Паэтка і перакладчыца Тацяна Нядбай стала новай старшынёй Беларускага ПЭН-цэнтру

39

Папярэдні старшыня паэт Андрэй Хадановіч адбыў чатыры кадэнцыі па два гады кожная. 5 лістапада ён выступіў са справаздачай за апошні двухгадовы тэрмін свайго кіравання.

Асноўнай задачай агульнага сходу было абранне новага старшыні. Ім стала 35-гадовая паэтка і перакладчыца Тацяна Нядбай (Нядбаева), лаўрэатка прэміі «Дэбют» за паэтычную кнігу «Сірэны спяваюць джаз». Як перакладчыца Тацяна Нядбай пераклала кнігу Эвы Томсан «Песьняры імпэрыі».

Першым намеснікам старшыні абраны пісьменьнік Павел Анціпаў. Другім — паэт і музыкант Уладзь Лянкевіч. Трэцім — Анка Упала (Алена Казлова), паэтка, празаік і перакладчыца.

У склад Рады, апрача старшыні і яе намесьнікаў, увайшлі Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч і Сяргей Дубавец.

Падчас дэбатаў Уладзімер Арлоў падтрымаў кандыдатуру Тацяны Нядбай. Ён сказаў, што гэта таленавітая аўтарка і вопытны арганізатар культурных праектаў.

Галасаванне было адкрытым. Супраць кандыдатуры Нядбай галасаваў адзін Уладзімір Някляеў. Ён падчас дэбатаў прапаноўваў падумаць пра іншыя кандыдатуры, але шэраг прапанаваных кандыдатур узялі самаадвод.

Таксама Уладзімір Някляеў казаў, што ПЭН-цэнтру трэба болей падтрымліваць палітычна рэпрэсаваных.

Палітык і пісьменнік Павел Севярынец у сваім выступе абвінаваціў ПЭН-цэтр у прапагандзе гомасэксуалізму з прычыны таго, што некалі ў сядзібе ПЭНу была выстава камінг-аўту. На гэта Ганна Янкута сказала, што задача ПЭН-цэнтру бараніць усіх творцаў, незалежна ад нацыянальнасці, рэлігіі ці сэксуальнай арыентацыі. Ганну Янкуту падтрымаў Альгерд Бахарэвіч.

Вось як пракаментаваў кандыдатуру Таццяны Нядбай Андрэй Хадановіч (тэкст падаецца паводле публікацыі ў Фэйсбуку):

Сёньня на агульным сходзе Беларускага ПЭН-цэнтру мы выбралі новую старшыню арганізацыі – паэтку Тацяну Нядбай, якую шчыра віншую (і адначасова – вельмі ёй спачуваю, бо ня так і лёгка ёй будзе на гэтай пасадзе.) Рэкамэндуючы Таню, агучыў для калегаў некалькі (сем) тэзісаў: “Сем рэчаў, якія ведаю пра Тацяну Нядбай”

1. Тацяна Нядбай – выдатная паэтка, адна з найлепшых у маладой беларускай паэзіі. Яна аўтарка кнігі “Сірэны спяваюць джаз”, за якую атрымала прэмію “Дэбют” імя Багдановіча ў намінацыі “Паэзія”. Да слова, адзіная лаўрэатка-паэтка (усе іншыя – паэты) за сем год існавання прэміі.

