Новы маршрут  стане ўнікальнай прапановай на рынку, бо не толькі раскрые турыстычны патэнцыял спадчыны дынастыі мастакоў, а яшчэ і забяспечыць працу людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Беларусь (не) краіна казіно

Асаблівасць новага маршрута не толькі ў нязвыклых турыстычных шляхах, а яшчэ і ў тым, што сувенірную прадукцыю для яго ствараюць людзі з асаблівымі патрэбамі. Брэнд “Валошкі”, які паўстаў дзякуючы намаганням арганізацыі “Сонечны круг”, ужо сёння дае магчымасць працаваць і зарабляць людзям з інваліднасцю.

Дапамагчы навакольным, а не толькі атрымаць асалоду ад падарожжа — мэта, якую падтрымлівае кожны чалавек, які захапляецца сацыяльна адказным турызмам. У Еўропе гэты напрамак развіваецца апошнія дзесяць гадоў, а вось у Беларусі гэта з’ява незнаёмая.

Кіраўнік “Сонечнага круга” Алёна Ціханава спадзяецца, што развіццё сацыяльна адказнага турызму зможа паказаць, што Беларусь — не толькі краіна казіно, а месца з багатай культурай. Яшчэ лепей, калі атрымаецца разварушыць дэпрэсіўны рэгіён, у якім захавалася спадчына мастака Барыса Аракчэева — горад Крупкі, аграгарадок Чарэя, вёска Белая Царква.

Усё гэта будзе рабіцца нашымі сіламі, мы хочам прыцягнуць турыстаў з розных краін. Тым больш, што зараз паступова вырашаюцца пытанні з візамі для замежнікаў. І мы спадзяемся, што плынь гасцей у Беларусь будзе расці. Разлічваем, што маршрут будзе гатовы прыняць першых наведвальнікаў ужо ўвесну 2018 года.

Цэлае жыццё

Падрабязнасці новага праекта “Народнай Волі” распавяла дачка мастака ілюстратар і мастачка Аксана Аракчэева. Сёння творы Барыса Аракчэева выстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі, у галерэі ў Крупках і іншых мастацкіх зборах. Новы маршрут  будзе прынцыпова адрознівацца ад звыклага для беларусаў “музейнага” турызму. Перш за ўсё таму, што цікаўныя змогуць наведаць мінскую студыю дынастыі Аракчэевых, якая знаходзіцца ў гістарычнай частцы Мінска на вуліцы Леніна. Гэта атмасфернае месца ўжо паўстагоддзя служыць другім домам сям’і мастакоў.

Усё жыццё маёй сям’і прайшла на гэтым кавалачку зямлі ў цэнтры,— прызнаецца Аксана. — Каля майстэрні пазнаёміліся мае бацькі. Гэта быў 1955 год — касцёл па суседстве толькі ператварылі ў спартзалу. Нарадзіўшыся ў Менску і пражыўшы тут усё жыццё, я памяняла восем прапісак. Мы ўсе паляпшалі і паляпшалі ўмовы, кружылі па праспекце і вакол парку Горкага, але майстэрня, мая аднагодка, мая сястра — бацька атрымаў яе, калі я нарадзілася, — адзіны дом, у які я заўсёды вяртаюся.

Як культурная спадчына Барыса Аракчэева дапаможа інвалідам?

Як культурная спадчына Барыса Аракчэева дапаможа інвалідам?

Я старалася нічога не мяняць, тут амаль усе так, як пакінуў тата. Партрэты мамы, яго братоў, якія рана сышлі. Тут ёсць татаў куток, дзе я складаю ўсё рэліквіі, эцюднік. Там такі маленькі музейчык. Шкада, што я не сцяміла гадоў 15 таму падчас навядзення парадку ў майстэрні і выкінула капялюш, у якім бацька часта працаваў. У яго быў смешныкапялюш без верху, толькі з палямі. Цяпер я разумею, што ў ёй было вельмі зручна працаваць ды і, напэўна, гэта быў нейкі шчаслівы капялюш. Захоўваю яго халацік, трохногае крэсла, якое ён сам змайстраваў і якое вельмі любілі студэнты — на ім вельмі зручна працаваць з мальбертам. Тут ёсць і іконы, які бацька прывёз са сваёй радзімы. У маёй майстэрні любая рэч можа пра што-небудзь расказаць.

Як культурная спадчына Барыса Аракчэева дапаможа інвалідам?
Фота аўтара

Але наведванне майстэрні мастака – толькі частка маршрута. Пасля майстар-класа і знаёмства са студыяй турыстаў павязуць у Крупкі ў галерэю Барыса Аракчэева. Акрамя таго, гасцей будзе чакаць пачастунак ад французскага шэф-повара, які даўно абраў для сябе беларускую глыбінку.