
Дзяды (укр. Діди, літ. Ilgės, поль. Dziady – старажытнае свята памяці продкаў, якое бярэ свой пачатак з язычніцкай традыцыі і якую потым адаптавала хрысціянства. У беларусаў ёсць некалькі дзён у годзе, прысвечаных памінанню продкаў, і бадай, Дзяды – самы старажытны і ўрачысты. Праваслаўныя адзначаюць Дзяды праз тры тыдні пасля Пакроваў, на першым тыдні лістапада, каталікі – 2-га лістапада.
У прадмове да аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча, Дзяды тлумачацца наступным чынам:
“Гэта найменне абрадавай урачыстасцi, што да гэтае пары спраўляецца сярод людзей паспалiтых у шэрагу паветаў Лiтвы, Прусii, Курляндыi ў памяць дзядоў, цi ў агульнасцi памерлых продкаў. Урачыстасць тая сваiм пачатакам сягае часоў паганства i калiсьцi звалася «свята казла», на якiм вёў рэй Koźlarz (Козьляж), Huslar (Гусьляр), Guślarz (Ґусьляж), адначасова i валхвец i паэта (gęślarz).
У наш час, таму што асвечанае духавенства i ўлады намагаюцца выкаранiць гэты звычай, звязаны з забабоннымi абрадамi, якiя часцяком здаюцца заганнымi, — паспалiцтва тайна спраўляе Дзяды ў каплiцах альбо пустых дамох паблiзу могiлак. Там ставiцца пачастунак з разнастайных страваў, напояў, фруктаў, i выклiкаюцца душы нябожчыкаў. Варта ўвагi, што звычай участавання памерлых меўся ўва ўсiх паганцаў, у старажытнай Грэцыi за гамэраўскiмi часамi,
у Скандынавii, на Усходзе i да сёння на выспах Новага Свету. Нашы Дзяды маюць тую асаблiвасць, што паганскiя абрады памяшаныя з усведамленнямi хрысцiянскай рэлiгii i, галоўным чынам, з Задушкамi — днём памiнання памерлых, якi амаль супадае па часе з Дзядамi. Паспалiцтва верыць, быццам пачастункамi, напоямі i спевамi прыносiць палёгку душам, што томяцца ў чысцы.”
Што робяць на Дзяды?
Лічылася, што на Дзяды душы продкаў спускаюцца на зямлю, каб паглядзець, як нашчадкі клапоцяцца пра пакінутую імі спадчыну. Памінальны характар свята патрабаваў ад людзей строгіх паводзін, накладаў абмежаванні на забавы.
Дзядам трэба было ўсяляк дагаджаць, бо яны сумуюць па жывых, жадаюць сваякам дабра і засмучаюцца пра растанне.
Самае асноўнае, што варта зрабіць на Дзяды – наведацца на могілкі сваіх памерлых продкаў – прыбрацца і пакінуць нейкія пачастункі.
Важнае месца на Дзяды займае памінальны стол, за які запрашаюць продкаў. Па традыцыі, стол павінен быць добрым – каб продкі былі задаволеныя пачастункам. Таксама, ставілі спецыяльныя “дзядоўскія” міску і чарку, куды ўсе прысутныя адкладалі ежу і напоі. На гэты вечар за сталом прынята размаўляць выключна пра продкаў, іх жыццё і тыя парады, што яны казалі пры жыцці. Гэта рабілі яшчэ і таму, бо лічылася, што ў гэты вечар дзяды сядзяць побач і ўсё чуюць.
Стравы на Дзяды
Традыцыя колькасці ежы на стале, а таксама дапушчальнай лічбы з’едзенай і выпітай ежы ў кожным рэгіёне свая. Але традыцыйна гатавалі наступныя абрадавыя прысмакі:
- Куцця – самая галоўная абрадавая страва, якую рабілі на дзяды. Менавіта яе лічылі галоўным сродкам камунікацыі з продкамі. І не толькі на Дзяды! Сама страва з сябе ўяўляе кашу з ячных крупаў.
- Канун – таксама абрадавая страва. Гэта разбаўлены з вадой мёд, куды крошаць спецыяльна спечаны мучны выраб (булка, абаранак, прэсны корж). Па традыцыі, з кануна пачынаюцца любыя памінкі.
- Сыта – разбаўленая мёдам вада. З яго не толькі рабілі канун, але і часам ўжывалі як самастойны напой.
Таксама на дзядоўскім стале можна было пабачыць: верашчаку, крупнік, смажанае мяса, клёцкі, бліны, вараную бульбу і г.д.
Дзяды сёння
Сёння Дзяды маюць не толькі традыцыйна-абрадавы, але і важны палітычны сэнс. Менавіта гэты дзень сабраў у часы Перабудовы (1988 год) агромісты мітынг, які паказаў найвышэйшую кропку тагачаснага руху за незалежнасць у Беларусі. Сёння – гэта традыцыйнае шэсце, якое штогод ладзіць КХП-БНФ – у гэтым годзе акцыя запланавана на 5 лістапада.
Учора ж, падчас імшы мітрапаліт Тодар Кандрусевіч прапанаваў адзначыць Дзяды як нацыянальнае свята выходным днём – нароўні з Радуніцай.