Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Менавіта так кажуць некаторыя ўдзельнікі чэмпіяната Беларусі па гіравым марафоне, на які запрасілі карэспандэнта “Народнай Волі”.
11:56 13 лістапада 2017
294
Памер шрыфта

Скажу адразу: удзельнічаць не збіраўся (бо для непадрыхтаванага арганізма ўздыманне гіры можа скончыцца дрэнна), а вось паглядзець і сапраўды было на што.

Харчовы камунізм і адзінагалосная воля народа

Месцам правядзення 7-га чэмпінату краіны па гіравым марафоне, якую ладзіла аднайменная федэрацыя (праўда, пакуль афіцыйна не прызнаная Міністэрствам спорту Беларусі) была абрана Мар’іна Горка.

Разлік арганізатараў быў просты: у Мінску, перасычаным футболам-хакеем і тэнісам, мерапрыемства магло б загубіцца і прайсці незаўважаным, а для маленькага гарадка – гэта падзея.

Для правядзення спаборніцтваў мясцовая ўлада выдзеліла лепшую ў Мар’інай Горцы спартыўную залу — у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Вікторыя” . Удзельнікаў і наведвальнікаў чэмпіянату пастараліся здзівіць проста з парога – коштамі ў імправізваным буфеце.

—Гэта ж трэба, піражок з капустай 35 капеек. Глядзіце, і з бульбай столькі ж каштуюць. І беляшы па 80! За гэтыя грошы ў Мінску толькі ў метро пракаціцца можна. А тут нейкі харчовы камунізм, — шчыра здзіўляўся Вячаслаў Харанека, самы вядомы айчыны гіравік, аўтар некалькіх рэкордаў, зафіксаваных у Кнізе Гінеса.

Вячаслаў Харанека і Валерый Шарый

Зрабіўшы ўслых няхітрыя падлікі, Вячаслаў Васільевіч ўсё ж такі не стаў купляць тыя самыя піражкі з беляшамі.

Не тое каб яны выглядалі неапетытна, хутчэй наадварот – проста спартсмен, які збіраецца ўздымаць тоны жалеза, да выступлення павінен быць амаль галодным.

Таму выбар Вячаслава Харанекі ў буфеце абмежаваўся кавай без цукру. З пластыкавым кубкам беларускі асілак накіраваўся на трыбуну спортзала.

А тут, прама на трыбуне ( у спартсменаў, напэўна, па-іншаму быць і не магло) распачыналася канферэнцыя грамадскай арганізацыі “Беларускія майстры гіравога спорту”. Рэй вёў адзін з яе кіраўнікоў, майстар  спорту, чэмпіён свету па гіравым марафоне Сяргей Мацкевіч.

Сяргей Мацкевіч

Сутнасць яго кароткай прамовы была ў наступным: арганізацыі трэба надаць назву, якая б уключала ў сабе слова “Федэрацыя”. Гэта дазволіць грамадскай арганізацыі, у якой па сутнасці ўсё робіцца сіламі альтруістаў і фанатаў сваёй справы, прэтэндаваць на афіцыйнае супрацоўніцтва з міністэрствам спорту Беларусі. Ініцыятыва Мацкевіча была падтрымана адзінагалосна, у лепшых традыцыях камуністычных часоў.

Дарэчы, узначальвае арганізацыю першы беларускі алімпійскі чэмпіён па цяжкай атлетыцы Валерый Пятровіч Шарый. Думаецца, што з такім кіраўніком і да прызнання ў Мінспорту недалёка.

“Пра дзевак потым думаць будзеш…”

Нарэшце, усе арганізацыйныя моманты былі вырашаны, з прывітальнымі словамі выступілі афіцыйныя асобы, намесніца старшыні Пухавіцкага раённага выканаўчага каміэта Наталля Чарнышова раздала ганаровым гасцям (сярод якіх быў і дэпутат Палаты Прадстаўнікаў Віталь Місевец) пакеты з памятнымі падарункамі (там нават былі нататнік, асадка і магніт на халадзільнік з гербам Мар’інай Горкі) – і спаборніцтвы пачаліся.

