Хто супраць Алеся Белакоза?

6

Нічога не маю супраць Міра ці Нясвіжа – тамтэйшыя музейныя комплексы заслужана карыстаюцца попытам сярод айчынных і замежных турыстаў, у выхадныя дні там шматлюдна і шматмоўна. Але часам хочацца пабыць з мінуўшчынай сам-насам, пабачыць нештачка такое, чаго турыстычная індустрыя з яе размахам і прыцэлам на мільёны наведнікаў не заўважае. І вось якраз у Гудзевічах вы можаце пабачыць тое, чаго няма ні ў Міры, ні ў Нясвіжы, ні ў Луўры, ні ў Эрмітажы.

Не, яшчэ адну “Мону Лізу” вам там не пакажуць. Затое пакажуць адзіны ў свеце беларускамоўны глобус, выраблены летам 1939 года на Ленінградскай карданажнай фабрыцы. Тады Масква рыхтавалася ісці вызваленчым паходам у Заходнюю Беларусь і вырашыла зрабіць падарунак беларускім школьнікам. Дзіўна, але падобнага падарунка (ад сваёй улады!) за дваццаць шэсць гадоў незалежнасці так і не атрымалі сучасныя шкаляры. З Міністэрства адукацыі на звароты географаў адна за адной ідуць адпіскі: маўляў, вырабіць глобус на беларускай мове – гэта так складана… У 1939-м Ленінградскай карданажнай фабрыцы было нескладана. Няхай бы міністр Ігар Карпенка з’ездзіў у Гудзевічы і пацікавіўся, як і з чаго той глобус зроблены. Гэта ж так элементарна – у беларускіх школах павінны быць беларускамоўныя глобусы, і родная планета ад Антарктыды да мыса Горн павінна прамаўляць да вучняў на роднай мове: Магеланава пратока, Мыс Добрай Надзеі…

А яшчэ ў Гудзевіцкім музеі вам пакажуць цуд айчыннага ткацтва – падвойныя дываны, дзе арыгінальныя ўзоры – па абодвух баках. У свеце іх больш нідзе не ткалі, тэхналогія і адмысловыя кросны зберагліся толькі ў беларускіх Гудзевічах. Дарэчы, самы знакаміты падвойны дыван з вытканай на ім датай 1900 г. падаравала музею паэтка Ларыса Геніюш; закладзены ў ламбард, ён у вайну дапамог выжыць сям’і Геніюшаў у Празе, чэхі прапаноўвалі за яго залаты гадзіннік, але дыван шчасліва вярнуўся на радзіму.

У Гудзевіцкім музеі вам пакажуць тысячагадовы каменны рукамыйнік, на якім – дагэтуль нерасшыфраваныя старажытныя надпісы. Штó нам шумерскі клінапіс ці архана-енісейскія руны, егіпецкія папірусы ці кецкія іерогліфы – давайце прачытаем, пра што нам паведамляе гудзевіцкі рукамыйнік! Невыразныя літары на ім можна чытаць вачыма, можна пальцамі (як шрыфт Брайля). Падключыце душу – і, магчыма, удача вам усміхнецца.

У Гудзевіцкім музеі захоўваецца ручка Уладзіміра Караткевіча, якою былі напісаны “Каласы пад сярпом тваім”. Адмыслова для Гудзевіцкага музея наш знакаміты гісторык Мікола Улашчык сплёў пугу-кручкаванку. Спецыяльна для Гудзевічаў Зоська Верас (пражыла амаль 100 гадоў) стварыла цэлую музейную аптэку “Лекавыя зёлкі”. Хочаце пражыць столькі ж – едзьце па рэцэпты ў Гудзевічы.

