
Матэрыял быў паказаны на тэлеканале «Белсат».
Старшынём на працэсе быў суддзя Андрэй Тарасевіч, які пастанавіў пакараць журналіста штрафам у 35 базавых велічынь, або 805 рублёў.
У відэасюжэце пра глыбоцкую згушчонку людзі скардзіліся на тое, што прыбытковы малочна-кансервавы камбінат далучылі да стратнага камбікормавага заводу. Работнікі МКК непакоіліся, што ў новай інтэграванай структуры ў іх знізяцца заробкі — пра гэта і гаварылі на камэру.
Заводзячы адміністрацыйную справу, міліцыя вызначыла асобы тых, хто даваў інтэрв’ю, і выклікала іх у якасці сведак. У суд таксама прыйшоў адзін з работнікаў. Ён засведчыў, што даваў інтэрв’ю і дадаў: для «Белсату» гатовы гаварыць яшчэ, бо канал кажа праўду.
Змітра Лупача сёлета ўжо тройчы судзілі паводле артыкулу 22.9 КаАП і штрафавалі за відэасюжэты, паказаныя на «Белсаце». Але апошні штраф — самы вялікі.