Паэт і былы кандыдат у прэзідэнты заклікаў абодвух чыноўнікаў ацаніць, ці слушна ён быў пакараны судом за выказванне для тэлеканалу «Белсат» пра мінскую акцыю пратэсту 21 кастрычніка.

1 лістапада ў Ленінскім раённым судзе Мінску Ўладзіміра Някляева пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту за словы — «Калі ёсць воля бараніць свае правы, дык трэба выходзіць і бараніць». Гэтыя словы суд палічыў заклікам да ўдзелу ў несанкцыянаваным вулічным мерапрыемстве. Паэт і палітык сцвярджае, што не заклікаў да ўдзелу.

«Я звяртаюся да вас не з тым, каб вы за мяне хадайнічалі, прасілі — не. Я хачу толькі, каб вы з дзяржаўнага боку, як кіраўнікі вядучых дзяржаўных СМІ, далі прафесійнае заключэнне адносна прычыны, па якой суд пастанавіў мяне зняволіць. Ёсць у тэксце інтэрв’ю заклік да ўдзелу ў акцыі 21 кастрычніка, ёсць падставы для турэмнага зняволення, ці няма? Так — ці не? Толькі гэта. Больш нічога».

Пасля Уладзімір Някляеў прапануе чыноўнікам запрасіць яго да ўдзелу ў перадачы «Клуб рэдактароў» на дзяржаўным тэлебачанні.