На постсавецкай прасторы ўсе дыскусіі пра гістарычнае значэнне гэтай падзеі закончыліся даўно, яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў. 70-гадовы камуністычны эксперымэнт, у які было ўцягнутае каля 40% насельніцтва зямнога шара (з улікам Кітая) даў адмоўны вынік. Той шлях, на які ступіла Расія ў 1917 годзе, завёў у гістарычны тупік. І 1991 годзе былыя рэспублікі СССР фактычна вярнуліся на тую дарогу, па якой ішло ўсё чалавецтва. І толькі на беларускай зямлі гэтыя дыскусіі дасюль не закончыліся, яны працягваюцца.

Беларусь — адзіная краіна ў свеце, дзе 7 лістапада афіцыйна адзначаецца сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі. У гарадзенскім драмтэатры з гэтай нагоды адбыўся ўрачысты святочны канцэрт для вэтэранаў і моладзі. У віцебскім музеі стварылі экспазіцыі, прысвечаныя Ўладзіміру Леніну. У Інстытуце гісторыі Акадэміі навук прайшла міжнародная навуковая канфэрэнцыя з вельмі знамянальным назвай: «Вялікі Кастрычнік у гістарычным лёсе беларускай дзяржаўнасці». Тая ж савецкая тэрміналогія, нічога не памянялася. Цікава тое, што ў афіцыйным беларускім ідэалагічным канструкце сама ідэя рэвалюцыі ацэньваецца крайне нэгатыўна. Сам А. Лукашэнка, дзяржаўныя мэдыі асуджаюць рэвалюцыі паўсюль. Яны даводзяць, што дзяржаўная ўлада, якая б яна не была — рэч сакральная. А рэвалюцыі, майданы — гэта гвалт, хаос. Па БТ увесь час ідуць фільмы, якія паказваюць, да якіх нэгатыўных наступстваў прывялі рэвалюцыі ў тых краінах, дзе яны адбыліся. А вось да Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая па сваім сацыяльным наступствам была самай радыкальнай у сусьветнай гісторыі, стаўленьне абсалютна пазытыўнае.

Беларускі рэжым — самы прасавецкі на прасторы былога СССР. Тут захаваліся не толькі савецкія назвы вуліц, станцый мэтро, помнікі, але і афіцыйныя дзяржаўныя сымбалі. Чым тлумачыцца такі дзіўны фенамен? Чаму Беларусь захоўваецца як савецкі запаведнік? Тут ёсць як аб’ектыўныя, так і субʼектыўныя прычыны. Справа ў тым, што Беларусь у СССР была як бы вітрынай сацыялізму. Індустрыяльная рэвалюцыя ў рэспубліцы адбылася ў 1950-1970-ыя гады і прывяла да прыкметнага павышэння ўзроўню дабрабыту беларусаў. Гэта быў пэрыяд масавага перасяленьня сельскіх жыхароў у гарады, далучэньня іх да гарадзкой культуры, болей высокім спажывецкім стандартам. Таму гэтыя гады ў жыцьці беларускага соцыюму ўспрымаліся беларусамі як найлепшымі, а зусім не часам таталітарызму і застою. То бок да пачатку гарбачоўскай Перабудовы грамадзтва БССР, у адрозьненьні ад іншых камуністычных краін і рэгіёнаў СССР, не сасьпела для рэформаў і апынулася «антыперастроечнай Вандэяй». Як большасьць насельніцтва, так і кіруючая эліты не хацелі краху савецкага ладу і распаду СССР, усяляк супраціўляліся пераменам.

Гэтую сітуацыю вельмі эфектыўна выкарыстаў Аляксандр Лукашэнка падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. Ён паабяцаў беларусам вярнуць іх назад, у СССР, і атрымаў падтрымку большасьці. Таму фармаваньне аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі адбывалася на ідэалягічнай аснове чырвонага рэваншу, ідэі аднаўленьня СССР. Савецкая спадчына стала і прапагандысцкім абгрунтаваньнем, і прыкладам для фарміраваньня дыктатарскага рэжыму. Сёньня на афіцыйным узроўні гучаць розныя тлумачэньні, чаму Кастрычніцкая рэвалюцыя для Беларусі сьвята. Яшчэ адной ідэалагемай, якая распаўсюджваецца на афіцыйным узроўні, стаў тэзіс аб тым, што Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала пачатак канцэпту сацыяльнай дзяржавы. І маўляў сёньня Беларусь працягвае гэтую традыцыю, сацыяльна арыентаваная палітыка ў нашай краіне — гэта спадчына Кастрычніка. На самай справе мадэль сацыяльнай дзяржавы пачала фарміравацца ў Заходняй Еўропе яшчэ на рубяжы ХIХ-ХХ стагоддзяў, там прымаліся законы, якія абаранялі правы наёмных работнікаў. Таксама можна спрачацца, наколькі сацыяльнай была савецкая дзяржава пры Сталіне. Па многіх паказчыках, напрыклад, па ўзроўні спажываньня прадуктаў харчаваньня СССР толькі к 1950-м гадам дасягнуў паказчыкаў 1913 г. Далей, сёньня ступень сацыяльнай абароны ў краінах ЭЗ на парадак вышэй, чым у Беларусі. І там ніхто не апалюе да ідэалаў Кастрычніка.

Справа ў тым, што ў Беларусі сфармавана класічная мадэль патэрналісцкай дзяржавы, і гэта галоўная спадчына савецкага праекту. Але яе спрабуюць хаваць за прапагандысцкім клішэ аб «сацыяльна арыентаванай палітыцы». Прычым, у апошнія гады ў Беларусі элементы сацыяльнай дзяржавы пасьлядоўна дэсантуюцца. Пастаянна павышаюцца камунальныя тарыфы, цэны на праезд у грамадзкім транспарце. Вырас пэнсійны ўзрост. Адукацыя становіцца ўсё больш платнай, прычым не толькі вышэйшая, але і сярэдняя (за кошт пабораў з бацькоў). Усё больш людзей губляюць працу, а дапамога па беспрацоўі — адна з самых нізкіх у свеце, плюс да гэтага ўсіх беспрацоўных абвясцілі дармаедамі і патрабуюць ад іх выплаціць дзяржаве адпаведны збор. Яшчэ можна ўзгадаць антысацыяльную кантрактную сістэму. Але прапагандысцкі міт пра сацыяльную дзяржаву працягвае жыць сваім самастойным жыцьцём. Сацыяльнасьць зьнікае, а патэрналізм захоўваецца і квітнее.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазіцыю рэдакцыі.