Беларусалім: раман пра тое, што тоіць у сабе Беларусь

33

– Раман “Беларусалім” складаецца з трох частак, – распавядае Павел Севярынец. – На бліжэйшай прэзентацыі чытачам будзе прадстаўлена першая яе частка, якая называецца “Золак”. Гэта кніга пра тое, як Беларусь аказваецца ў цэнтры сусветных падзей. У цэнтры сюжэту дзейнасць буйной карпарацыі, якая выбірае для сваёй штаб-кватэры нашу краіну і ставіць перад сабой мэту ашчаслівіць усё чалавецтва. Для гэтага карпарацыя праводзіць эксперымент: чалавеку даецца пульт ад самога сябе. З дапамогай кнопак на ім ён можа кіраваць сваімі адчуваннямі і эмоцыямі, сцішваць боль… Усё гэта завязана на гісторыі Беларусі, на біблейскіх вымярэннях. “Беларусалім” – гэта раман пра тое, што тоіць у сабе Беларусь.

– Як доўга вы працавалі над кнігай?

– Канцэпцыя рамана ўзнікла яшчэ ў 2004 годзе, да працы над кнігай я прыступіў прыкладна праз год. “Беларусалім” пісаў у зняволенні – спачатку ў Малым Сітне, дзе я адбываў адну “хімію”, пазней у Купліне, дзе адбываў другую, некаторыя часткі кнігі былі напісаны ў “амерыканцы” пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, штосьці пісалася ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна падчас адміністрацыйных арыштаў… Агулам праца над раманам заняла 12 гадоў.

– Колькі каштавала выданне кнігі?

– Падкрэслю: размова ідзе толькі пра першую яе частку. Наўрад ці я сам здолеў бы аплаціць выданне “Беларусаліма” з уласнай кішэні. Прыйшлося аб’яўляць дабрачынную кампанію па зборы сродкаў. Грошы збіраліся ў інтэрнэце, дапамаглі таксама беларусы замежжа. Агулам на выданне першай часткі рамана спатрэбілася прыкладна дзве з паловай тысячы долараў. Гэтыя сродкі былі сабраны за два месяцы. Кніга была выдадзена дзякуючы аднаму з украінскіх выдавецтваў, размешчанаму ў Дняпры. Гэтая арганізацыя мае свае філіялы ў Беларусі. Наклад кнігі невялікі – усяго 299 асобнікаў.

– Дзе яна будзе рэалізоўвацца? Які яе кошт?

– Прадавацца кніга будзе праз прыватных распаўсюджвальнікаў, таксама яе можна будзе набыць у офісе ГА “Таварыства беларускай мовы” ў Мінску, а таксама на сядзібе Партыі БНФ. Кошт аднаго асобніка – 12–15 рублёў, бо ёсць два варыянты выдання – у мяккай і цвёрдай вокладцы. Задача выйсці на самаакупнасць кнігі не стаіць, бо выдавалася яна за ахвяраванні.

– Чаго чакаць на прэзентацыі “Беларусаліма”?

Там будзе шмат сюрпрызаў, раскрываць якія да канца не хацелася б. Скажу толькі, што сярод запрошаных – паэт Уладзімір Някляеў, пісьменнік Уладзімір Арлоў. Гэтыя людзі чыталі “Беларусалім” задоўга да яго выхаду ў свет, ім ёсць што сказаць з гэтай нагоды.

Сама ж прэзентацыя пройдзе 16 лістапада ў сталічным “Кангрэс-Холе”, што на Пераможцаў, 59. Пачатак мерапрыемства ў 18.00. Уваход – вольны.

Поделиться ссылкой: