Місія МВФ па правядзенні штогадовых кансультацый з уладамі краіны адносна сітуацыі ў эканоміцы знаходзіцца ў Беларусі з 26 кастрычніка па 10 лістапада, перадае БелаПАН.

«Неабходна захоўваць дзейны рэжым абменнага курсу, які служыць важным амартызатарам, і забяспечваць гнуткасць самога абменнага курсу. У гэтым напрамку афіцыйным органам варта па-ранейшаму абмяжоўваць валютныя інтэрвенцыі тымі, якія накіраваныя на прадухіленне неарганізаванасці рынкавых умоў, адначасова адшукваючы магчымасці для далейшай лібералізацыі валютнага рынку і аднаўлення рэзерваў», — адзначае МВФ.

На думку экспертаў фонду, з улікам ўсё яшчэ высокай ступені даларызацыі эканомікі намаганні па павышэнні канкурэнтаздольнасці і скарачэнні дэфіцыту рахунку бягучых аперацый у асноўным павінны абапірацца на правядзенне структурных рэформаў, а не на рухі валютнага курсу.

Як адзначае місія МВФ, грашова-крэдытная палітыка, якая праводзіцца ўладамі Беларусі, спрыяла скарачэнню інфляцыі. Магчымасці для далейшага змякчэння грашова-крэдытнай палітыкі, на думку экспертаў фонду, могуць быць створаныя за кошт узмацнення жорсткасці бюджэтна-падатковай палітыкі, скарачэння квазіфіскальной дзейнасці, асабліва дырэктыўнага крэдытавання, і прывязкі росту ўзроўню заработнай платы да росту прадукцыйнасці.

«У сярэднетэрміновай перспектыве афіцыйным органам варта працягнуць закладваць падмурак для запланаванага пераходу да таргетавання інфляцыі, уключаючы далейшае развіццё фінансавых рынкаў, памяншэнне перакосаў на рынках (у прыватнасці абумоўленых дамінуючай роляй бюджэту) і далейшае ўмацаванне аперацыйнага патэнцыялу і незалежнасці Нацыянальнага банка Беларусі», — падкрэсліваецца ў заяве персаналу МВФ па выніках працы місіі.