8 лістапада Еўракамісія мусіла прапанаваць папраўкі ў заканадаўства Еўрасаюза, якія могуць карэнным чынам змяніць сітуацыю з газаправодам «Паўночны паток-2».

Даведка: Магістральны газаправод “Паўночны паток-2” (ПП-2) павінен прайсці з Расіі ў Германію праз Балтыйскае мора побач са сваім папярэднікам ПП-1. Яго прапускная здольнасць таксама складае 55 мільярдаў кубаметраў газу ў год, працягласць 1200 кіламетраў. Увядзенне ў эксплуатацыю запланавана на 2019 год.

Галоўным прыхільнікам будаўніцтва трубаправода сярод удзельнікаў ЕС з’яўляецца Берлін, бо Германія набывае расійскі газ на 40% танней, чым, напрыклад, дзяржавы Цэнтральнай Еўропы. А супраць рэалізацыі праекта выступаюць Польшча, краіны Балтыі, Данія. На тым жа баку знаходзяцца і Злучаныя Штаты – нядаўні амерыканскі закон наконт санкцый у адносінах да Расіі наўпрост заклікае процідзейнічаць ПП-2.

Вельмі зацікаўленым бокам з’яўляецца Украіна, страты якой ад спынення транзіту праз яе расійскага газу ацэньваюцца ў 2-2,4 млрд долараў у год. Здавалася б, калі Захад жадае садзейнічаць Кіеву ў супрацьстаянні з Масквой, дык не трэба хаця б ісці насустрач апошняй у пытаннях такога кшталту. Тым больш, што гэта цалкам паспрыяла б рашэнню тых глабальных задач, што паставіла перад сабой аб’яднаная Еўропа, менавіта дабіцца істотнага скарачэння залежнасці ад паставак газу з Расіі. Насамрэч жа яна толькі ўзмацняецца: дзесяцігоддзе таму гадавыя пастаўкі складалі 161 млрд кубаметраў, альбо 27%, тады як у мінулым годзе – 180 млрд (34%).

Праціўнікі ПП-2 ускладаюць свае спадзяванні на Еўрапейскую Камісію. Справа ў тым, што юрыдычная сітуацыя да канца не вызначана. Германія сцвярджае, што, паколькі труба ідзе да яе па дне Балтыйскага мора непасрэдна з Расіі, Еўрасаюза гэта не тычыцца.

Еўракамісія ўсё ж жадае дыверсіфікаваць крыніцы пастаўкі энерганосьбітаў. Таму яна мела намер унесці папраўкі ў заканадаўства ЕС, якія дазволяць распаўсюдзіць дзеянне так званага “трэцяга энергапакета” у тым ліку і на ПП-2. З гэтага пакета вынікае, што адна і тая ж кампанія не мае права адначасова валодаць газаправодамі і магутнасцямі па здабычы газу, што дазволіць фактычна заблакаваць праект, паколькі “Газпрам” у гэтыя правілы не ўпісваецца.

Аднак для гэтага Камісіі патрэбна даручэнне краін-удзельніц ЕС на абмеркаванне з Масквой умоваў эксплуатацыі ПП-2, а пакуль такога даручэння няма. Прычым падчас кастрычніцкага саміту Саюзу старшыня Камісіі Жан-Клод Юнкер адзначыў, што ён не чакае дасягнення аднадушнасці па гэтым пытанні ў бліжэйшыя месяцы, бо ЕС не можа вызначыцца, ці падпадае газаправод пад нормы энергапакета.

У сувязі з гэтым Еўракамісія зараз прапануе пайсці іншым шляхам – ініцыяваць змены да Газавай дырэктывы ЕС пра “агульныя правілы ўнутранага рынка прыроднага газу”. Гэты дакумент дзейнічае з 2009 году, з’яўляючыся часткай згаданага Трэцяга энергапакету. Яго мэта – канкурэнтны і бяспечны рынак газу ў ЕС.

Галоўным пунктам у прапанове ЕК стане змена тлумачэння тэрміна “інтэрканектар”. У існуючай дырэктыве ён азначае трубаправод, які злучае газатранспартныя сістэмы дзяржаў-чальцоў ЕС. У новым жа варыянце інтерканектар вызначаецца як “трубаправод, які перасякае ці злучае межы паміж дзяржавамі-чальцамі ці паміж дзяржавамі-чальцамі і трэцімі краінамі да мяжы юрысдыкцыі Еўрасаюза”.

Калі гэтыя змены будуць прынятыя, дырэктыва стане прымянімай да трубаправодаў з трэціх краін, існуючых і будучых. Тым самым Еўракамісія распаўсюдзіць свае паўнамоцтвы на ПП-2, і да ўрэгулявання з ёй усіх рознагалоссяў інвеставаць у праект будзе досыць рызыкоўна. Адпаведна, уступленне ў строй ПП-2 у запланаваны тэрмін стане малаверагодным, і нашы паўднёвыя суседзі атрымаюць, як мінімум, перадышку.

Дарэчы, гэта было зусім някепска і Беларусі, бо, нягледзячы на ўсе хаўрусы з Крамлём, няма ўпэўненасці, што аднойчы і мы не апынемся ў такім жа становішчы.
Вось толькі, на жаль, ёсць пэўныя падазрэнні, што свае сённяшнія інтарэсы асобныя краіны ЕС паставяць вышэй за больш глабальныя, не кажучы ўжо пра маральныя каштоўнасці…