Аб гэтым паведаміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур, адказваючы на пытанні БелаПАН у Мінску 2 лістапада ў кулуарах «Кастрычніцкага эканамічнага форуму» (KEF).

«Цэнавая стабільнасць — асноўная мэта Нацбанка, і гэта сёлета ўжо вызначана ў Статуце цэнтральнага банка. Мы будзем ісці да прымянення манетарнай палітыкі, якая называецца інфляцыйнае таргетаванне», — сказаў Павел Калаур.

Ён звярнуў увагу, што на гэту пяцігодку на дзяржаўным узроўні пастаўлена задача па зніжэнні інфляцыі да 5% у 2020 годзе.

«Што да пераходу ад рэжыму манетарнага да інфляцыйнага таргетавання, то гэты працэс будзе мець паступовы характар. У 2018 годзе, пакідаючы шырокую грашовую масу ў якасці прамежкавага арыенціру грашова-крэдытнай палітыкі, мы мяняем аперацыйную мэту грашова-крэдытнай палітыкі, гэта значыць замест кантролю над грашовай базай мы будзем кантраляваць працэнтныя стаўкі на грашовым рынку», — паведаміў Павел Калаур.

Адказваючы на пытанне аб канкрэтных тэрмінах пераходу на рэжым інфляцыйнага таргетавання, ён выказаў надзею, што «да 2020 года, калі ў нас будзе інфляцыя на ўзроўні 5%, у нас будзе менавіта гэты рэжым манетарнай палітыкі».

Гаворачы аб іншых задачах Нацбанка, ён адзначыў, што рэгулятар будзе працягваць займацца пытаннямі фінансавай стабільнасці. «У аснове фінансавай стабільнасці ляжыць эканамічны дабрабыт нашых прадпрыемстваў і ў гэтым кірунку трэба вялікая праца з урадам для павышэння эфектыўнасці работы нашых суб’ектаў гаспадарання ў найбліжэйшай будучыні», — паведаміў Павел Калаур.

У прыватнасці, ён адзначыў, што дадзенай работай неабходна займацца, бо ўстойлівасць працы прадпрыемстваў аказвае прамы ўплыў на стан дзяржаўных фінансаў. «Існуе праблема фіскальных рызык, яна заўсёды існавала, але тры гады таму мы пра яе не казалі. На гэты час мы зрабілі першапачатковыя ацэнкі велічыні фіскальных рызык. Для іх мінімізацыі неабходна правесці велізарную працу, як гэта ні банальна гучыць, па павышэнні эфектыўнасці дзяржаўных прадпрыемстваў», — падсумаваў Павел Калаур.

Паводле звестак БелаПАН, раней на фіскальныя рызыкі беларускім уладам указваў Міжнародны валютны фонд. На думку МВФ, ва ўмовах, калі фінансавае становішча шматлікіх дзяржпрадпрыемстваў у 2015—2016 гадах пагоршылася, істотна ўзраслі фіскальныя рызыкі (якія ўзнікаюць у бюджэтнай сферы ў сувязі з узаемадзеяннем дзяржавы з дзяржсектарам).

Эксперты валютнага фонду лічаць, што фіскальныя рызыкі могуць выяўляцца ў прамых выдатках для беларускага бюджэту ў сувязі з атрыманнем меншых дывідэндаў і падаткаў ад дзяржпрадпрыемстваў.

Акрамя гэтага, на думку валютнага фонду, рызыкі для бюджэту звязаныя з тым, што ва ўмовах пагаршэння фінансавага становішча дзяржпрадпрыемстваў могуць спатрэбіцца субсідыі на пакрыццё расходаў па стратных напрамках дзейнасці. Таксама валютны фонд бачыць фіскальныя рызыкі ў тым, што могуць спатрэбіцца дадатковыя бюджэтныя выдаткі на выкананне дзяржгарантый па крэдытах, раней выдадзеных дзяржпрадпрыемствам.

Паводле ацэнак Нацбанка, 18% крэдытнага партфеля беларускіх банкаў знаходзіцца пад гарантыямі ўрада і мясцовых органаў улады. Адпаведна, калі пазычальнікі не змогуць пагашаць узятыя даўгавыя абавязацельствы самастойна, выконваць іх неабходна будзе за кошт сродкаў бюджэту.