У варштаце ўдзельнічалі кіраўнік беларускага Цэнтру падтрымкі бежанцаў, кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі ў 2010 года Алесь Міхалевіч, сузаснавальніца арганізацыі Human Constanta, эксперт па пытаннях бежанцаў Наста Лойка, даследчык мовы варожасці ў СМІ Раман Стэфаненка (грамадская ініцыятыва “Журналісты за талерантнасць”), а таксама сябры Рады ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, якія штодзённа працуюць з медыйнай праблематыкай Андрусь Клікуноў і Барыс Гарэцкі.

Алесь Міхалевіч прывёў прыклад з жыцця ўласнай сям’і: “Асабіста кожны з нас не чакае, што яму прыйдзецца стаць бежанцам. Большасць людзей пра гэта нават не задумваецца, бо з якой гэта бухты барахты і апынішся ў бежанцах… Мая бабуля прыехала ў 1922 годзе ў Беларусь, калі ва Украіне быў першы галадамор, калі бальшавікі рабілі харчразвёрстку на самых шчыльных тэрыторыях Украіны. І яны з’ехалі, проста ўцяклі адтуль – гэта сённяшняя мяжа Днепрапятроўскай і Херсонскай абласцей. Ехалі на поўнач і прыехалі ў першую вёску Гомельскай вобласці, і папрасілі ў першай хаце паесці чаго-небудзь. І ім у першай хаце адвалілі 10 бульбін… І яны падумалі: Вось яно – грамадства ўсеагульнага дабрабыту”.

Расказваючы пра ўцёкі з Беларусі пасля арышту ў 2010 годзе, Алесь Міхалевіч адзначыў, што яго “бежанскі” досвед паказаў гэтую праблему з іншага боку: “Калі я атрымліваў прытулак, я бачыў розных людзей, якія просяць гэты статус. Зразумела, што большасць людзей – гэта эканамічныя мігранты, яны едуць перш за ўсё з-за нейкіх эканамічных матывацыяў, але што для мяне вельмі важна… зрабіць так, каб адмаўляючы ўсім гэтым эканамічным эмігрантам, мы разам з імі не выкінулі тых, каму рэальна ў сваёй краіне шмат чаго пагражае”.

Наста Лойка прывяла статыстыку, звязаную з бежанцамі: у свеце зараз налічваецца 244 млн эмігрантаў, з якіх 65 млн. чалавек вымушаны з’ехаць з-за войнаў, экалагічных катастроф і грубых парушэння правоў чалавека. Пры гэтым яна адзначае маніпуляцыю лічбамі, якая выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Напрыклад, паказваючы праблему міграцыйнага крызіса ў ЕС з-за канфлікта ў Сірыіі:

“Не ўсе яны бягуць у Еўропу. Толькі 5 % сірыйскіх бежанцаў імкнуцца патрапіць у ЕС. Астатнія 95% размеркаваныя па суседніх краінах. Турцыя прыняла 3 млн бежанцаў, Лівія прыняла 1 млн бежанцаў, хоць яе насельніцтва ўсяго 4,6 млн чалавек… Сама праблема трошкі раздзьмутая”.

Алесь Міхалевіч: Ніхто не чакае, што прыйдзецца стаць бежанцам…
Наста Лойка распавядае пра бежанцаў у Беларусі

Што датычыць Беларусі, то ў нашым заканадаўстве нават няма вызначэння – хто такія бежанцы: “Калі кажам пра вымушаную міграцыю, ёсць  статыстыка тых, хто звяртаецца па міжнародную абарону да Беларусі. За 2016 год па такую абарону звярнулася 788 чалавек. Гэта на трэць менш, чым за мінулы год. З іх 637 чалавек з Украіны, таксама грамадзяне з Афаністана, Пакістана, Ірака, Ірана, Сірыі. Колькі з гэтых людзей атрымліваюць абарону ад Беларусі? Калі мы кажам пра статус бежанца, то яго атрымоўваюць толькі 0,4%, але іншыя формы абароны (дадатковую, часовую) атрымліваюць 70%… Па колькасці людзей, якія афіцыйна лічацца бежанцамі: на чэрвень 2017 года – 930 чалавек. З іх 628 чалавек з Афганістана, 36 чалавек з Грузіі, 36 з Сірыі, 32 з Таджыкістана”.