З 2000-ага года “Ахова птушак Бацькаўшчыны” праводзіць кампанію «Птушка года» з мэтай прыцягнуць увагу да праблем выжывання некторых відаў птушак. На гэты год АПБ абрала яркую прывабную птушку, арэал якой скарачаецца праз гаспадарчую дзейнасць чалавека.

“Апошнія гады ўсё больш востра стаіць праблема моцнай і часткова неабгрунтаванай абрэзкі многіх дрэў, калі ад дрэва застаецца адзін ствол-слупок. Яшчэ вялікая праблема — поўная высечка дрэў і кустоўя, зялёных зон для гарадской забудовы, для пракладкі камунікацый і па іншых прычынах. З-за гэтага прыдатныя мясціны для гнездавання шчыглоў, ды і іншых відаў птушак, скарачаюцца. Акрамя таго, шчыглы харчуюцца насеннем пустазелля, асабліва ў зімовы час. Выкошванне пустэч пакідае іх галоднымі ўзімку», — расказаў спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы.

Плануецца выпуск манеты і маркі з выявай птушкі года, у межах кампаніі “Птушка года” адбудуцца асветніцка-экалагічныя акцыі. У 2017-ым годзе шчыгол стаў сімвалам Кармянскага раёна, што на Гомельшчыне.

Некалькі цікавых фактаў пра шчыглоў:

  • Шчыглы выбіраюць для гнездавання зялёныя пасадкі населеных пунктаў, у тым ліку прыдарожныя палосы, паркі, скверы. Гнёзды знаходзяцца глыбока ў гушчы галінак.
  • Шчыглы непералётныя, таму прасцей іх пабачыць позняй восенню і зімой, асабліва ў зарасніках чартапалоху – шчыглы харчуюцца насеннем пустазелля.
  • Самкі і самцы шчыглоў аднаго памеру; найбольш яркія прыкметы – белае падхвосце, жоўтыя палоскі на крылах і чырвоная пляма вакол дзюбы.
  • Паволе сярэдневяковай легенды, чырвоная плямка на пярэдняй частцы галавы шчыгла – гэта кроў Хрыста, якая капнула на птушку, калі яна выцягвала шып з цярновага вянка.
  • Вядомая кніга “Шчыгол” Донны Тарт у 2014-ым годзе атрымала ўзнагароду Пуліцэра ў жанры мастацкай літаратуры; сюжэт кнігі будуецца вакол зніклага шэдэўра жывапісу – карціны “Шчыгол” галандскага мастака Карэла Фабрыцыуса.