У чэмпіянаце спаборнічалі каля 50 спартсменаў. На пяці памостах пад пільным наглядам суддзяў, спартсмены пачалі змагацца.

Адным з першых на памост выйшаў сам Сяргей Мацкевіч. Атлет цягам 30 хвілін уздымаў 24 кілаграмовую гіру. У выніку першы рэкорд чэмпіяната быў зафіксаваны: у “ветэранскай” намінацыі, дзе выступалі спартсмены ад 40 да 44 гадоў, Мацкевічу ўдалося ўзняць гіру 667 разоў. Гэты вынік, які даўся Сяргею вельмі цяжка, дазволіў яму прайсці кваліфікацыю на бліжэйшы чэмпіянат свету.

— У апошнія хвіліны я пачуваўся не вельмі добра, адчуў, як баліць пячонка, — прызнаўся Сяргей пасля выступлення. Я ж некалькі дзён недасыпаў-недаядаў, займаўся арганізацыяй спаборніцтваў, вось здароўе трохі і падвяло.

Так, гіравы спорт можа быць не такі відовішчны, як, напрыклад, камандныя віды спорту, але ў эмацыйным плане, у плане чалавечай вытрымкі, волі, неабмежаваных магчымасцяў чалавечага арганізма – тое што трэба. Эмоцыі і барацьба з самім сабой прысутнічаюць тут і б’ юць праз край.

—Лёша, Лёшанька, не стаім працуем. Пра дзевак потым падумаеш, – крычаў свайму выхаванцу, бабруйчаніну Аляксею Зелікаву трэнер Уладзімір Гарбылёў. І здаралалася гэта ў тыя моманты, калі спартсмен заміраў і пераставаў уздымаць 24-кілаграмовую гіру. Цяжка, невыносна цяжка. Здавалася атлет літаральна угаворвае яе падняцца над галавой яшчэ і яшчэ.

Не магу сказаць пра што канкрэтна пад трэнерскія воклічы думаў Аляксей Зелікаў, можа пра жанчын, можа пра тое, што варта кінуць гіру на падлогу, але… Адліты ў гіры метал “паслухаўся” Зелікава. Аляксей стаў уладальнікам “Славянскага Кубка”, які разыгрываўся ў межах чэмпіяната краіны.

Калі амаль усе мужчыны выступілі, на памост выйшлі прадстаўніцы – не, не слабога дакладна – цудоўнага пола. Міф пра тое, што гіры не жаночы від спорта, у размове з “Народнай Воляй” разбурыла Святлана Доўгая.

Святлана Доўгая

Першае што я папрасіў у Святланы пасля выступлення – паказаць рукі.

—Калі на руках кроў пасля працы з гірай – гэта нармальна, – гаворыць Святлана. Праўда я навучылася з ёй працаваць так, што амаль ніякіх слядоў не застаецца.

— Святлана, вы прыгожая дзяўчына. Як вас у гіры занесла? Здаецца ж не жаночая справа…

— Я ўвогуле спартыўны чалавек, з дзевяці гадоў займаюся спортам. Спачатку была лёгкая атлетыка – скачкі ў вышыню. Скончыла БГУФК па гэтай спецыялізацыі, вярнулася ў родную Мар’іну Горку, працую выкладчыкам фізічнага выхавання ў мясцовым аграрна-тэхнічным каледжы. Там і зацікавілася гіравым спортам. Вырашыла паспрабаваць. Першы раз я ўзяла гіру ў рукі ў сакавіку гэтага года…  А зараз вольнага часу з’явілася шмат, бо знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку… Знаходжу час для заняткаў.

— Муж не супраць?

— Ён сам спартсмен, таму падтрымлівае маё пачынанне.

— Трэніроўкі далі плён, вы сталі чэмпіёнкай краіны, узняўшы за 15 хвілін 5280 кіло. Не цяжка?

— У гэтым відзе спорту сіла не галоўнае, галоўнае тэхніка… Так што не цяжка. Галоўнае ўсё рабіць правільна і любіць справу, якой займаешся.