Амаль пра кожны экспанат Гудзевіцкага музея можна расказаць цэлую гісторыю. Скажам, на адным са стэндаў – падарункі і кнігі з аўтографамі першага беларускага касманаўта Пятра Клімука. Гэта не проста экспанаты, гэта – ахоўныя граматы. Справа ў тым, што музей яшчэ ў 1973 годзе хацела закрыць савецкая ўлада, паколькі быў ён нейкі не зусім савецкі, з экспазіцыяй, прысвечанай былой гулагаўцы Ларысе Геніюш. А тады акурат вярнуўся з космасу – у заслужанай славе – Клімук. У Зорным гарадку яго чакала бандэроль з Гудзевічаў, у ёй саматканы імянны гальштук з беларускім арнаментам і кніга апальнай паэткі “Невадам з Нёмана”. А яшчэ – адчайны ліст-просьба надпісаць кнігу і тэрмінова адаслаць назад. Аддамо належнае касманаўту – просьбу ён выканаў, кніга легла пад музейнае шкло, а па Беларусі імгненна распаўсюдзілася чутка, што Клімук у космасе зачытваўся вершамі Геніюш. Кнігу-“касманаўтку” выкідаць з экспазіцыі ніхто не адважыўся, пакінулі ў спакоі і ўвесь музей, які сёння налічвае каля 15.000 экспанатаў і мае статус дзяржаўнага.

А ўзнік гэты адзіны ў сваім родзе асяродак гісторыі і культуры дзякуючы шматгадовай і самаахвярнай працы настаўніка Алеся Белакоза. Гэта ён збіраў па ўсёй Гродзеншчыне ўнікальныя рэчы, ратаваў ад знішчэння тыя самыя падвойныя дываны, адкапаў ссунуты ў яму бульдозерам той самы каменны рукамыйнік, знаходзіў па гарышчах і прыватных калекцыях розныя старадрукі, перавёз у Гудзевічы старасвецкую хату, каб пашырыць свой музей, якому ўвесь час бракавала плошчы. Дзе дапамагалі добрыя людзі, а дзе даводзілася плаціць са сваёй кішэні. “Часам жылі на адзін жончын заробак, мой ішоў на музей”, – успамінаў пазней Алесь Мікалаевіч.

Ён не быў зручным і паслухмяным на пасадзе дырэктара дзяржаўнага, але створанага яго рукамі музея. І пасля рэферэндуму 1995 года не зняў з грудзей бел-чырвона-белы значок-сцяг, не пакінуў шэрагі Беларускага Народнага Фронту. А калі аднойчы ў музей прыехалі рускамоўныя чыноўнікі з Гродна, паставіў іх да сценкі і, па чарзе гледзячы кожнаму ў вочы, прачытаў верш-праклён Гальяша Леўчыка: “Хто адрокся сваіх, / Хто стыдацца нас стаў / І прыліп да чужых, – / Каб ён свету не знаў! / Мову родную хто / Пазабыў, асмяяў, / Загубіў за нішто, – / Каб ён свету не знаў!” Кажуць, чыноўнікі, нібы школьнікі-шкоднікі, пачырванелі.

Два гады ўжо няма з намі Алеся Белакоза. Натуральна, узнікла ідэя прысвоіць яго імя Гудзевіцкаму музею. Мясцовыя актывісты звярнуліся з адпаведным хадайніцтвам у Мастоўскі райвыканкам. Той па даўняй завядзёнцы “выехаў на месца”, з гонарам упэўніўся, што музей наведваюць тысячы экскурсантаў, што старасвецкую хату не патачыў шашаль, а падвойныя дываны не пагрызлі мышы, і ў лісце за подпісам старшыні Юрыя Валяватага паведаміў: у хадайніцтве адмовіць, немэтазгодна.

То бок ганарыцца музеем – мэтазгодна, а надаць яму імя заснавальніка, стваральніка і першага дырэктара – не.

А яшчэ спадар Валяваты ў сваім лісце паведаміў, што Гудзевіцкі музей (аказваецца!) ствараўся таксама і колішнім старшынёй мясцовага калгаса, і былым кіраўніком Мастоўскага райвыканкама. А гэта ўжо плёткі старой цёткі.

Гудзевіцкі музей у любым выпадку ўспрымаецца і будзе ўспрымацца як галоўны вынік жыцця вялікага беларуса Алеся Белакоза. Музей і Белакоз – паняткі неразрыўныя. Музей – ужо жывы помнік яму, нягледзячы на ўсе “немэтазгоднасці”.

У дадзенай сітуацыі чыноўнікі проста абавязаны фармальна зацвердзіць тое, што ёсць насамрэч. Каб шматлікія экскурсанты, начутыя пра Гудзевічы, прыязджалі і чыталі на ўваходнай шыльдзе: “Музей імя Алеся Белакоза”.

Поделиться ссылкой: