На фінальным матчы Кубка федэрацыі Беларусь — ЗША акрэдытавана 120 журналістаў, усе білеты прададзены

16

Аб гэтым паведаміла БелаПАН прэс-сакратар беларускай тэніснай федэрацыі Кацярына Лісіца.

Паводле яе слоў, акрамя прадстаўнікоў СМІ краін-саперніц у Мінск прыехалі журналісты з Польшчы, Расіі і Турцыі. Матч адбудзецца 11—12 лістапада на “Чыжоўцы-Арэне”. Усе білеты былі прададзеныя за тыдзень да фіналу (ўмяшчальнасць корта складае 8,8 тыс. гледачоў).

Як адзначыў прэс-сакратар БТФ, столькі журналістаў, што асвятляюць тэніс, у Мінску сабралася ўпершыню. “Месца хопіць усім, інтэрнэту — таксама. Прэс-цэнтр разлічаны больш чым на 150 чалавек”, — сказала Лісіца.

Па просьбе БелаПАН яна пракаментавала адзін з пунктаў правілаў акрэдытацыі, які выклікаў здзіўленне журналістаў некаторых недзяржаўных СМІ (“Усе заяўкі ад незалежных СМІ павінны суправаджацца лістом ад галоўнага рэдактара з указаннем спісу асоб, якія акрэдытуюцца”). “Гэта быў не зусім карэктны пераклад з англійскай. Там гаворка ідзе пра freelance media, а не пра independent”, — падкрэсліла прэс-сакратар федэрацыі.

Яна адзначыла, што былі адобраны ўсе заяўкі ад СМІ, якія адпавядаюць патрабаванням, узгодненым міжнароднай і нацыянальнай тэніснымі федэрацыямі. “Гэтак жа было і на папярэдніх матчах, якія праходзілі ў Мінску. Вынікі разгляду заявак ніякім чынам не залежалі ад планаў высокапастаўленых асоб наведаць гульні або іншых абставін. Скаргаў ніколі не было”, — заявіла суразмоўца. Паводле яе слоў, праблема ўзнікла толькі ў аднаго швейцарскага журналіста (пасля красавіцкага паўфіналу КФ), прычым з іншай нагоды: ён няправільна разлічыў час свайго знаходжання і перавысіў пяцідзённы бязвізавы тэрмін.

8 лістапада на прэс-канферэнцыі напярэдадні фіналу капітан беларускай зборнай Эдуард Дуброў, адказваючы на пытанне аб пажаданасці знаходжання Аляксандра Лукашэнкі на трыбуне, заявіў: “Мы да яго прывыклі, без яго будзе не тая гульня. Ён любіць зайсці ў раздзявальню падтрымаць дзяўчынак. Мы чакаем працягу гэтай традыцыі. Думаю, і прэзідэнту прыемна з такімі маладымі прыгожымі дзяўчынкамі сустрэцца, пагаварыць перад матчам. Гэта ні да чаго іх не абавязвае, але паляпшае настрой, надае энергіі. Адрэналінчык падымаецца. Так што прысутнасць прэзідэнта толькі на руку”.

Поделиться ссылкой: