Як піша сайт ex-press.by, такім чынам хлопца адзначылі за ўдзел у баях на аўдзееўскім напрамку.

У каментары журналістам Аляксандр Малчанаў распавёў, што ў раёне прамзоны Аўдзееўка ён знаходзіўся з лістапада 2016-га па чэрвень 2017 года. «Удзельнічаў у баях за пазіцыю «Алмаз», прамым навядзеннем біў з СПГ-9 па танку сепаратыстаў. Пасля прамзоны утрымліваў адну з адваяваных у баевікоў ДНР пазіцый у раёне Данецкай фільтравальнай станцыі», — кажа баец.

Малчанаў — адзін з палітвязняў Плошчы-2010. Яго затрымалі ў Барысаве 6 студзеня 2011 года і абвінавацілі ў масавых беспарадках і ў абразе афіцыйнага дзяржаўнага сцяга, які ён сарваў з будынка КДБ. Тады хлопца асудзілі на тры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з групай іншых палітвязняў Малчанаў быў памілаваны Лукашэнкам, хоць і не пісаў прашэння аб памілаванні.

Пасля вызвалення хлопец доўга не мог нікуды ўладкавацца на працу і зарабляў на жыццё зборам металалому. За збор металалому на тэрыторыі завода яго ў красавіку 2012 года асудзілі на паўтара года калоніі строгага рэжыму, абвінаваціўшы ў крадзяжы. На судзе Малчанаў сваёй віны ў крадзяжы не прызнаў: ён паведаміў, што не разбіраў абсталявання, а толькі збіраў іржавыя металічныя прадметы на тэрыторыі цэха, які шмат гадоў не працуе.

Пасля адбыцця пакарання Малчанаў пераехаў ва Украіну і паводле кантракту ўступіў ва Узброеныя сілы.

Дарэчы, у Беларусі яму за гэта пагражае крымінальны пераслед.