Не ўдзельнічаў, але вінаваты!

Як паведамляла “Народная Воля”, 1 лістапада суддзя суда Ленінскага раёна Мінска Святлана Мятлёнак пакарала Някляева 10-сутачным арыштам за нібыта заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным “Маршы абураных беларусаў 2.0”, які прайшоў у Мінску 21 кастрычніка і ў якім паэт не ўдзельнічаў. Як заклік ісці на марш суд расцаніў фрагмент інтэрв’ю паэта тэлеканалу «Белсат», версія якога была размешчана на сайце “Хартыя’97”. На пытанне, чаму беларусы павінны пайсці на гэтую акцыю, Някляеў адказаў: “Дэкрэт №3, супраць якога актыўна пратэставалі на працягу больш як года не толькі прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, але і ўсе беларусы, па сутнасці, не адменены. Лукашэнка спачатку пагадзіўся з тым, што ён няправільны, што трэба нават вярнуць грошы тым людзям, якія ў іх былі адабраны, і некаторым людзям вярнулі. Я быў на адной сустрэчы, і там казалі: «Чаго мы пойдзем на гэтую пратэстную акцыю, калі нам вярнулі грошы?» Але па сутнасці ён, я маю на ўвазе дэкрэт, не адменены, і там нават зроблены не лепшыя для простага чалавека, а больш жорсткія ўдакладненні. Практычна па гэтым дэкрэце ўсіх, хто з-за нейкай прычыны часова або пастаянна не мае працы, можна заявіць дармаедамі і займацца паборамі з іх. Так што калі ёсць воля абараняць свае правы, то трэба ісці і іх абараняць.

Паралельны свет

Цікава, што на пачатку лістапада сродкі масавай інфармацыі паведамілі пра суд у Лідзе, які спыніў справу супраць актывіста Валерыя Мінца, якога таксама паводле міліцэйскага пратакола вінавацілі ў закліках да несанкцыянаванай акцыі 8 верасня ў Мінску. Справы Мінца і Някляева вельмі падобныя.

5 верасня на сайце Беларускага нацыянальнага кангрэса з’явілася інтэрв’ю з Мінцом, якое пазней працытавала «Хартыя’97».

«Я прызнаў, што ў артыкуле ёсць мае словы, але заявіў суду, што не маю дачынення да меркавання аўтара, якое мне прыпісвалі, – заявіў журналістам Мінец. – Надзіва, суд прыняў мае довады і палічыў, што мая віна не даказана. Канечне, мне было вельмі прыемна, што суд вынес справядлівае рашэнне. Бо я на суд захапіў цёплую вопратку – думаў, мяне, як і Някляева, адправяць на арышт”.

“Лідскі суд абсалютна за тое самае, за што мяне асудзілі, апраўдаў лідскага актывіста апазіцыі, – здзіўляецца Уладзімір Някляеў. – Дык што: у адной і той жа краіне розніца ў законах? Ці розніца ў судах: Лідскім і Ленінскім?”

(Не)дапушчальныя доказы

Якраз учора Уладзімір Някляеў атрымаў копію пастановы суда.

На чатырох старонках пастановы суддзя Святлана Мятлёнак піша пра што заўгодна, толькі чамусьці не прыводзіць як доказ віны тыя словы закліку, за якія яна прыгаварыла мяне да турмы, – гаворыць Някляеў. І гэта невыпадкова, бо такіх слоў проста няма. Ёсць толькі жаданне неяк апраўдацца за несправядлівы прыгавор – і вось як яна апраўдваецца: «Распечатка интернет-страницы «Хартия97» является ДОПУСТИМЫМ ДОКАЗАТЕЛЬСТВОМ…»

А вось такая ж «распечатка» для суда Лідскага раёна не является доказательством”, нават допустимым”!

Дык што «допустимо»? Тое, што загадаюць выканаць?

ПРОФІЛЬ

Хто такая Святлана Мятлёнак?

“Народная Воля” пацікавілася, хто такая Святлана Мятлёнак, якая вырашыла пасадзіць знакамітага паэта на 10 сутак. Колькі ёй гадоў, дзе яна вучылася, дзе працавала, якія справы разглядала?

Здавалася б, простая справа – знайсці біяграфію суддзі. Але, як высветлілася, гэтыя дадзеныя старанна ахоўваюцца – як інфармацыя асабістага характару. Біяграфіі некаторых старшынь судоў і іх намеснікаў можна знайсці ў адкрытым доступе, а вось інфармацыі пра шараговых суддзяў вельмі мала. Ні фотаздымкі, ні нават самыя мінімальныя біяграфічныя звесткі пра іх на сайтах судоў не вывешваюць. І не плануюць гэта рабіць у бліжэйшай будучыні. Паводле слоў кіраўніцы прэс-службы Вярхоўнага суда Юліі Лясковай, гэта робіцца ў першую чаргу ў мэтах бяспекі саміх суддзяў.

Хаця тлумачэнне спрэчнае: калі нехта захоча даведацца пра лад жыцця таго ці іншага суддзі, то зробіць гэта лёгка.

Як высветліла “Народная Воля”, Святлана Леанідаўна Мятлёнак пачала сваю кар’еру не так даўно. Яна скончыла юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. У інтэрнэце можна знайсці накіраванне на вытворчую практыку студэнтаў 5-га курса (спецыяльнасць «правазнаўства»), падпісанае тагачасным рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам. Святлана Мятлёнак у 2012 годзе трапіла на практыку якраз у суд Ленінскага раёна Мінска, дзе цяпер працуе суддзёй.

