Як паведаміла прэс-служба ВНУ, у рэйтынгу, складзеным амерыканскім агенцтвам U.S. News & World Report, БДУ заняў 668-е месца сярод 1.250. Усяго ж у свеце налічваецца больш за 30 тыс. устаноў вышэйшай адукацыі. Сярод еўрапейскіх універсітэтаў БДУ займае 301-е месца. ВНУ таксама ўвайшла ў прадметны рэйтынг па фізіцы і заняла высокае 238-е месца.

У прэс-службе адзначылі, паведамляе БелаПАН, што рэйтынг Best Global Universities адрозніваецца жорсткімі крытэрамі адбору і ацэньвае навуковую дзейнасць універсітэтаў, публікацыйную актыўнасць, цытаванасць навуковых прац супрацоўнікаў, а таксама сусветную і рэгіянальную навуковую рэпутацыю. Найбольш высокія паказчыкі з 13 крытэраў БДУ прадэманстраваў у катэгорыі навуковых публікацый у міжнародных калабарацыях, заняўшы 22-е месца ў свеце.

Узначальваюць рэйтынг амерыканскія ВНУ — Гарвардскі ўніверсітэт, Масачусэцкі інстытут тэхналогій і Стэнфардскі ўніверсітэт. Лепшымі еўрапейскімі ВНУ названыя Оксфардскі (5-е месца ў свеце) і Кембрыджскі (7-е) універсітэты, а таксама Каралеўскі каледж Лондана (17-е).

Сярод 15 расейскіх універсітэтаў, уключаных у рэйтынг, найбольш высока размясціліся МДУ імя М.В.Ламаносава (267-е месца), Нацыянальны даследчы ядзерны ўніверсітэт „МІФІ” (438-е), Новасібірскі дзяржаўны універсітэт (471-е).

З украінскіх ВНУ ў рэйтынг патрапіў толькі Нацыянальны універсітэт імя Тараса Шаўчэнкі (1.029-е месца), з латвійскіх — Універсітэт Латвіі (1.090-е месца), з літоўскіх самае высокае месца ў Віленскага ўніверсітэта (543-е), з эстонскіх — у Тартускага ўніверсітэта (331-е), з 24 польскіх ВНУ найбольш высокія пазіцыі ў Варшаўскага (359-е) і Ягелонскага (388-е) універсітэтаў.

БДУ таксама займае высокія месцы ў іншых міжнародных рэйтынгах: QS, THE, Webometrics, SIR, U-Multirank і г.д.

У рэйтынгу лепшых універсітэтаў свету QS World University Rankings 2017/18 БДУ займае 334-е месца. У 2017 годзе ВНУ упершыню ўвайшла ў найстарэйшы сусветны рэйтынг — Шанхайскі прадметны рэйтынг універсітэтаў ARWU і заняла па фізіцы месца ў групе 401—500. Раней ні адзін беларускі ўніверсітэт не ўваходзіў у лік універсітэтаў, што ранжыруюцца Шанхайскім рэйтынгам. Акрамя таго, БДУ застаецца адзінай беларускай ВНУ, якая ўвайшла ў прэстыжны брытанскі рэйтынг THE (Times Higher Education).