Дарэчы, на пачатку 2000-х на Авяр’янава таксама была заведзена крымінальная справа, і на час следства бізнесмен таксама з’ехаў у Германію, дзе каля двух год і знаходзіўся. Калі хмары над яго галавой разышліся, алігарх спакойна вярнуўся дадому. А за той час, што ён знаходзіўся за мяжой, атрымаў від на жыхарства ў Германіі, куды і падаўся ў чарговы раз па старой сцяжынцы.

Каля года таму бізнесмен спрабаваў праз сваю жонку, якая часам прыязджае ў беларускую сталіцу, прадаць свой дом пад Мінскам, які нагадвае самы сапраўдны палац. Паводле чутак, Авяр’янаў хацеў атрымаць за яго аж 2 мільёны долараў!

“Дом ужо не прадаецца”, – паведаміў мне мужчына, які апошнім часам даглядаў за нерухомасцю.

– Наколькі мне вядома, гэтая маёмасць знаходзіцца пад арыштам, – распавёў мне чалавек, які добра ведае алігарха. – Ідзе следства, ёсць крымінальная справа, а Авяр’янаў, напэўна, думае перачакаць непрыемную гісторыю за мяжой. Зрэшты, я валодаю інфармацыяй, што беларускія праваахоўныя органы падаюць запыт на экстрадыцыю бізнесмена.

– Але ж у яго ёсць від на жыхарства ў Германіі…

– Немцы – законапаслухмяныя людзі, яны супрацоўнічаюць з Інтэрполам. Таму, калі бачаць у справе склад злачынства, адпраўляюць такіх людзей на радзіму. Але пакуль Юрый Авяр’янаў жыве ў Берліне, быццам бы купіў там кватэру.