2 лістапада пінскі паэт Андрэй Скарынкін наведаў Гродна. Ён не толькі чытаў уласныя вершы, але і распавёў колькі фактаў са свайго цікавага, насычанага рознымі падзеямі жыцця, водгукам на якія стала творчасць: “Мастак найбольш гучыць з пакутаў. Калі ў яго з’яўляюцца моцныя творы, то гэта ад таго, чаго яму не хапае ў гэтым жыцці”.

“Я ніколі не думаў быць паэтам, — распавядае Андрэй. — Я хацеў звязаць жыццё з музыкай ці са спортам. У мяне атрымоўвалася і тое, і другое. І раптам літаратура, раптам паэзія…”

Хакей, паэзія, Курган: як быць паэтам, калі ты нашчадак Купалы
На сустрэчы ў Гародні

У 1980-я гады Анрэй Скарынкін актыўна займаўся хакеем, гуляў разам з Алегам Касціцыным, бацькам вядомых беларускіх хакеістаў Андрэя і Сяргея, у наваполацкім “Хіміку”. Любіў спяваць, і так сталася, што на адной з сустрэч яго папрасілі пад баян праспяваць песню “Белый аист летит”, пасля выканання якой за ім замацавалася мянушка “Белы бусел”.

На сёння Андрэй Скарынкін выдаў чатыры альбомы з музычнымі творамі. У 2010 годзе ён праз 100 гадоў пасля напісання сваім продкам, Янкам Купалам, паставіў рок-оперу “Курган” на Дзень беларускага пісьменства ў Хойніках: “Калі мы першы раз рабілі “Курган” у Хойніках, гэта сем гадоў таму назад, мне патэлефанавала галоўны рэжысёр свята… і спытала: “А хто ўступ напісаў?”. Я кажу: “Пазняк”. ­– “Які Пазняк?” Я ж адказваю “Святаслаў… А вы што маеце на ўвазе: музыку ці вершы?”. –  “Вершы”. –  “Янка Купала”.

На жаль, рок-опера была вельмі крытычна ўспрынятая, нават пры той умове, што Андрэй Скарынкін ставіў яе за ўласны кошт: “Я ўжо сваё адспяваў. Апошняя мая лебядзіная песня была на свяце беларускага пісьменства. За рок-оперу “Курган” мяне жывым закапалі. Таму лепш не спяваць. Як толькі пачынаю спяваць, адразу нейкія праблемы ўзнікаюць.”

Хакей, паэзія, Курган: як быць паэтам, калі ты нашчадак Купалы

Пра свае планы на будучыню Андрэй Скарынкін спакойна адказвае: “Я магу нешта меркаваць, але ўсё роўна будзе так, як запланавана там, вышэй. Я магу прадчуваць, але будаваць планы ці размовы не варта. Трэба шукаць іншы шлях. І вам жадаю гэтага. Таму што калі ляжыш на бальнічнай койцы, ты гэта вельмі выразна разумееш. Інакш ты гэтага не адчуваеш. Мы правялі дзве тысячы гадоў як тыя школьнікі, якія яшчэ нават не пачалі вучыцца, не пачалі жыць”.