2. Тацяна Нядбай мае рознабаковы досвед як літаратарка і як асоба. У 2006 годзе, за ўдзел у мітынгах пратэсту на “плошчы Каліноўскага”, Тацяна трапіла за краты. Дзе правяла не доўга, але дастаткова, каб зразумець, што за свае перакананні даводзіцца плаціць. Некалькі год пасля яна пражыла за мяжой, у Польшчы. Якраз столькі, каб зразумець, што найлепей на радзіме, і знайсці спосаб сюды вярнуцца. Думаю, што палачанка Тацяна Нядбай аднолькава добра зразумее інтарэсы пісьменнікаў-менчукоў і літаратараў-правінцыялаў, грамадзян Беларусі і нашых пісьменнікаў замежжа, пачаткоўцаў і мэтраў, “патрыётаў” і “лібералаў”, і з усімі здольная знайсці агульную мову. Апошнія гады даводзілася чуць дакоры, што наш ПЭН з большай ахвотай займаецца літаратурна-арганізатарскай дзейнасцю, чым справамі абароны пісьменніцкіх і чалавечых правоў калег-літаратараў. Веру, што Тацяна здольная гэты прыкры “крэн” пераадолець. Але не за кошт адмаўлення ад арганізатарскай працы.

3. Бо Тацяна Нядбай – таленавітая (і галоўнае, вельмі адказная) арганізатарка. Летась, калі была заснаваная прэмія імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў, яна на грамадскіх пачатках зрабілася яе куратаркай і “цягнула” ўсю арганізацыйную працу. Сёлета, калі заснаваная прэмія імя Наталлі Арсенневай для паэтаў, – здагадайцеся, хто яе арганізоўвае? (Правільны адказ – Тацяна Нядбай.) Лішне нагадваць, з якім энтузіязмам яна апошнія месяцы займалася краўдфандынгам кнігі “Тэорыі літаратуры” – і дабілася бліскучых вынікаў. Ну, і хто лепш за яе здольны, на вашу думку, арганізоўваюць працу Беларускага ПЭН-цэнтру?

4. У апошнія гады адносна слабым месцам нашай арганізацыі мне бачацца кантакты з прэсай. Журналісты, мякка выражаючыся, пішуць дзіўныя рэчы пра пэнаўскую дзейнасць, але й пісьменнікі-пэнаўцы крыўдуюць на іх, як малыя дзеці, скіроўваючы розныя скаргі ў БАЖ. Некаторыя, хто без граху, падпісваў і аўтар гэтых словаў. Хочацца верыць, што пры ТН, якая апошнія гады працавала ў Прэс-Клубе, гэтая справа наладзіцца. З аднаго боку, знікнуць недарэчныя хібы ў нашых прэс-рэлізах. З іншага, і журналісты зацікавяцца не толькі скандаламі, але й сутнасцю справы, пачнуць пісаць аб’ектыўна – і будзе ім шчасце.

5. Тацяна Нядбай – дастаткова маладая, каб не спаць на лаўрах, а весці актыўную працу. Ёй усяго 35. Але яна – і дастаткова сталая, каб не прымаць неабдуманых рашэнняў. Ёй ужо 35. Столькі, колькі было мне, грэшнаму, калі ў 2008 годзе ўзначальваў ПЭН. Столькі, колькі заўсёды лічылася сярэдзінай жыцця і яго росквітам. Не выпадкова, што Дантэ пачаў з гэтага веку шлях героя сваёй “Боскай камедыі”. Бо далей, як бачна на маім прыкладзе, чалавек толькі коціцца па нахіленай плоскасці.

6. Не асабліва люблю гендэрныя спекуляцыі, але кіраўніцы-жанчыны ў нашым ПЭНе яшчэ не было. Па-мойму, варта паспрабаваць.

7. І апошняе – бадай, самае галоўнае. У адрозненне ад шмат каго, Тацяна Нядбай кіруецца не тым, што можа атрымаць ад сваёй пасады старшыні. (Пасада, зноў паўтараю, хоць ніхто мне й не верыць, застаецца цалкам грамадскай.) А толькі і толькі тым, якую канкрэтную карысць зможа прынесці на гэтай грамадскай пасадзе яна сама. Па-мойму, ХХІ стагоддзе – час для маладых энергічных кіраўнікоў (або кіраўніц), здольных працаваць у камандзе, актыўнай часткай якой яны самі ёсць.

Поделиться ссылкой: