
12 кастрычніка Аб’яднаная грамадзянская партыя накіравала зварот на імя старшыні камісіі па нацыянальнай бяспецы Міхневіча з прапановай неадкладна правесці адкрытыя парламенцкія слуханні па факце смерці салдат у Печах і пачаць агульнанацыянальную дыскусію па праблеме нестатутных узаемаадносін у войску.
9 лістапада з парламента прыйшоў адказ, у якім утрымліваецца адмова Палаты прадстаўнікоў праводзіць такія слуханні са спасылкай на тое, што ўзаемаадносіны вайскоўцаў рэгулюе Статут і Крымінальны кодэкс. (Гл. Дакумент)
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька эмацыйна пракаментаваў адмову на старонцы ў Фэйсбуку:
– Парламенцкіх слуханняў па праблеме дзедаўшчыны ў войску і краіне не будзе! Такі афіцыйны адказ камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты Прадстаўнікоў. У прынцыпе, рашэнне прагназаванае і чаканае…”
“Складана сказаць, чаго тут больш – уласнае бяссілле, бездапаможнасць або прымітыўная прыродная абмежаванасць. У выніку, мы зноў упіраемся ў праблему адсутнасці выбару ў грамадзяніна і выбаршчыка, у сістэму прызначэння, а не абрання дэпутатаў.”
“Калі б Мацкевіч і іншыя былі дэпутатамі, то ўжо на наступны дзень пасля таго, як трагедыя ў Печах стала здабыткам грамадскасці, адбылося б экстраннае пасяджэнне камісіі. А праз тыдзень-другі прайшлі б і парламенцкія слуханні з удзелам і міністра абароны, і жанчынамі з арганізацый салдацкіх маці, а таксама з экспертамі, з прэсай. Але Мацкевіч і калегі – не дэпутаты, яны чыноўнікі, а таму ім патрэбныя інструкцыі …
І самае гідкае і адваротнае ў гэтай сітуацыі тое, што калі мы будзем маўчаць і жаваць жуйку, то праз 2-3 гады большасць гэтых гора-дэпутатаў зноў апынуцца ў Авальнай зале. І зноў у казарме будуць гінуць чыесьці сыны, і зноў нейкі Пупкін, пасаджаны на чатырохгадовы дэпутацкі кантракт, будзе прыкрывацца Статутам.
Але што з гэтага маці Аляксандр Коржыча, Арцёма Басцюка, Уладзіслава Ягадкіна… Што?”