Сімвал акупацыі

Музей ахвяраў генацыду — афіцыйная назва ўстановы – знаходзіцца па адрасе Аўку, 2А. Сярод мясцовых жыхароў і ў некаторых даведніках часцей значыцца як музей КДБ.

Гэтаму будынку ў цэнтры горада больш за сто гадоў. Першапачаткова тут размяшчаўся Палац правасуддзя Віленскай губерні Расійскай імперыі, трыбунал Літоўскай Савецкай рэспублікі, польскі суд, кіраванне НКУС, нямецкае гестапа, а да 1991 года ізноў знаходзіліся савецкія спецслужбы.

Для літоўцаў гэты будынак з’яўляецца сімвалам 50-гадовай савецкай акупацыі. Музей быў адкрыты па ўказанні кіраўніцтва ўжо незалежнай Літоўскай Рэспублікі ў кастрычніку 1992 года.

Адной з задач стваральнікі музея называюць захаванне памяці пра ахвяраў камуністычнага тэрору, а таксама змагароў за незалежнасць Літвы. У музеі падкрэсліваюць, што далучэнне краін Балтыі да СССР было выключна акупацыяй.

На паверхах былога КДБ знаходзяцца экспазіцыйныя залы, а ў былых кабінетах чэкістаў цяпер захоўваюцца рэдкія дакументы, фатаграфіі, рэчы асуджаных і іншыя прадметы таго часу. Напрыклад, першы паверх распавядае наведвальнікам пра Літву ў перыяд 1940-1941 гадоў, калі мясцовае насельніцтва спрабавала прадухіліць насаджэнне камуністычнага рэжыму. Таксама можна ўбачыць лісты, зброю, адзенне і іншыя прадметы побыту «лясных братоў» — партызан, якія змагаліся супраць камуністаў з 1944 па 1953 гады.

Музей савецкіх рэпрэсій – ці не будзе сорамна за маўчанне?

Музей савецкіх рэпрэсій – ці не будзе сорамна за маўчанне?

– У музей прыходзіць вельмі шмат людзей, – кажа мясцовы экскурсавод. – Вы прыйшлі ў будні дзень, таму не так шмат наведвальнікаў. На выходных у касу чарга. За некалькі дзён на продажы квіткоў можам зарабіць больш за тысячу еўра. Турысты прыязджаюць з Амерыкі, Іспаніі, Аўстрыі, Італіі, Нарвегіі і іншых краін.

Другая зала музея распавядае пра чарговую (пасляваенную) акупацыю Літвы, дэпартацыю мясцовага насельніцтва ў савецкія лагеры, грамадзянскі супраціў. На стэндах прадстаўлена адзенне зняволеных, кнігі, асабістыя рэчы і іншыя прадметы, якія апісваюць жыццё людзей у няволі.

Музей савецкіх рэпрэсій – ці не будзе сорамна за маўчанне?

Вязнііды

Усяго ў музеі больш за 100 тысяч экспанатаў. Некаторыя дакументы і фатаграфіі стваральнікі экпазіцыі адшукалі ў архівах, іншыя рэчы перадавалі людзі, якім удалося выжыць падчас рэпрэсій. Напрыклад, арыгінальны квіток на цягнік Іркуцк-Масква аддаў адзін з літоўцаў, які вярнуўся з савецкага лагера.

У першыя гады пасля адкрыцця музея гідамі працавалі людзі, якія пабывалі ў засценках КДБ, таму іх апавяданні былі максімальна рэалістычныя.

Дарэчы, некалькі аддзелаў музея паказваюць побыт і працу чэкістаў. Захаваліся газеты, запісныя кніжкі, абсталяванне, з дапамогай якога спецслужбы праслухоўвалі мясцовае насельніцтва.

– У першую чаргу чэкісты праслухоўвалі былых дзеячаў незалежнай Літвы, – расказваюць супрацоўнікі музея. – Тых, хто вярнуўся з высылкі, святароў і іншых. На асаблівым кантролі былі замежныя турысты, за якімі сачылі і праслухоўвалі ва ўстановах, гасцініцах, рэстаранах, цягніках…

Для рускамоўных наведвальнікаў (і наогул для зручнасці) у музеі таксама прадугледжаны аўдыягід, які падрабязна распавядае пра савецкую акупацыю Літвы.

Ёсць у музеі КДБ і, напэўна, самае жудаснае памяшканне: склеп будынка, дзе размяшчалася ўнутраная турма. Сёння гэта месца выглядае так, як у 1991 годзе яго пакінулі супрацоўнікі КДБ. Менавіта там чэкісты катавалі і расстрэльвалі няўгодных савецкаму рэжыму людзей.

Зараз турысты з усяго свету могуць убачыць камеры, карцар, памяшканне аховы, расстрэльны пакой. Цяпер там стаіць тэлевізар, з якога паказваюць фільм, як прысуды прыводзілі ў выкананне.

На сцяне дагэтуль захаваліся сляды ад куль.