Цалкам згодны са Святланай Доўгай яшчэ адзін удзельнік чэмпіяната Беларусі па гіравым марафоне — Уладзімір Славашэўскі са Светлагорску. Мужчына настолькі любіць гіравы спорт, што быў гатовы абанкруціць спортаддзел роднага прадпрыемства…

—Працую я майстрам змены на “Хімвалакне”, — распаядае ён. Гірамі я б і не займаўся, калі б аднойчы мяне не папарсілі выступіць на міжцэхавых спаборніцтвах. Выступіў, перамог, уцягнуўся… Быў прызёрам і чэмпіёнам Светлагорска.

Уладзімір Славашэўскі

Стаў цікавіцца, дзе ж буйныя спаборніцтвы праводзяцца. Вычытаў, што ў Архангельскуа было гэта некалькі гадоў там пройдзе чэмпіянат свету. Звярнуўся я ў спортклуб роднага прадпрыемства. Так і так, на чэмпіянат свету хачу. Грошай, праўда, спачатку не далі, маўляў, толькі праезд да Архангельска пацягне ўвесь бюджэт, які прадпрыемства выдзяляе на спорт. У Расію я ўсё ж такі паехаў, за ўласныя грошы, роўна як робяць гэта многія беларускія атлеты. Там я стаў чэмпіёнам свету, а на прадпрыемстве, даведаўшыся пра гэта, прэмію выпісалі…

Пакуль я размаўляў са спартсменамі, абавязковая праграма чэмпіяната Беларусі па гіравым марафоне скончылася. Арганізатары рыхтавалі “разынку” — выступленне Вячаслава Харанекі.

Перанёсшы дзве складаныя аперацыі па замене суставаў на нагах, атлет не пакідае памост. Праўда, стоячы, уздымаць гіру ўжо не можа. Гэта небяспечна з медыцынскага пункту гледжання.

—Я не магу пакінуць любімую справу, — сказаў Харанека. – Нельга ўздымаць гіру стоячы, буду рабіць гэта ў ляжачым палажэні, калі не дай Бог, што-небудзь з рукамі здарыцца, прыдумаю яшчэ штосьці…

Мэтанакіравансці і адданасці гіравому спорту, якія жывуць унутры гэтага чалавека, можна па добраму пазайздросціць. Не адкладаючы справу надоўга, Вячаслаў Харанека прылёг на гімнастычны мат уабдымку з дзвюма 32 кілаграмовымі гірамі. Каб устанавіць чарговы ў сваёй кар’еры рэкорд, атлету неабходна было ўзняць гіры 310 разоў на працягу 15 хвілін. А гэта ні многа ні мала амаль 10 тон вагі.

… Табло пачало адлік часу, суддзі пачалі фіксаваць колькасць уздымаў. Трыбуны перашэптваліся – зробіць-не зробіць…

Зрабіў! Узняўшы гіру апошні, 310-ы раз, з вуснаў інтэлегентнага і спакойнага Вячаслава Харанекі выравалася недрукаванае слова…

—Прабачце, эмоцыі. Затое тут, на памосце, як і ў жыцці, ўсё па-сапраўднаму…

Фота аўтара

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Футболисты БАТЭ сыграли вничью с «Црвеной Звездой» 0:0 в 5-м туре Лиги Европы

Футболисты борисовского БАТЭ сыграли вничью 0:0 с белградской "Црвеной Звездой" в домашнем матче 5-го тура группового этапа Лиги Европы.
23 лістапада 2017

Вадим Сашурин: «Только от здорового человека можно ждать побед»

Наиболее титулованный белорусский биатлонист, на счету которого более полутора десятков наград зимних и летних чемпионатов мира, поменял профессию. Ныне он специалист по общефизической подготовке.
22 лістапада 2017

На чэмпіянат свету – за свае грошы

Беларускія майстры гіравога спорту адпраўляюцца на чэмпіянат свету ў Італію, які пройдзе ў Мілане з 24 па 26 лістапада.