«На сённяшні дзень дзяржсектар, які патрабуе пастаянных датацый, з’яўляецца галоўнай пагрозай для макраэканамічнай стабільнасці і тормазам для развіцця прыватнага сектара», — лічыць Данейка.

Калі Беларусь хоча ўстойліва развівацца, неабходна праводзіць рэструктурызацыю або прыватызацыю дзяржкампаній, дадаў ён.

«Прыватызацыя — справа, вядома, складаная. Мы ведаем і венгерскую, і рускую прыватызацыю, і абедзве, на мой погляд, няўдалыя. Прыватызацыю трэба ўмець праводзіць. Безумоўна, гэта складанае палітычнае пытанне, і рашэнне па ім складана прыняць, але я ўпэўнены ў тым, што прыватызацыя непазбежна адбудзецца», — сказаў Данейка.

У сваю чаргу старшы эканаміст Сусветнага банка ў Беларусі і ва Украіне Карліс Смітс адзначыў, што важная не толькі прыватызацыя, але і павышэнне эфектыўнасці сістэмы кіравання дзяржсектарам. Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу на тое, што дзяржпрадпрыемствы цяпер кіруюцца мноствам міністэрстваў і канцэрнамі на розных прынцыпах.

«Мае сэнс перадаць дзяржпрадпрыемствы пад кіраванне адзінай структуры, якая будзе займацца павышэннем іх эфектыўнасці», — сказаў Смітс.

Пытанне аб павышэнні эфектыўнасці працы дзяржаўнага сектара Беларусі з’яўляецца цэнтральным у перамовах паміж беларускімі ўладамі і прадстаўнікамі міжнародных фінансавых арганізацый, у якіх урад просіць новыя крэдыты.

У прыватнасці эксперты Міжнароднага валютнага фонду рэкамендуюць беларускім уладам у мэтах павышэння эфектыўнасці перадаць дзяржпрадпрыемствы ад міністэрстваў і канцэрнаў пад кіраванне адзінай структуры.

Між тым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёлета падчас штогадовага паслання ў парламенце, што Беларусь пакуль не гатовая прыняць рэкамендацыі МВФ адносна рэфармавання дзяржсектара. «Па дзяржпрадпрыемствах. Не, гэта мы не зможам сёння зрабіць. Не таму, што гэта няправільна. Таму, што нам пакуль гэта не падыходзіць. Нам трэба разабрацца спачатку з гэтымі прадпрыемствамі», — падкрэсліў Лукашэнка.