Заснавальнік і кіраўнік Беларускага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас, які на апошнім ХІІІ з’ездзе ТБМ быў абраны першым намеснікам старшыні Алены Анісім, адзначыў: “Мы не можам называць іх падручнікамі, бо падручнікі неабходна зацвярджаць у Міністэрстве адукацыі… Гэтыя кнігі перадусім нацэленыя на вучнёўскую аўдыторыю, прызначаныя для беларускай школы. І можна іх лічыць такімі альтэрнатыўнымі падручнікамі, дадатковымі падручнікамі, што ёсць абсалютна нармальнай з’явай у несавецкіх краінах. Бо ў школах Францыі, Германіі, Італіі  настаўнік ніколі не карыстаецца адным падручнікам… І акрамя таго, мы не зусім згодныя  з тым, як у нас вядзецца адукацыйная палітыка. З тым, што робіцца ў нас у школе”. Уладзімір Колас падкрэсліў, што галоўная мэта ТБМ у дадзеным накірунку – гэта  зрабіць беларускую адукацыю прэстыжнай: “Калі няма перспектывы, безумоўна, людзі простыя, якія праблемы не разумеюць, не адчуваюць яе, яны будуць скіроўвацца ў іншы бок. Дзеля чаго гэтая адукацыя на беларускай мове, калі, груба кажучы, медаліст з вясковай беларускай школы хоча паступіць ва ўніверсітэт, у яго, напрыклад, пытаюць “правило Буравчика”, а ён вучыў “правіла Свярдзёлка” – экзаменатар яго не разумее, а ён не разумее экзаменатара… Таму пытанне беларускага ўніверсітэта дагэтуль з’яўляецца вельмі актуальным. І зараз Таварыства беларускай мовы выступае ініцыятарам стварэння першага беларускага ўніверсітэта. Мы вельмі, спадзяваліся безумоўна, на ЕГУ. І калі гэтая надзея ўжо канчаткова памерла, мы вырашылі ініцыяваць гэтую справу. І ствараць беларускі ўніверсітэт. Ужо зроблены першыя крокі. Нам далі ў арэнду памяшканне з гарадскога жылога фонда,  менавіта гэта запісана ў рашэнне гарсавета, выдзеліць памяшканне для офіса… І такім чынам будзем паціху пачынаць”.

Пасля ўступу Уладзіміра Коласа у “Цэнтры гарадскога жыцця” адбылася прэзентацыя кніг: “Словы і вобразы” Лявон Баршчэўскі, якая на падставе аналізу канкрэтных твораў розных часоў і народаў разглядае найважнейшыя этапы станаўлення літаратуры і мастацтва – ад старажытнасці да канца эпохі Адраджэння. Гэта толькі першая частка з запланаваных чатырох. Алесь Лозка прадставіў дапаможнік “Беларускі фальклор”, які толькі дзень як выйшаў з друку, а Павел Церашковіч распавёў пра электронны дапаможнік “Глабальныя праблемы чалавецтва”.

На сёння па ініцыятыве ТБМ па-беларуску ўжо падрыхтавана 65 навучальных праграм і больш за два дзясяткі падручнікаў у розных галінах.

Чытайце таксама

Алег Трусаў: «Ніякіх разыходжанняў з Мілінкевічам у нас няма!»

Мінгарвыканкам зарэгістраваў офіс будучага ўніверсітэта «Альбарутэнія» з выкладаннем на беларускай мове