«Канечне, я не хачу ідэалізаваць сітуацыю. Мы не павінны думаць, што ўсё дасканала. Але ў нас ёсць жаданне мець добрыя адносіны. І на самым высокім узроўні паміж Святым Пасадам і беларускай дзяржавай гэта адбываецца. Ёсць добрая воля з абодвух бакоў. Тым не менш, працуючы ўжо больш за год у Менску, я бачу наяўнасць пытанняў, якія яшчэ патрабуюць вырашэння, і мы працуем над гэтым. Жыццё, яно такое: мы заўсёды павінны вырашаць цяжкасці, але важна, што існуе добрая воля з абодвух бакоў і з ёй мы крочым наперад», – сказаў іерарх.

10 лістапада 2017 года арцыбіскуп Пінтэр быў прыняты на аўдыенцыі ў Ватыкане Пантыфікам. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся розныя пытанні, у тым ліку магчымы візіт Папы ў Беларусь, перадае belsat.eu.

«Магу пацвердзіць, што гаворка ішла таксама і пра гэта. Мы шмат працуем, каб візіт адбыўся. Хачу папрасіць усіх радыёслухачоў маліцца ў гэтай інтэнцыі, бо сітуацыя яшчэ не зусім ідэальная, але мы спадзяемся, што хутка гэты момант наступіць. Усе гэтага жадаюць, мы ўсе гэтага жадаем», – дадаў Пінтэр.

11 лістапада 2017 года адзначаецца 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь.