На яе думку, запаўняльнасць залаў «Лiстападзiка» актуальная не першы год, і гэта праблема не арганізатараў фестывалю, якія «са свайго боку робяць усё, што могуць».

«Фільмы прывезлі выдатныя. Але што адбываецца далей? Білеты раздаюцца ў школы па загадзе, таму што канікулы, — сказала пісьменніца. — У гэтым годзе пісьменнікі Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак правялі вялікую падрыхтоўчую работу да фестывалю. Яны пісалі пра кожны фільм, што трэба паглядзець і для якога ўзросту, праводзілі сустрэчы. Пасля гэтага людзі захацелі ў кіно. Мы прыходзім у касу, у нас пытаюцца: «Вы са школы?» Не. Адказваюць: «А білетаў няма, яны ўсе ў школах». І гэта вельмі горка. Нават многія класныя кіраўнікі не маглі трапіць на лепшыя фільмы «Лiстападзiка», напрыклад на «Падарожжа Фані».

Гэта фільм пра Халакост, адзначыла Бяршацкая. Паводле яе слоў, гісторыя ганенняў актуальная заўсёды, і дзецям трэба гэта бачыць. «І ўсё роўна паўпустая зала. Але білетаў не купіць. У цэнтры залы некалькі радоў падлеткаў, якія смяюцца. Не таму, што яны дрэнныя. Іх ніхто не падрыхтаваў да прагляду гэтага фільма. Ім проста сумна. Калі б гэта былі дзеці, якія хацелі там быць, з якімі папярэдне пагаварылі аб тэме Халакосту, падрыхтавалі», — сказала сцэнарыстка.

«У іншым выпадку настаўніца змагла дастаць для сваіх вучняў з 22 квіткоў ўсяго шэсць. Ім гераічна ўдалося прарвацца на іранскі фільм «Подых жыцця», намінаваны на «Оскар». Пранізлівы, неверагодны фільм, але адбываецца тое ж самае — паўпустая зала сядзіць у тэлефонах, хіхікае. Рэжысёр карціны некалькі разоў выбягала з залы. Уявіце, як ёй было гэта бачыць», — сказала яна.

На думку Бяршацкай, сёлета «хацелі зрабіць як лепш, а выйшла жудасна». «Так нельга, трэба адназначна ісці нейкім іншым шляхам. Гэта ўспрымаецца як непавага да арганізатараў фестывалю, якія знайшлі цудоўныя фільмы для дзяцей. А дзеці іх не бачаць або бачаць не тыя, хто хацеў бы. Гэта непавага да аўтараў фільмаў, да дзяцей, якія хацелі б прыйсці, але не атрымалася, да педагогаў, якія сапраўды працуюць са сваімі вучнямі», — адзначыла член журы.

Напрыканцы яна пажадала, каб тыя, хто адказвае за напаўненне залаў, «пайшлі іншым шляхам, а не імкнуліся да справаздачнасці, што на «Лiстападзiк» было прададзена 100% білетаў».

Фестываль «Лістапад» адбыўся з 3 па 10 лістапада на некалькіх кінапляцоўках Мінска. За гэтыя дні было паказана 164 карціны, у тым ліку 94 конкурсных, з 55 краін. Лепшым фільмам «Лістападзіка» стала французская карціна Лолы Дуаён «Падарожжа Фані». Гледачы ж аддалі сваю перавагу нямецкай кінаверсіі аповесці пісьменніка Джэймса Круса «Цім Талер, або Прададзены смех» рэжысёра Андрэаса Дрэзена.