Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Прыгажосць беларускага краявіду амаль заўсёды ўтойвае ў сабе старонкі мінуўшчыны, прыхаваныя ад недасведчанага сузіральніка.
18:32 9 лістапада 2017
559
Памер шрыфта

Не выключэнне і гэтая маляўнічая мясціна побач з рэчкай Котрай, на мяжы Гродзенскага і Шчучынскага раёнаў Гродзенскай вобласці. Яшчэ кароль Стэфан Баторый любіў тут паляваць, а ў часы паўстання 1863-1864 гадоў недалёка адбылася бітва паміж атрадам Лянкевіча і рускімі войскамі.

Краявід старога моста

Від на новы мост

Па дарозе з Гродна ў Ліду, паміж мястэчкамі Азёры і Астрына недалёка ад рэчкі Котра прытуліўся адзінокі помнік “Беларускім партызанам”, якога ў народзе называюць “дзедам Талашом”. Насамрэч, абрысы твару на помніку і на фотаздымках вядомага партызана з Палесся – удзельніка дзвюх сусветных войнаў Васіля Талаша – зусім непадобныя, але для народнай памяці гэта не істотна. “Дзед Талаш” і сёння зразумелая ў тутэйшых мясцінах кропка.

«Дзед Талаш». Помнік паміж мястэчкамі Азёры і Астрына недалёка ад рэчкі Котра

Помнік усталяваны ў 1951 годзе, а побач была зроблена выдатная для адпачынку пляцоўка. З таго часу яна больш чатырох дзясяткаў гадоў з’яўлялася адным з вядомейшых месцаў правядзення мерапрыемстваў у Гродзенскім раёне, якія ладзіліся  яшчэ і напачатку 1990-х. Цяпер гэта вельмі накладна з-за аддаленасці ад Гродна, і за апошнюю чвэрць стагоддзя пра тое зусім забыліся.

Традыцыйным месцам сустрэч пляцоўка побач з “дзедам Талашом” была і для ўдзельнікаў партызанскай брыгады імя Кастуся Каліноўскага, у якую ўваходзіў аднайменны атрад пад кіраўніцтвам вядомага пісьменніка Аляксея Нічыпаравіча Карпюка.

Былыя партызаны партызанскай брыгады імя Кастуся Каліноўскага ў час адной з традыцыйных сустрэч

Побач з “дзедам Талашом” паміж высачэзнымі дубамі па дарозе да вёскі Навасёлкі, дзе засталася адзіная апошняя жыхарка, і сёння расце яблыневы сад. Каля яго стаіць узведзены ў 1966 годзе абеліск, як напамін пра “сястру Хатыні” – вёску Шкленск, дзе немцы забілі 79 чалавек, з якіх 38 былі дзецьмі.

Шкленскія дубы

Падстава для знішчэння вёскі, як і суседніх Пузавічаў, Сіні Камень і Дземшаў, стала тое, што ў 1943 годзе партызаны тройчы палілі мост праз Котру па дарозе з Азёр у Астрына, які размяшчаўся побач са Шкленскам. На той час вёска налічвала 17 двароў, у якіх жылі 83 чалавекі. Усе яны былі чатырох прозвішчаў: Варонкі, Галубы, Гардзеі і Хохі. Амаль палову складалі дзеці. Але гэта не спыніла немцаў, якія 18 ліпеня 1943 года ўвайшлі у вёску. Жыхароў расстралялі, а драўляныя пабудовы спалілі. У жывых засталіся адзінкі. Некалькі чалавек былі ў гэты час у лесе, і з тых, хто быў у вёсцы, у жывых засталася толькі адна дзяўчынка.

 

Шкленск на картах 1915 і 1984 гадоў

73-гадовая жыхарка вёскі Азёры, якая ўдзельнічала ў шматлікіх мерапрыемствах, што ладзіліся побач са Шкленскам, Ганна Уладзіміраўна Жураўская ўзгадвае: “Адна дзяўчынка ў туалеце была. Яе немец прыкрыў, бачыў яе, і прыкрыў, не пусціў. Гэтая дзяўчынка ўжо жанчынай прыязджала і расказвала, што яна была ў туалеце, як зганялі, і немец яе схаваў”. Выходзіць, што і сярод немцаў былі людзі.”

“Расстралялі іх за сувязь з партызанам, — дадае Ганна Уладзіміраўна. Што прынімалі партызан, давалі ім ежу. Але як яны прынімалі? Партызаны прыйдуць, давай і ўсё, і мусілі даваць”.

Абеліск на месцы спаленай вёскі Шкленск

Першапачаткова лічылася, што 18 ліпеня 1943 года ў Шкленску было забіта 68 чалавек. Але пазней вызначылі, што іх было 79. Пасля вайны ў вёсцы жылі яшчэ дзве старыя жанчыны, якія былі ў лесе, калі прыйшлі немцы. З іх смерцю вёска спыніла сваё існаванне. Яшчэ доўгі час пры дарозе на Навасёлкі стаяла апошняя хата, якую хтосьці разабраў і перавёз у суседні Шчучынскі раён, дзе яна, магчыма, стаіць і да сёння. Шкленску больш няма. Пра колішнюю вёску нагадваюць толькі абрысы паселішча на здымках са спадарожніка, магутныя дубы і яблыневы сад. Урна з попелам са Шкленска знаходзіцца ў мемарыяльным комплексе Хатынь.

Месца знаходжання знішчанай вёскі Шкленск

Побач працякае рака Котра, праз якую ў гэтым месцы праходзяць адразу два масты. Над закінутым старым за апошнюю чвэрць стагоддзя ўжо паспела папрацаваць прырода, ператварыўшы яго ў краявід у стылі постапакаліпсісу. Затое з яго выдатна бачная рыба, якою багата рака Котра.

Тэмы:, , , , ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

22 верасня 2017

889-годдзе Гродна святкуюць памылкова

У Гродне ўвесь тыдзень ладзіцца святочны марафон з нагоды 889-годдзя горада: праходзяць канцэрты, адкрылася шасціпалосная магістраль у мікрараён Альшанка. А гісторыкі, удзельнікі інтэлектуальнага клуб
18 верасня 2017

Паўтары тысячы відаў раслін у самым цэнтры Гродна

Паўтары тысячы самых розных відаў раслін было ў батанічным парку, закладзеным у Гродне ў 1776 годзе Жанам Эмануілам Жыліберам, запрошаным гродзенскім старастаю Антоніем Тызенгаўзам. У мінулым годзе бы
21 лістапада 2017

Азёры: Зямля, адораная Божай ласкай

Край маляўнічых краявідаў. Мясцовасць з багатай гісторыяй, напоўненай легендамі і паданнямі. Мястэчка, народжанае паабапал адразу двух вадаёмаў, ад спалучэння якіх і атрымала сваю назву – Азёры.