Блогер Андрэй Павук, вядомы як стваральнік кліпа “Я из деревни” і суполкі ў сацыяльных сетках «Рудабельская паказуха», 5 лістапада правёў адзіночны пікет з прызнаннем у каханні да сваёй жонкі: ён стаяў у цэнтры горада з плакатам «Я люблю тебя, Оля Паук!».

Каб правесці акцыю, блогер запытваў дазвол у мясцовага выканкама — каб, паводле яго слоў, засцерагчыся ад пакарання за несанкцыянаваны пікет. З гарвыканкама прыйшоў адказ, што «публічнае прызнанне ў каханні да жонкі не адпавядае прыкметам, якія характарызуюць масавае мерапрыемства».

Раней Андрэй Павук правёў у пасёлку Акцябрскі адзіночны пікет — стаяў з плакатам «Дайце Павуку працу!», за што быў прызнаны вінаватым у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аштрафаваны. Блогер задаецца пытаннем, чаму плакат з просьбай аб працаўладкаванні падпаў пад вызначэннем “масавага мерапрыемства”.

«З вызначэннем паняцця «пікет» у нас вялікія праблемы, таму што яго можна вольна трактаваць. І мае дзеянні можна трактаваць і як масавае мерапрыемства, і як адзіночны пікет — у гэтым супярэчнасць. Напэўна, гэта на меркаванне чыноўнікаў. Мэта сённяшняга пікета — каб гэта атрымала масавасць, каб людзі масава выходзілі і прызнаваліся ў каханні. Збярэмся разам: чалавек дзесяць, дваццаць, сто — трэба карыстацца гэтым, пакуль не забаронена, бо каханне перамагае, вызваляе, аб’ядноўвае, ратуе свет!» — пракаментаваў Андрэй павук сваю акцыю БелаПАНу.

Ён дадаў, што таксама мэта пікета — «паказаць маразм таго, што адбываецца ў Беларусі, калі для выказвання асабістых пачуццяў трэба пытаць дазвол у чыноўнікаў». «Калі я прашу дапамогі аб працаўладкаванні, як гэта было ў Акцябрскім, мне не дазваляюць публічна пра гэту праблему заяўляць, не дазваляюць публічна выказваць свае асабістыя перажыванні з-за адсутнасці працы. Але кахаць ці не кахаць можна пакуль без дазволу. Я хачу зразумець, у чым логіка», — дадаў блогер.