХІ стагоддзе” на базе РГА “Таварыства беларускай школы”. Супрацоўнікамі гуманітарнага ліцэя і названай лабараторыі распрацаваны неабходныя праграмы, праекты падручнікаў, хрэстаматый і дапаможнікаў для старэйшых класаў, шэраг з якіх ужо выдадзены ў выглядзе кніг і брашур (іх вокладкі можна бачыць на здымку). На жаль, за апошнія 20 гадоў пайшлі з жыцця гарачыя прыхільнікі новага падыходу выкладання літаратуры ў беларускай школе – акадэмік Міхась Лазарук, дактары філалагічных навук Ірына Шаблоўская, Галіна Адамовіч, некаторыя шчырыя і адданыя справе беларускія настаўнікі… Тым не менш, я ведаю спецыялістаў, якія і сёння працуюць у навукова-даследчых цэнтрах, ва ўстановах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі і якія ў любы момант былі б гатовыя далучыцца да такой працы і прадоўжыць яе.

Што гэтаму перашкаджае? На мой погляд, толькі каланіяльная свядомасць асоб, якія адказваюць сёння за стан нашай адукацыі. Працэс ідзе, хутчэй, у адваротны бок, пра што я ўжо не раз пісаў, таксама і ў “Народнай волі”. Калі, да прыкладу, у 1997 годзе беларускія дзесяцікласнікі мелі магчымасць пазнаёміцца па-беларуску з урыўкамі з Бібліі, з творамі Гамера і Эсхіла, Катула і Вергілія, Ду Фу і Умара Хаяма, Дантэ і Петраркі, Мальера і Гётэ, Міцкевіча і Байрана, Бальзака і Лесі Украінкі, Канапніцкай і Верлена – то сёння “сусветны кампанент” у дзейнай праграме па беларускай літаратуры амаль што дашчэнту вынішчаны.

Таму петыцыю, прапанаваную нашым чытачам, трэба, безумоўна, падтрымаць, але і не спыняцца на гэтым!

Тэмы:, ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

9 лістапада 2017

Як уладкаваная фінская сістэма адукацыі і чаму яна не запрацуе ў Беларусі

Піша Якуб Лапатка — беларус, які жыве ў Фінляндыі.
10 кастрычнiка 2017

Школа без Каліноўскага

Ёсць такая народная прыказка: сей авёс у гразь – будзеш князь. Сэнс яе ў тым, што ўсё трэба рабіць своечасова, і тады атрымаеш добры ўраджай.
5 кастрычнiка 2017

“Хочацца ўкленчыць і перахрысціцца”: у Мінску адкрылі выставу, прысвечаную рэпрэсаваным пісьменнікам

Выстава “Страчаныя абліччы”, прысвечаная рэпрэсаваным беларускім літаратарам,  адкрылася ўчора ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. І гэта, бадай, самая моцная экспазіцыя, якую бачыў Мінск (ка