Два гады таму прэзідэнцкім указам ёй быў прысуджаны пяты кваліфікацыйны клас.

Між іншым, суддзя Мятлёнак судзіла Някляева і за ўдзел у першамайскім мітынгу на Кастрычніцкай плошчы Мінска. Паводле міліцэйскага пратакола, тады Някляеў падчас мітынгу на прыступках Палаца Рэспублікі выкрыкваў у мегафон лозунг “Жыве Беларусь!” і “Баста!”, а потым браў удзел у несанкцыянаваным шэсці па тратуарах праспекта Незалежнасці. Праўда, на той суд вядомы паэт і палітык не з’явіўся, Мятлёнак завочна “выпісала” яму штраф на 50 базавых велічынь.

Што тут такога, калі нехта даведаецца пра тое, якую кваліфікацыю мае суддзя, дзе вучыўся, колькі ёй (ці яму) гадоў? Былы суддзя Гары Паганяйла лічыць, што “няма нічога дрэннага ў тым, каб кароткія біяграфічныя звесткі пра суддзяў былі ў адкрытым доступе”.

“Што тычыцца справы Уладзіміра Някляева, то, на маю думку, гэта прыклад неправасуднага рашэння. Гэта проста сорам судовай сістэмы!” – кажа Паганяйла.

РЭЗАНАНС

Спыніць пераслед!

Беларускі ПЭН-цэнтр расцэньвае адміністрацыйны арышт паэта і палітыка Уладзіміра Някляева як факт ціску за яго палітычныя перакананні. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніцтва пісьменніцкай арганізацыі.

Заяву падпісалі новаабраны старшыня ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай, яе намеснікі Павел Анціпаў, Уладзь Лянкевіч і Алена Казлова, а таксама члены рады – Уладзімір Арлоў, Сяргей Дубавец і Андрэй Хадановіч.

“…Лічым, што вынесены Уладзіміру Някляеву прысуд па абвінавачванні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння неабгрунтаваны і недапушчальны. Ужываючы ў дачыненні да 71-гадовага Някляева, які мае сурёзныя праблемы са здароўем, неабгрунтаванае і нематывавана жорсткае пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, улады ставяць пад пагрозу яго здароўе і жыццё.

Згаданае вышэй асуджэнне – чарговая рэпрэсія ўлад у дачыненні да Някляева…”

Беларускі ПЭН-цэнтр заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед, скасаваць прысуд у дачыненні да Уладзіміра Някляева і звяртаецца да міжнароднай супольнасці з просьбай падтрымаць гэты заклік”.

P.S.

У сеціве з’явіўся Адкрыты ліст Уладзіміра Някляева галоўнаму рэдактару газеты «Советская Белоруссия» Паўлу Якубовічу і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку.

“У тэлевізійным «Клубе галоўных рэдактараў», дзе вы з’яўляецеся вядучымі медыаперсонамі, прагучала думка: для таго каб зрабіць крок на шляху дэмакратычных перамен, беларускаму грамадству трэба выйсці з зоны супрацьстаяння. Прасцей сказаць, тым, хто пры ўладзе (ці каля яе), неабходна паразумецца з тымі, хто лічыцца яе апанентамі”, – заўважае У.Някляеў і далей распавядае пра сутнасць сваёй судовай справы. Напрыканцы піша:

“Рэдакцыя газеты «Народная Воля», якая не засталася абыякавай да судовага працэсу, у якім відавочны наступ на свабоду слова, звярнулася да Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў і Беларускага ПЭН-цэнтра, паважаных творчых арганізацый з просьбай зрабіць літаратурна-моўную экспертызу майго інтэрв’ю “Белсату”. Ва ўсіх трох экспертызах майго ЗАКЛІКУ да ўдзелу ў пратэстнай акцыі, якая адбылася 21 кастрычніка ў Мінску, не выяўлена. Але суд не прыняў да ўвагі высновы паважаных творчых арганізацый, у прафесіяналізме якіх, мяркую, і ў вас няма ніякага сумневу. Маўляў, арганізацыі гэтыя грамадскія, а справа ў нас – дзяржаўная. І мне прысудзілі турму. Хоць экспертызы якой-небудзь дзяржаўнай установы ў матэрыялах судовай справы не было.

Я звяртаюся да вас не з тым, каб вы за мяне хадайнічалі, прасілі, – не. Я хачу толькі, каб вы з дзяржаўнага боку, як кіраўнікі вядучых дзяржаўных СМІ, далі прафесійнае заключэнне адносна прычыны, па якой суд пастанавіў мяне зняволіць. Ёсць у тэксце інтэрв’ю заклік да ўдзелу ў акцыі 21 кастрычніка, ёсць падставы для зняволення ці няма?

Так – ці не?

Толькі гэта.

Больш нічога.

Зрабіць гэта можна ў тым жа тэлевізійным «Клубе галоўных рэдактараў», куды, між іншым, маглі б і мяне запрасіць. Калі сапраўды «беларускаму грамадству трэба выходзіць з зоны супрацьстаяння». Да таго ж я хоць і колішні, але таксама галоўны рэдактар”.