– Вы знаходзіцеся ў пачатку калідора, – тлумачыць аўдыягід. – Перад тым як трапіць у камеру, чалавека зачынялі ў бокс плошчай у палову квадратнага метра. Арыштаванага трымалі тут, пакуль афіцэр правяраў і афармляў дакументы. Потым ішоў ператрус, дзе ў чалавека забіралі практычна ўсё: шнуркі, рэмень, гадзіннік, зразалі металічныя гузікі – каб у вязня не заставалася магчымасці надрапаць інфармацыю пра сябе або ўчыніць самагубства.

Музей савецкіх рэпрэсій – ці не будзе сорамна за маўчанне?

Супрацоўнікі музея ў Вільні тлумачаць, што пасля вайны ў літоўскім КДБ працавалі толькі рускія, бо даверу мясцоваму насельніцтву не было. Але ўжо пасля 1960-х гадоў на службу ў органы сталі прымаць і літоўцаў.

У наступным годзе Музей ахвяр генацыду будзе перайменаваны. Грамадскасць Літвы лічыць, што сённяшняя назва не адпавядае зместу экспазіцыі, бо асобныя дзеянні савецкай улады нельга назваць генацыдам. Плануецца, што ўстанову назавуць — Музей акупацыі і барацьбы за свабоду.

Квіток у музей каштуе 4 еўра (аўдыягід і фотаздымка за дадатковую плату). Школьнікам і студэнтам прадугледжаны скідкі або зусім бясплатнае наведванне. Паводле слоў спецыялістаў музейнага комплексу, на экскурсіі ў асноўным прыводзяць навучэнцаў 7-9 класаў.

КАМЕНТАР ЭКСПЕРТА

«Ці не будзе нам сорамна за маўчанне?»

Чаму аналагічнага музея дагэтуль няма ў Беларусі? І чым для нас можа абярнуцца замоўчванне тэмы савецкіх рэпрэсій?

На гэтыя пытаннні «Народнай Волі» адказаў гісторык, даследчык савецкіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў.

– З пункту гледжання любой краіны, якая прайшла такія выпрабаванні як мы (рэпрэсіі, вайна), павінен быць не толькі музей Вялікай Айчыннай вайны, але і музей наступстваў палітыкі савецкай улады, – адказаў Ігар Мікалаевіч. – У назве такой установы можна нават пайсці на кампраміс, галоўнае каб адпавядаў змест.

Музей савецкіх рэпрэсій – ці не будзе сорамна за маўчанне?

Чаму музея няма сёння? У нашым грамадстве адны баяцца, другія кажуць «рана», а трэція – «позна». Напрыклад, Расія ішла аналагічным шляхам, але сёння Музей ГУЛАГа там ёсць, Музей Сахарава таксама. 30 кастрычніка ў Маскве адкрылі мемарыял памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. І прыклады можна працягваць…

У нас нічога няма па гэтым перыядзе, і тэму абмінаюць. Музейныя работнікі тлумачаць, маўляў, калі зробім экспазіцыю, заўтра працаваць не будзем. Нават калі грамадская думка не гатова, то такая ўстанова павінна існаваць для гісторыкаў, спецыялістаў, выкладчыкаў. Цяпер кажуць, што няма плошчы для такога праекта, але для гандлёвых цэнтраў – ёсць!? Сёння думаюць, што рабіць з Пішчалаўскім замкам? Скажу так: лепшага месца для стварэння музея няма (хай нават не ўвесь замак, а хаця б тры пакоі). Улічваючы, што гісторыя Пішчалаўскага замка цесна звязана з перыядам савецкіх рэпрэсій.

Не трэба апеляваць да ніякай грамадскай думкі, таму што ў нас гэтая тэма ў забыцці знаходзіцца 23 гады. На фоне таго што ўсе гэтыя гады адбываецца з тэмай савецкіх рэпрэсій у Прыбалтыцы, Украіне і пасля адкрыцця мемарыяла ў Маскве, у Беларусі час паставіць кропку. Або ўлада павінна сказаць: «Мы з’яўляемся прадаўжальнікамі савецкай спадчыны, таму нічога зроблена не будзе». Трэба вызначыцца.

– Літоўцы адны з першых змаглі пераасэнсаваць савецкае мінулае…

– Звярніце ўвагу, што краіны Балтыі ўвайшлі ў СССР у 1940 годзе, калі асноўны пік рэпрэсій выпаў на 1937-1938 гады. І першае, што зрабілі літоўцы, – звярнуліся менавіта да гэтай памяці, бо пачуццё віны, што не змаглі супрацьстаяць савецкай акупацыі, прысутнічае не толькі на дзяржаўным узроўні, але і ў сэрцы практычна кожнага літоўца. У нас гэтага пачуцця няма, хоць страты ў разы больш, але мы робім выгляд, што лепш прамаўчаць.

Але ці не будзе нам потым сорамна перад дзецьмі і ўнукамі за такое маўчанне? Сіндром 1937 году для Беларусі, на жаль, не прайшоў, а па некаторых напрамках нават узмацняецца.